Масток, пракладзены «нёманцамі»

Сустрэча літаратараў, знакавая для Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, адбылася на Уздзеншчыне: адметны майстар-клас, багаты творчы набытак прадэманстравалі творцы з Уздзенскага, Дзяржынскага і Клецкага раёнаў.Ashampoo_Snap_2015.12.13_12h18m56s_003_

Празаікаў і паэтаў шчыра віталі члены літаратурнага аб’яднання «Нёманец» і супрацоўнікі Уздзенскай раённай бібліятэкі на чале з дырэктарам Аксанай Драчан. Свята сучаснай паэзіі і прозы «Пад літаратурным ветразем» падарыла ўдзельнікам незабыўныя ўражанні, дало штуршок да творчасці, стала мастком да новага супрацоўніцтва.

Абмен творчым досведам паміж двума літаб’яднаннямі — дзяржынскім «Вытокам» і уздзенскім «Нёманцам» — працягваецца не першы год. Старэйшына літаратурнага Алімпа нёманскага краю Дзмітрый Вінаградаў успомніў пра першую сустрэчу, калі блізкае сяброўства толькі марылася.

— Цяпер плён відавочны, — задаволены Дзмітрый Віктаравіч. — Сведчанне таму — больш глыбокая па змесце проза, вытанчаная паэтыка творчасці сталых аўтараў, да якіх далучаюцца навічкі.

Кіраўнік «Нёманца» Віктар Сабалеўскі прыгадаў шлях станаўлення мясцовага літаб’яднання. Літаратурная суполка на Уздзеншчыне існуе з 1967 года, аднак апошнім часам літаратурная плынь мясцовых творцаў значна пашырылася. Віктар Вацлававіч мяркуе, што аўтарству уздзенскіх літаратараў належыць не менш як 200 выданняў.

— Кожная сустрэча — магчымасць ацаніць прыбаўку да літаратурнага багажу, — зазначыла вядомая на Уздзеншчыне паэтэса Галіна Нічыпаровіч. — Асабліва радасна, калі выдаюцца новыя кнігі, з якімі можна выйсці насустрач і госцю, і чытачу.

Дарэчы, новая кніга Г. Нічыпаровіч «Зімовыя забавы» нядаўна пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».

Падчас сустрэчы ў аўтарскім выкананні гучалі вершы сяброў Мінскага абласнога аддзялення СПБ і ўдзельнікаў літаб’яднання «Нёман» Дзмітрыя Вінаградава, Таццяны Цехнябедзінай, Віктара Сабалеўскага, а таксама Тамары Каляды, Вольгі Бокуч-Чабатаровай, Ліаны Тападзе.

Творчая справаздача сяброў дзяржынскага «Вытоку» змясцілася ў… кошыку, падрыхтаваным спецыяльна для гэтай нагоды! Дырэктар Дзяржынскай раённай бібліятэкі Валянціна Клімовіч расказала пра жарт, якім суправаджаў свой падарунак майстар Сяргей Старычэнка. «Ведайце: не толькі вершы пляту, але і кошыкі». Багаты скарб сваіх выданняў сабралі пісьменнікі Дзяржыншчыны! На імпрэзе члены СПБ Людміла Круглік, Рэгіна Рэўтовіч, Барыс Савінаў парадавалі калег узнёслымі радкамі пра Радзіму, каханне, засяродзілі ўвагу на ролі паэта. Антон Анісовіч пацешыў залу жартаўлівымі «антосікамі».

Кіраўнік клецкага літаб’яднання «Голас» Лілія Мялешка (паводле тутэйшых сведчанняў, аб’яднанне аматараў прыгожага пісьменства з’явілася на Клеччыне ў 1947 годзе) прыехала на сустрэчу разам з «касцяком» творчага калектыву. У вершаваных радках Лілія Віктараўна ўхваліла прыгажосць уздзенскага краю. Паэтычны дэбют на уздзенскай зямлі адбыўся ў клецкіх творцаў Віктара Кудаўца, Галіны Нупрэйчык (Плаксы), Таццяны Цвірка.

Аксана Драчан распавяла, што большасць удзельнікаў літаб’яднання — людзі сталага ўзросту. Але яшчэ летам яны абвясцілі пра стварэнне творчай моладзевай суполкі, якая атрымала назву «Вясёлка». Сюды ўвайшлі школьнікі і студэнты — усяго дзесяць чалавек, — якія паспелі ўжо заявіць пра сябе ўдалымі творамі. Напрыканцы імпрэзы ўдзельнікі пазнаёміліся з пробамі пяра дзвюх маладых аўтарак — Валерыі Рудакоўскай (творчы псеўданім — Лёля Рудзік) і Паліны Рандзер.

А ў Дзяржынску мяркуецца правесці калядную сустрэчу, якая таксама абяцае быць цікавай і змястоўнай. Тым больш што да свята мяркуюць выдаць зборнік, куды ўвойдуць творы 14 маладых аўтараў.

Алена СТЭЛЬМАХ, фота аўтара

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/12/49-2015.pdf