Перакладаць, каб сябраваць

6-8 кастрычніка 2017 г. у Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці прайшоў ІІ Міжнародны моладзевы фестываль-конкурс паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі сяброўства”.

Дзякуючы намаганням заснавальніка фестывалю Л.Ю.Севера і зладжанай працы арганізатараў, маладыя перакладчыкі Расіі, Беларусі і Украіны, а таксама іх настаўнікі – члены творчых саюзаў – змаглі прыняць удзел у цэлым шэрагу знакавых мерапрыемстваў.

6 кастрычніка размеркаваныя па групах паэты з творчымі праграмамі наведалі навучальныя ўстановы раёна, дзе з вялікай цікавасцю дзеці і іх настаўнікі слухалі пісьменнікаў-сучаснікаў і знаёміліся з асаблівасцямі гучання роднасных моў. У гэты ж дзень адбылася і вельмі значная для міжнароднага супрацоўніцтва паміж краінамі падзея – Пятрушынскай бібліятэцы Растоўскай вобласці было нададзена імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа.

Падчас свята нацыянальных культур традыцыйныя свечкі сяброўства і творчасці запалілі Святлана Грыцэнка-Макарава (Расія), Уладзімір Гаўрыловіч (Беларусь) і Вольга Сафронава (Украіна).

Конкурсная праграма ў Данской дзяржаўнай публічнай бібліятэцы распачалася 7 кастрычніка. Рашэннем журы, у склад якога ўваходзілі члены Саюза пісьменнікаў Расіі, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Украіны і Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў, былі ўзнагароджаны 26 канкурсантаў. З ліку беларусаў дыпламантамі сталі Дз.Нілаў, С.Старыкаў, Я.Плюшчай (г. Гомель), лаўрэатамі ІІІ ступені – Н.Філон (г.Гомель) і І.Радзіхоўская (г.Віцебск), ІІ ступені – А.Хітрун (г.Ліда) і В.Бялова (г.Магілёў), І ступені – А.Болсун (г.Гомель).

8 кастрычніка дэлегаты фестывалю наведалі г.Таганрог і заклалі пісьменніцкі сквер каля храма Іконы Божай Маці хутара Дараганаўка. На ўрачыстым закрыцці былі адзначаны і настаўнікі пачынаючых літаратараў – яны атрымалі падзякі арганізатараў. А У.Гаўрыловічу быў уручаны нагрудны знак Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў “Ганаровы настаўнік творчай моладзі”.

Ад Мінскай вобласці ў конкурсе прынялі ўдзел два маладыя перакладчыкі (Марыя Бельская – г.Маладзечна і Ганна Небаўсенка – Мінскі раён) пад куратарствам членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Аксаны Ярашонак і Бажэны Мацюк. У выніку гэтай працы пры фінансавай падтрымцы Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь па Краснадарскім краі Алега Уладзіміравіча Невяркевіча была выдадзена асобная кніга вершаў і паэтычных перакладаў аўтараў Міншчыны “Ад чатырох вятроў”. За вялікі асабісты ўклад і шматгадовую грамадскую работу па ўмацаванні літаратурных і братэрскіх сувязей між народамі Расіі, Беларусі і Украіны перакладчыкі-настаўнікі А.Ярашонак і Б.Мацюк былі знагароджаны падзякамі Міністэрства культуры Растоўскай вобласці.

Б.Ганушкіна