Пяснярцы роднага краю

Пяснярцы роднага краю

17 студзеня, у дзень, калі ў далёкім 1893 годзе ў Віленскім рымска-каталіцкім касцёле Святога Якава хрысцілі будучую беларускую паэтэсу Канстанцыю Буйло, у гасцёўні народнага літаратурна-мастацкагак аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра культуры адбылася сустрэча-ўспамін “Пяснярка роднага краю” да 125-годдя з дня яе нараджэння. На мерапрыемства запрасілі навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

На аформленым да юбілею слаўнай зямлячкі століку – яе партрэт, кнігі, іншыя матэрыялы па тэме жыцця і творчасці Канстанцыі Буйло. Канстанцыя Антонаўна ў маленстве і юнацтве жыла ў розных мясцінах Валожыншчыны, хадзіла гэтымі сцяжынамі, наталялася іх прыгажосцю і захацела знайсці вечны спачын у Вішневе. Менавіта тут яна напісала ўсім вядомы верш “Люблю”, які стаў песняй-гімнам роднаму краю; тут спаткалася з Уладзіславай Станкевіч (будучай жонкай Янкі Купалы), з якой шчары сябравала пасля ўсё жыццё. У Вішневе Канстанцыя спасцігала не толькі школьную навуку, але і навуку годна, з любоўю жыць у маці Уладкі – Эміліі Манэ, якая ў юнацтве прыехала сюды з Францыі, каб вучыць дзяцей графа Храптовіча.

Пра ўсё гэта і распавядалі юным ліцэістам кіраўнік і ўдзельнік “Руні” Валянціна Гіруць-Русакевіч і Аляксандр Кулак. Успаміны самой Канстанцыі Буйло агучыла Марыя Шакун, а  ў выкананні маладых “рунеўцаў”  гучалі цудоўныя вершы слыннай зямлячкі. Аздобілі сустрэчу  песні “Мой родны кут..” (на сл.Я.Коласа) і, вядома ж, “Люблю” Канстанцыі Буйло, якія выканалі салісткі РЦК Вера Лявіцкая і Таццяна Рыснік; а таксама мультымедыйная прэзентацыя.

Завяршылася мерапрыемства “Гімнам Валожынскай зямлі”, які на словы ўдзельніка творчай суполкі валожынцаў Сяргея Маляўскага напісаў вядомы беларускі кампазітар Эдуард Зарыцкі.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.