Дарога гор ― дарога паэзіі

Магамед Ахмедаў. Горная ліра: вершы; пер. з аварскай М. Пазнякова. ― Мінск: Чатыры чвэрці, 2015. ― 174 с.

«Хто мяне ў тумане аклікае, (Сумам ахінаючы здаля?) Хто мне тыя песні напявае? (То Радзіма жаліцца мая», ― апошняя страфа з верша «Голас песні», якім адкрываецца беларуская кніга паэзіі аварскага паэта Дагестана Магамеда Ахмедава «Горная ліра», якая пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці». Перакладчык на беларускую ― Міхась Пазнякоў.

Перш чым павесці размову пра саму кнігу, крыху ― пра ўвагу беларускіх перакладчыкаў да паэзіі народаў постсавецкай прасторы. Нельга не зазначыць, што, акрамя традыцыйнай зацікаўленасці паэзіяй суседзяў ― творцаў з Украіны, Польшчы, Латвіі, Літвы, выразна акрэсліліся і некаторыя іншыя кірункі. Пасля перапынку актыўна перакладаюцца вершы народаў Расіі: паэтычныя адкрыцці ўдмурцкіх, калмыцкіх, аварскіх, татарскіх, чачэнскіх майстроў слова з’явіліся ў «Полымі», «Літаратуры і мастацтве», іншых выданнях. Шмат у гэтым плане зроблена лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міколам Мятліцкім. Як адзін з важных абсягаў ― і перастварэнне казахскай, як сучаснай, так і класічнай, паэзіі на беларускую мову. І яшчэ ― азербайджанская паэтычная творчасць… Над яе перакладамі ў апошні час працавалі Віктар Гардзей, Мікола Мятліцкі, Таццяна Сівец, Рагнед Малахоўскі і іншыя таленавітыя беларускія аўтары.

Кніга Магамеда Ахмедава ў гэтай прасторы мастацкіх перакладаў бачыцца кнігай-з’явай, кнігай-падзеяй. Па-першае, усе пераклады ажыццявіў адзін паэт. А гэта ― 119 асобных вершаў і яшчэ два паэтычныя цыклы: «Пісьмёны» (складаюцца з двухрадкоўяў) і «Шалі» (чатырохрадкоўі). Па-другое, удалым падаецца выбар самога паэта. У М. Ахмедава досыць высокі мастацкі аўтарытэт, ён ― годны вучань Расула Гамзатава. Так, у розныя гады вершы М. Ахмедава на рускую мову перакладалі Юрый Кузняцоў, Станіслаў Куняеў, Сяргей Васільеў; высока ацэньвалі яго паэтычную ліру Расул Гамзатаў, Леў Озераў, Аляксандр Міхайлаў, Вадзім Дзяменцьеў і іншыя. Па-трэцяе, беларуская кніга аварскага мастака слова досыць цэласная. Відавочна, збіралася, складалася супольна аўтарам і перакладчыкам.

Галоўным лейтматывам «Горнай ліры» бачацца перажыванні лірычнага героя за парушэнне гармоніі існавання. Паэт ― барацьбіт за ідэалы, за сцвярджэнне прыярытэтаў духоўнага, маральнага. Даволі часта паэтычныя шуканні аварскага творцы раскрываюць усю трагедыйнасць, драматычнасць чалавечага існавання. Трагедыі і драмы загартоўваюць чалавека, развіваюць трываласць асобы. І паэзія тады чагосьці вартая, калі ідзе поруч з чалавекам, з усімі складанасцямі яго жыцця. Філасофія паэта-горца, паэта, які судакрануўся найперш са школай аварца Расула Гамзатава, балкарца Кайсына Куліева, лезгінскага ашуга Сулеймана Стальскага, іншых легендарных папярэднікаў, становіцца блізкай і зразумелай. Як блізкі і зразумелы яго боль:

Валадару нябёс заўсім не трэба,

Каб свет наш перапоўнены быў злом.

Выходзіць, што падтрымлівае неба

Адзін паэт прасветлены радком.

(«Украдзеныя нябёсы»)

Адчуванне вечнасці, Радзімы праз памяць пра гістарычныя традыцыі роднай старонкі (вершы «Кліч Ахульго», «Бурка Шаміля», «Кніга Махмуда») накладваецца і на яркія паэтычныя адбіткі-любаванні прыродай Дагестана. У творах такога кшталту не менш грамадзянскасці, чым у творах, што носяць тэматычна больш выразны сацыяльны і грамадска-палітычны характар.

«Горная ліра» Магамеда Ахмедава, зборнік вершаў, у суаўтары якога можна смела залічваць беларускага перакладчыка Міхася Пазнякова, ― і падказка на працяг творчай работы на ніве беларуска-дагестанскага літаратурнага пабрацімства. Некалі яго сур’ёзным гарантам быў добры сябар беларускіх паэтаў Расул Гамзатаў. Шмат хто ў Беларусі лічыў за гонар перакладаць яго вершы. Літаратуры народаў Дагестана (а іх болей як дзесяць) актыўна развіваюцца і зараз. Пра гэта, між іншым, сведчаць і некалькі інтэрв’ю, якія даў беларускім масмедыа параўнальна нядаўна кіраўнік Дома перакладу з Махачкалы, пісьменнік Марат Гаджыеў. З творчай паездкай у Дагестане пабываў беларускі паэт і перакладчык Рагнед Малахоўскі. Цікавы і такі факт: у выданні кнігі аднаго верша «Францыск Скарына на мовах народу свету» прадстаўлены пераклады ці не на ўсе літаратурныя мовы Дагестана ― аварскую, даргінскую, лезгінскую, нагайскую і іншыя. І вось цяпер вядомы сучасны аварскі паэт Магамед Ахмедаў прыходзіць да беларускага чытача асобнай грунтоўнай кнігай.

Што наперадзе? Які супольны творчы праект рэалізуюць пісьменнікі Дагестана і Беларусі? Мо з’явіцца ў адным з мінскіх выдавецтваў (чаму б ізноў не ў выдавецтве «Чатыры чвэрці»?) анталогія перакладаў на беларускую мову «Паэзія Дагестана» ці «Сучасная паэзія Дагестана»? Не будзем загадваць наперад, але будзем у спадзяваннях на добрае працаваць. Памкненні да адкрыцця чужога з дапамогай такога шчырага інструмента, як родная мова, ― гэта яшчэ і дарога да ўзбагачэння ўласнага.

Кастусь ЛЕШНІЦА

http://sozvuchie.zviazda.by/news/2015-10-01-5