На Гродзеншчыне гавораць і чытаюць па-беларуску

У год святкавання 500-годдзя кнігадрукавання на Беларусі, з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, літаратуры і культуры, у рамках інфармацыйнага тыдня “Гаворым і чытаем па-беларуску”, які пачаўся з 11 і працягнецца да 17 верасня бягучага года, Карэліцкая раённая бібліятэка арганізавала творчую сустрэчу са старшынёй Мінскага абласнога Саюза пісьменнікаў Святланай Быкавай.

У час сустрэчы, якая адбылася ў першы дзень тыдня, 11 верасня, Святлана Быкава падрабязна расказала пра сваю творчасць, пра дзейнасць на пасадзе старшыні літаратурнага аб’яднання. Таксама яна прачытала вершы са сваіх зборнікаў “Адлюстраванне”, “Веру вясне”. Падчас мерапрыемства мясцовыя прыхільнікі паэзіі мелі магчымасць задаць пытанне пісьменніцы, а член Саюза пісьменнікаў Беларусі, мясцовы краязнаўца Святлана Кошур звярнулася да яе са словамі ўдзячнасці за магчымасць паўдзельнічаць у такой сустрэчы.

У рамках тыдня супрацоўнікі раённай бібліятэкі арганізавалі кніжную выставу “Вітаю цябе, беларуская кніга!”.

                                                           Адміністрацыя Карэлічскай раённай бібліятэкі

У рамках інфармацыйнага тыдня «Чытаем і гаворым па-беларуску» супрацоўнікі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» правялі творчую сустрэчу пад назвай «Бібліявячоркі», на якую запрасілі паэта, кампазітара і выканаўцу з горада Вілейкі Мінскай вобласці Уладзіміра Цануніна. Сустрэча адбылася вельмі цікавая, адметная шчырасцю і цеплынёй зносін паміж слухачамі і паэтам.