… Як гармонія светабудовы: прадстаўляючы ўдмурцкага паэта Сяргея Мацвеева
Share the post "… Як гармонія светабудовы: прадстаўляючы ўдмурцкага паэта Сяргея Мацвеева"
У беларускай перыёдыцы – у часопісах і газеце “Літаратура і мастацтва” – не аднойчы змяшчаліся творы ўдмурцкіх пісьменнікаў. І ў часопісе “Полымя”, і ў часопісе “Всемирная литература”, які, на вялікі жаль, зараз не выходзіць… Некалькі гадоў назад у “Полымі” была надрукавана падборка вершаў народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі. Пераўвасабляў вершы на беларускую мову Віктар Гардзей. “ЛіМ” надрукаваў паэтычныя творы Ларысы Марданавай. Перакладчык – Рагнед Малахоўскі. І вершы самога Сяргея Мацвеева таксама ўжо друкаваліся ў беларускім літаратурна-мастацкім штотыднёвіку. А яшчэ Вячаслаў Ар-Сяргі быў прадстаўлены ў аўтарскай анталогіі паэзіі народаў свету “Лучнасць”, над якой Мікола Мятліцкі працаваў доўгія гады, паралельна з сваім заняткам арыгінальнай паэзіяй. А нядаўна ў “Звяздзе” выйшла асобная кніга Вячаслава Ар-Сяргі “Ранішні вецер у акне”, якую пераклаў на беларускую мову Віктар Гардзей.
Адбітак традыцый удмурцкага жыцця – і ў прадстаўленых ніжэй чытачу вершах Сяргея Мацвеева.
“Калі паўстала сонца над зямлёй/ У першы светлы дзень летазлічэння,/ Энергія, што мкнула ўсцяж бруёй,/ Яшчэ не мела ў космасе наймення,” – зазірае Сяргей Мацвееў у далёкія і разам з тым блізкія для чалавека прасторы. Блізкія – яшчэ і таму, што чалавеку ўласціва змагацца з Сусветам у раскрыцці таямніц. Нават, калі для кагосьці з нас гэтае змаганне можа аказацца бессэнсоўным… Вершы Сяргея Мацвеева вельмі часта сягаюць у касмічныя вышыні. Але ж без гэтага палёту паэзію сапраўдную не ўявіць. Паэзію любога народа… Нешта касмічнае ёсць і ў прыцягненнях нашых перакладчыкаў да удмурцкага мастацкага свету, так, у прыватнасці, уяўляецца мне ў апошнія гады… Вячаслаў Ар-Сяргі, Ларыса Марданава, зараз – Сяргей Мацвееў… Ведаю, што ў некаторых перакладчыкаў ёсцть памкненні да адкрыцця і пераасэнсавання твораў іншых паэтаў з далёкай расійскай глыбінкі, з Іжэўска, Сарапула, іншых старонак Удмурціі… І мо яшчэ неаднойчы ўдмурцкія вершы “азораць свету далячынь” (Сяргей Мацвееў) якраз па-беларуску… Жывучы спадзяваннямі на гэта, хацелася б нагадаць, што ў беларуска-удмурцкіх літаратурных сувязяў ёсць трывалая аснова…
Давайце згадаем хаця б некаторыя факты такога яркага пабрацімства, пранікнення адной культуры ў другую.
У гады сталінскіх рэпрэсій вымушана звязаў свой лёс з далёкай удмурцкай старонкай адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі Міхайла Грамыка. Дарэчы, ва Удмурціі ведаюць пра гэты факт. Артыкул, прысвечаны нашаму суайчынніку, надрукаваны нядаўна ў Іжэўску ў літаратурна-мастацкім часопісе “Кенеш”. А ў Вялікую Айчынную вайну на Беларусі ваяваў удмурцкі празаік Міхаіл Лямін. Пра гэта ён расказаў у дакументальанай аповесці “Чатыры гады ў шынялі”. Яна не аднойчы выдавалася на рускай мове. Мне здаецца, што проста наш абавязак – перакласці яе на беларускую мову і выдаць у Мінску. Хаця б ужо ў знак удзячнасці да франтавіка Міхаіла Ляміна… Ля вёскі Навікі на Віцебшчыне загінуў удмурцкі паэт Піліп Кедраў. Пра гэты факт яго біяграфіі, творчы лёс легендарнага сына ўдмурцкага народа расказвае ў сваёй паэме Міхаіл Пятроў… У Іжэўску, між іншым, доўга жыў і працаваў рускі празаік Валерый Болтышаў, які нарадзіўся ў Віцебску. Не аднойчы бываў ва Удмурціі беларускі празаік, драматург Васіль Ткачоў. З Удмурціяй звязаны лёс і паэтэсы Лідзіі Возісавай, якая зараз жыве ў Мінску. Доўгі час у Іжэўску жыў і працаваў у мясцовым універсітэце ўраджэнец Рэчыцы, літаратуразнавец Барыс Восіпавіч Корман. Яго кандыдацкая дысертацыя, між іншым, прысвечана творчасці Максіма Багдановіча.
У розныя гады на сцэнах удмурцкіх тэатраў ішлі спектаклі па п’есах Кастуся Губарэвіча, Аркадзя Маўзона, Кандрата Крапівы, Андрэя Макаёнка… Цікавым падаецца і такі факт. У пасляслоў’і да кнігі Янкі Купалы “А хто там ідзе” на мовах свету” яе ўкладальнік, літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша піша наступнае: “Удмурты з вершам Янкі Купалы пазнаёміліся яшчэ ў 1915 г. Верш ва ўзнаўленні Кузебая Герда (К.П. Чайнікава) быў змешчаны ў падпольным рукапісным часопісе “Семінарскае пяро”. У перакладзе імя аўтара твора адсутнічала, а “беларусы” былі зменены “удмуртамі”. Удмурты ішлі грамадой, неслі на худых плячах, у мазолістых руках сваю бяду, крыўду. Удмурты імкнуліся людзьмі звацца…”
Ва удмурцкай перыёдыцы ў розныя гады надрукаваны творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Васіля Ткачова, Алеся Карлюкевіча… Дык, можа быць, і нам наспеў ужо час пашырыць прастору ўдмурцкага мастацкага слова ў Беларусі..? На крайні выпадак першыя крокі ў гэтым накірунку ўжо зроблены. І перакладчыцкая руплівасць Міколы Мятліцкага ў пераўвасабленні вершаў Сяргея Мацвеева – добрае на тое сведчанне.
Кастусь Ладуцька
Сяргей МАЦВЕЕЎ (Удмурція)
* * *
Калі паўстала сонца над зямлёй
У першы светлы дзень летазлічэння,
Энергія, што мкнула ўсцяж бруёй,
Яшчэ не мела ў космасе наймення.
Сваё аблічча Бацька-Бог надаў
Адаму з Евай, вы – дзве палавіны,
Гармоніі ўтварыўся вечны сплаў,
Працяў нямы Сусвет да сарцавіны.
Іуда шчэ Ісуса не прадаў,
І жэрдкі шчэ – не ўзлёт распяты крыжа,
І ўвесь Сусвет раззораны вітаў
Не свастыку, што наступае хіжа, –
І Мефістофель быў яшчэ анёл,
Паіў Сусвет гаючым ён ялеем,
І Фауст шчэ над светам не ўзышоў,
Над тым, што сёння ў свеце мы умеем.
ЧЫРВОНАЕ І ЗЯЛЁНАЕ
І колерамі, і водарам
Сёння мой свет жыве:
Суніцы-іскрыны зводдалі
Ўсміхаюцца мне ў траве.
І што там два колеры – выдумка:
Зялёны й чырвоны ўсяго.
Ды сёння я зноўку выберу
Іх вабны жывы агонь.
Чырвоны сунічны колер
Сягоння я не сарву, –
Пагладжу, душу спатолю,
Малую яе галаву.
Тады мне праменнем сваім
Успыхнуць суніцы ў лясах.
І будзе зырчэць агнявым
Колерам іхні пах.
І хто нам гаворыць: свет
Сэнс страціў, незразумелы?
Калыша увесь Сусвет
Водар сунічны спелы.
* * *
Я ў нечай гульні ўсяго толькі прынада
І гэткі заўважны, як мох на сцяне.
Шчэ сэрцу майму не адкрылася здрада
І пошапак ціхі ўсё чуецца мне
Не толькі з нябёсаў – з-пад глебы, з паветра,
З глыбознае самай, што ёсць, глыбіні.
У пошапку хваляў – пылінка на ветры –
Жыццё маё мкнецца да зор чысціні.
І доўжацца гульні – у зорнасці неба
Знікаюць за імі няўмольныя дні.
Здавён чалавека прыводзіць патрэба
У свет наш трывожны для гэтай гульні.
Калі ж не спасцігнеш гульні тае сутнасць, –
Падумаеш: той, хто ў чаканні знямог,
Каб несці ў міжзор’е жывую прысутнасць,
Не ведае нават,
Што ён і ёсць Бог.
* * *
Зляцяць мае вершы ў касмічную выш,
Калі на зямлі абарвецца мой крок.
Дзяўчына спляце самы зыркі вянок
З валошак на ўзмежку, дзе жыта і ціш.
Яе, прыгажуню, паглядам крану,
Пачуўшы, як сэрца сціскаецца зноў,
Дыханнем – напружанай хваляй вятроў –
Былое жыццё на імгненне вярну.
Дзяўчына не ведае: кветкі наўкруг –
Нязнаная слову пяшчота мая.
Сарве яна іх і каля ручая
І рушыць яго узбярэжжам на луг.
Забудзецца сном у глыбокай траве,
Праспіць непрабудна да ўсплёску зары.
Сны буду шаптаць ёй аб даўняй пары,
Дзе чуйнае сэрца каханнем жыве.
Як сны, свае вершы убачыць паэт,
Што сыдуць аднойчы з касмічных глыбінь,
Азораць Сусвету яны далячынь
І нават тады, калі скончыцца свет.
* * *
Па дарозе, што ў вербах старых,
На Вялікдзень вярнуся дадому.
Ля парога на родным двары
Я, вандроўнік, пакіну утому.
Маці сына пасадзіць за стол,
Бацька чаркаю поўнай прывеціць.
І чырвонае яйка наўкол
Морак раніцы ззяблай прасвеціць.
Маці ў грубцы ўзгадуе агонь,
Бацька гляне дапытліва ў вочы.
Чарку вып’ю адну і ўсяго,
Да наступнай зусім не ахвочы.
“Ну ж і моцная, Божа ты мой!” –
Вытру спехам слязінку-макрэчу.
І агонь асалоды зямной
У сцішэлай душы затрапеча.
Я забуду, з’явіўся адкуль,
Не згадаю, куды адыходзіць.
Ява тая, дзе быў я дасюль,
Сны нязводныя стане наводзіць.
Яйка-чырвань ляжыць на стале
Як гармонія светабудовы.
Хоць і вабіць спакусна, але
Ўзяць у рукі яго не гатовы.
Бога я аб адным папрашу:
Хай здаровіцца бацьку і маці.
Просьбай гэтай ніяк не грашу,
З ёй святлей яшчэ зробіцца ў хаце.
Пераклад з удмурцкай Міколы Мятліцкага