Ты будзеш звінець, наша родная мова!
20 лютага 2016 года ва УА “Гімназія № 10 г. Мінска” ў рамках Года культуры адбылося свята, прысвечанае Дню роднай мовы “Ты будзеш звінець, наша родная мова!”.
На мерапрыемстве былі ўзгаданы пісьменнікі-юбіляры 2015-2016 гг.: Якуб Колас, Янка Купала, Янка Лучына, Міхась Чарот, Кандрат Крапіва, Ніл Гілевіч, Цётка, Максім Багдановіч, Генадзь Бураўкін, Алесь Бадак.
Вучні 5-х класаў чыталі вершы знакамітых землякоў, спявалі песні, гралі на музычных інструментах, тым самым усхваляючы нашу родную Бацькаўшчыну.
Абласной бібліятэкай імя А.С.Пушкіна была арганізавана выстава-агляд кніг “Пявучая матчына
мова”, дзе можна было пазнаёміцца з творамі як класікаў беларускай літаратуры, так і сучасных аўтараў.
Гімназісты, іх бацькі і настаўнікі з вялікім задавальненнем сустрэліся з сучаснай беларускай пісьменніцай, членам Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, Кацярынай Станіславаўнай Хадасевіч-Лісавой.
Кацярына Станіславаўна ператваралася то ў касмічную фею, то ў зямную чараўніцу, то на момант станавілася таленавітай настаўніцай, шчырай сяброўкай. Пісьменніца чытала свае вершы, загадвала загадкі, прыводзіла прыклады з уласнага жыцця.
“Такая цудоўная сустрэча, такі ладны дыялог, – казалі бацькі і падцверджвалі дзеці, – адбыўся ў гэтай утульнай зале”.
Так. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць нас усіх, дзяцей і дарослых, даюць нам веру ў тое, што беларуская мова сапраўды жыве ў нашых сэрцах і кранае нашы душы.