Прыгарніся да Роднага Слова

              1 верасня ў Валожынскім раённым цэнтры культуры прайшла пазнавальная сустрэча  для вучняў 7-х класаў  школ г.Валожына  “Прыгарніся да Роднага Слова”. Мерапрыемства, падрыхтаванае і праведзенае ўдзельнікамі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, было прысвечана Дню Ведаў і Дню беларускага пісьменства. З дапамогай вядучых – кіраўніка і ўдзельніцы гэтай творчай суполкі Валянціны Гіруць-Русакевіч і Ганны Канановіч – а таксама мультымедыйнай прэзентацыі, школьнікі даведаліся пра пачатак кнігадрукавання на тэрыторыі Беларусі, здзейснілі завочную экскурсію па сталіцах свята Роднага Слова, а таксама па найбольш літаратурна-адметных мясцінах Валожыншчыны. Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з імёнамі слынных землякоў – літаратараў і навукоўцаў, пачулі вершы беларускіх пісьменнікаў, прысвечаныя нашым першаасветнікам і першадрукарам, роднаму краю, Роднаму Слову, якія гучалі у выкананні  іх аднакласніц Анастасіі Барадака, Ксеніі Шакун (СШ №1), Лідзіі Русакевіч (СШ №2). Свае вершы падаравалі школьнікам і настаўнікам таксама рунеўцы, як названыя ўжо паэтэсы, так і  член  Саюза пісьменнікаў Беларусі  Марыя Шакун, якая звярнулася да  ўдзельнікаў сустрэчы   са шчырымі прывітальнымі словамі, у тым ліку вершаванымі.

В.Гіруць-Русакевіч