Творы уздзенскіх паэтаў чытаюць у Падмаскоўі

Ужо каторы год працягваюцца добрасуседскія сяброўскія адносіны паміж гарадамі-пабрацімамі Узда і Шатура (муніцыпальны раён Маскоўскай вобласці). Штогод наладжваюцца абменныя візіты афіцыйных дэлегацый, у час якіх гасцей знаёмяць з эканамічнымі, гістарычнымі, культурнымі і іншымі адметнасцямі рэгіёнаў.

Адміністрацыяй гарадской акругі Шатура кожны год выдаецца літаратурны альманах “Сфера притяжения”, дзе змяшчаюцца творы аўтараў з гэтага падмаскоўнага краю, а апошнія пяць гадоў – і вершы, невялікія празаічныя творы сяброў з Балгарыі і Беларусі.

Уздзенскія творцы, якія пішуць на рускай мове, з задавальненнем прынялі прапанову шатурскіх калег дасылаць для альманаха найбольш адметныя творы. У першы год такой магчымасцю скарысталіся пяць паэтаў. Налета іх было больш. А ў альманаху за 2016 год змешчана ажно 17 аўтараў з наднёманскага краю! Прыкладу членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіны Нічыпаровіч, Віктара Сабалеўскага, Дзмітрыя Вінаградава, Таццяны Цехнебедзінай паследавалі і іншыя члены літаратурнага аб’яднання “Нёманец”: Тамара Каляда, Вера Лукашэвіч, Вольга Трыгубовіч, Валянціна Шытыка, Вольга Бокуць-Чабатарова, Паліна Кучук, Яўген Рудакоўскі, Ліана Тападзе, Ірына Бельская ды іншыя.

Восьмага снежня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса адбылася своеасаблівая прэзентацыя альманахаў за два апошнія гады. Сабраліся аўтары, чые творы друкаваліся ў “Сферы притяжения”. Бібліятэкары падрыхтавалі відэаматэрыялы пра тое, што сабой уяўляе сёння Шатура і яе аколіцы. А пасля гучалі вершы, лірычныя замалёўкі, успаміны пра прыезд гасцей з Падмаскоўя ў наш раён.

Сустрэча атрымалася цёплай, шчырай. Уздзенскія творцы спадзяюцца, што ў перспектыве будзе наладжана падобная сустрэча з удзелам прадстаўнікоў абодвух бакоў – калі-небудзь у склад афіцыйнай дэлегацыі ўключаць не толькі кіраўнікоў прадпрыемстваў, гаспадарак, грамадскіх фарміраванняў, настаўнікаў, культработнікаў, але і пісьменнікаў, паэтаў. Нам ёсць пра што пагаварыць.