“Мы, беларусы, – мірныя людзі”

Хто, як не мы, павінны асэнсаваць падзеі сучаснай гісторыі, уратаваць мір ад войнаў, паклапаціцца аб тым, каб не пакінуць абрабаваную і знішчаную зямлю нашчадкам? Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2015 года (намінацыя “Драматургія”),  член Мінскага абласнога аддзялення СПБ Наталля Голубева адрасавала нам, сучаснікам, дакументальны фільм “Мы, беларусы, – мірныя людзі”. Яна – аўтар сцэнарыя гэтай звышактуальнай, пранізлівай стужкі, прэзентацыя якой адбылася 1 сакавіка ў культурна-дзелавым цэнтры “Дом Москвы”.

Фільм, у аснову якога пакладзены перамовы ў Мінску ў лютым мінулага года кіраўнікоў Францыі, Германіі, Расіі, Украіны з мэтай урэгулявання канфлікту на Украіне, ахоплівае яшчэ маладаследаваны гістарычны адрэзак часу – 80-я, 90-я гады мінулага стагоддзя. Унікальныя архіўныя матэрыялы, каментарыі падзей тагачаснымі палітыкамі пра тое, як Беларусь ішла да сваёй незалежнасці, дэманстравала жаданне жыць у міры і згодзе з іншымі народамі, пераконваюць: краіна заўжды імкнулася да міру, і невыпадкова беларускую сталіцу абралі арэнай для мінскіх дамоўленасцяў.

Фільм “Мы, беларусы, – мірныя людзі” стаў у мінулым годзе лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў, які праводзіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Ён знаёміць з гісторыяй краіны, робіць яе ва ўспрыманні гледачоў больш шматграннай, дазваляе асэнсаваць некаторыя факты сучаснасці, такія паняцці, як “вайна”, “надзея” і “мір”.

Як адзначыў прадзюсер Уладзімір Бокун, кожны для сябе шукае адказ на няпростыя жыццёвыя пытанні, асэнсоўваючы навейшую гісторыю, бо, зразумела, гэта і ёсць наша жыццё.

На мерапрыемстве акрамя творчай інтэлігенцыі прысутнічалі і святары: каталіцкі – Тадэвуш Кандрусевіч і галоўны муфтый Беларусі Абу Бекір Шабановіч, якія выказалі агульную думку – пазбегнуць сучасных войнаў можна і праз духоўныя здабыткі.

Дададзім, што над фільмам таксама працаваў рэжысёр Андрэй Лескін.

               Таццяна Якаўлевіч