Пяснярцы роднага краю
17 студзеня, у дзень, калі ў далёкім 1893 годзе ў Віленскім рымска-каталіцкім касцёле Святога Якава хрысцілі будучую беларускую паэтэсу Канстанцыю Буйло, у гасцёўні народнага літаратурна-мастацкагак аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра культуры адбылася сустрэча-ўспамін “Пяснярка роднага краю” да 125-годдя з дня яе нараджэння. На мерапрыемства запрасілі навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.
На аформленым да юбілею слаўнай зямлячкі століку – яе партрэт, кнігі, іншыя матэрыялы па тэме жыцця і творчасці Канстанцыі Буйло. Канстанцыя Антонаўна ў маленстве і юнацтве жыла ў розных мясцінах Валожыншчыны, хадзіла гэтымі сцяжынамі, наталялася іх прыгажосцю і захацела знайсці вечны спачын у Вішневе. Менавіта тут яна напісала ўсім вядомы верш “Люблю”, які стаў песняй-гімнам роднаму краю; тут спаткалася з Уладзіславай Станкевіч (будучай жонкай Янкі Купалы), з якой шчары сябравала пасля ўсё жыццё. У Вішневе Канстанцыя спасцігала не толькі школьную навуку, але і навуку годна, з любоўю жыць у маці Уладкі – Эміліі Манэ, якая ў юнацтве прыехала сюды з Францыі, каб вучыць дзяцей графа Храптовіча.
Пра ўсё гэта і распавядалі юным ліцэістам кіраўнік і ўдзельнік “Руні” Валянціна Гіруць-Русакевіч і Аляксандр Кулак. Успаміны самой Канстанцыі Буйло агучыла Марыя Шакун, а ў выкананні маладых “рунеўцаў” гучалі цудоўныя вершы слыннай зямлячкі. Аздобілі сустрэчу песні “Мой родны кут..” (на сл.Я.Коласа) і, вядома ж, “Люблю” Канстанцыі Буйло, якія выканалі салісткі РЦК Вера Лявіцкая і Таццяна Рыснік; а таксама мультымедыйная прэзентацыя.
Завяршылася мерапрыемства “Гімнам Валожынскай зямлі”, які на словы ўдзельніка творчай суполкі валожынцаў Сяргея Маляўскага напісаў вядомы беларускі кампазітар Эдуард Зарыцкі.



















