З. Прыгодзіч. Постаці
Духоўнае поле айчыны
Вясной дружна ўзыходзяць пасевы. Шчодрыцца квецень і пускаецца ў рост маладое жыта. Сама зямля гаворыць пра нястомную спаконвечнасць жыццядайнае сілы, змушае агледзецца і прыняць сэрцам святлістую радасць нашага чалавечага бытавання пад сонцам. У веснія дні вельмі клопатна думаецца і аб духоўным полі роднай табе зямлі, аб тым, колькі на ім зроблена рупна і ўдала ўсімі тваімі папярэднікамі і колькі яшчэ патрэбна зрабіць, прыклаўшы нямала намаганняў, каб духоўная ніва Айчыны рунела і красавала, не зеўрала цьмянымі пляйстрамі ад перажытых нягод.
Менавіта адным з такіх дбайных працаўнікоў на ніве айчыннай духоўнасці смела магу назваць Зіновія Прыгодзіча, аўтара кніжнай трылогіі «Постаці» (Выдавецкі дом «Звязда»), якая заняла ў апошнія гады годнае месца на кніжных паліцах. Ужо з першых палымянскіх публікацый было відаць, што пісьменнік-грамадзянін вядзе дыялог з самім новым часам, звяртаецца да жыццёвага і творчага досведу тых асоб нашай Бацькаўшчыны, каму выпала па абавязку таленту, грамадзянскай адказнасці і нацыянальнай свядомасці апынуцца ў ліку першапраходцаў на суверэннай дарозе гісторыі Беларусі. Усіх суразмоўцаў аўтара мы добра ведалі і ведаем: гэта нашыя з вамі суайчыннікі і сучаснікі. Аднак мала заглыбляліся дасюль у іх асабісты жыццёвы свет, не заўсёды задумваліся над тым, колькі значыць і што пазначае іх духоўная прысутнасць у сённяшнім грамадскім жыцці, як можа прыдацца іх досвед будучым пакаленням. Мне вельмі прыемна адзначыць, што Зіновій Кірылавіч, як чалавек дасведчаны і праніклівы, дапытаўся ў кожнага: якую краіну ў цэнтры Еўропы мы маем сягоння, што варта памятаць з мінулага, чым патрэбна кіравацца, каб больш цвёрда і ўпэўнена рушыць у будучыню.
З вялікім захапленнем прачытаў я і трэці том гэтай своеасаблівай трылогіі. Ён таксама атрымаўся напоўніцу шматгалосым: Генадзь Аўсяннікаў, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Аксана Волкава, Аляксей Дудараў, Уладзімір Ліпскі, Ігар Лучанок, Георгій Марчук, Мікалай Пінігін, Леанід Шчамялёў. Знакавыя постаці нашай стваральнай сучаснасці. Некаторых ужо, на жаль, няма сярод нас. Але да кожнага варта прыслухацца і пачуць многае. Ёсць нават нейкі тужлівагаркавы прысмак запаветнасці — як малавата гадоў жыцця даецца на зямлі чалавеку! Колькі яшчэ маглі б зрабіць тыя, каго мы чуем сягоння праз ростань. Ад таго яшчэ большая наша чалавечная ўдзячнасць ім за здзейсненае, так своечасова пачутае аўтарам гэтае кнігі. Не ведаю, як іншых, а мяне цалкам пераканалі гэтыя лёсавыя старонкі: мы маем надзейны падмурак, тое духоўнае апірышча, на якім здолеем пабудаваць новы беларускі дом, які трывала выстаіць на ўсіх шквалістых вятрах гісторыі.
Мікола МЯТЛІЦКІ
Пра нашых землякоў. Палітыка – песні і музыка
“… Лучанок – геніяльны кампазітар, гэтага не могуць адмаўляць нават яго апаненты. Ён – меладыст ад Бога. Нават калі б ён стварыў толькі адну песню “Мой родны кут” на словы Якуба Коласа, то і пры гэтым імя Лучанка засталося б навечна ў аналах нацыянальнай культуры.
Здавалася б, простая, бясхітрасная мелодыя, але колькі ў ёй закладзена пяшчоты, любові да роднага краю, якія глыбіні ўтрымліваюцца ў гэтым народным, да слёз беларускім меласе. Таму не дзіва, што ў песні, хоць ёй ужо не адзін дзесятак гадоў, розныя выканаўцы працягваюць адкрываць усё новыя і новыя фарбы, новыя адценні, новыя нюансы…” Гэтыя радкі – з уступнага слова да дыялога пісьменніка Зіновія Прыгодзіча з нашым земляком народным артыстам СССР кампазітарам Ігарам Лучанком: “Мая палітыка – гэта мае песні”.
Расповяд, які з фармата гутаркі, інтэрв’ю вырас ды дыялога-партрэта, увайшоў у кнігу З. Прыгодзіча “Постаці: гэткай шукаю цэлы век чэсці…” У зборніку чытач пазнаёміцца з размовамі пра жыццё, мастацтва, культуру з вуснаў акцёра Генадзя Аўсяннікава, пісьменнікаў Аляксея Дударава, Уладзіміра Ліпскага, Георгія Марчука, рэжысёра Мікалая Пінігіна, спявачкі Аксаны Волкавай, мастака Леаніда Шмялёва. І – нашага Ігара Лучанка.
Вось што адказвае Ігар Міхайлавіч на пытанне “Вы верыце ў ідэю сацыялізму?” : “Чалавецтва пакуль не выпрацавала нічога лепшага, чым ідэі сацыяльнай роўнасці, справядлівасці, свабоды і братэрства. Сацыялізм не вінаваты ў тым, што яго так сказілі.
Ведаеце, у мяне жыве ўстойлівая пагарда да ўсялякіх пярэваратняў, перабежчыкаў, адным словам, да здраднікаў. Ведаю аднага былога партыйнага работніка, які цяпер зрабіўся самым вялікім антысаветчыкам. Гэта альбо хворы чалавек, альбо падлюга. Бо хіба можна, адслужыўшы не адзін дзесятак гадоў гэтай сістэме, пасля паліваць яе брудам?”
Мне здаецца, што кніга Зіновія Прыгодзіча вартая ўвагі ў школе, у ВНУ. Героі з яе старонак – уражлівы прыклад таго, як рабіць жыццё, як станавіцца Асобай.
Алесь Карлюкевіч
http://sozvuchie.by/news/2016-06-17-11
Мастацтва дыялогу
Інтэрв’ю з кампазітарамі, мастакамі, пісьменнікамі і іншымі прадстаўнікамі творчых прафесій — адны з самых цікавых матэрыялаў на старонках перыёдыкі. Таму ўвагу чытачоў мусіць прыцягнуць выданне, дзе сабраныя вялікія інтэрв’ю з дзеячамі беларускай культуры. Пасля кнігі «Постаці: з цэлым народам гутарку весці» (2011) пабачыла свет новая кніга Зіновія Прыгодзіча «Постаці: сэрца мільёнаў падслухаць біцця», дзе суразмоўцамі аўтара з’яўляюцца Наталля Гайда, Валянціна Гаявая, Міхаіл Казінец, Мікалай Яроменка…
Кожнае інтэрв’ю займае ў сярэднім 30 старонак, якія сталі вынікам некалькіх сустрэч і апрацоўкі шматгадзінных дыктафонных запісаў. Вядома, у кнізе ёсць і выключэнні, пра якія З. Прыгодзіч распавядае ў змястоўных прадмовах. Уступ да інтэрв’ю — гэта магчымасць не толькі прадставіць суразмоўцу, але і прыгадаць сумесную працу над будучым тэкстам, коратка апісаць характар і настрой свайго героя.
Пытанні З. Прыгодзіча тычацца не толькі тэмаў, прафесійна блізкіх для суразмоўцаў, але і грамадскай, культурнай сітуацыі ў краіне. Прадстаўленыя ў кнізе дзесяць інтэрв’ю рабіліся з 1980-х гадоў — адпаведна, героі кнігі абмяркоўвалі самыя розныя праблемы — ад хібаў перабудовы да асаблівасцей сучаснай культурнай палітыкі. Сам стыль размовы дазваляе ўявіць атмасферу мінулых дзесяцігоддзяў: так, разам з пісьменнікамі Максімам Лужаніным і Барысам Сачанкам аўтар разважае пра тое, «як разумець кіраўніцтва літаратурай і мастацтвам», як «сачыць» за творчымі пошукамі маладых паэтаў.
Інтэрв’ю з М. Лужаніным абавязкова прывабіць тых, хто цікавіцца беларускай літаратурай: колішні ўзвышавец распавядае пра добра знаёмых Якуба Коласа, Янку Купалу, Кузьму Чорнага, Уладзіміра Караткевіча і разам з тым дзеліцца ўражаннямі ад творчасці Адама Глобуса, Анатоля Сыса, Алеся Разанава… З. Прыгодзіч адрасуе М. Лужаніну і Б. Сачанку пытанне пра пісьменнікаў-эмігрантаў і атрымлівае грунтоўныя цікавыя адказы. Да гонару аўтара, за плячыма якога нямала адказных пасад, трэба адзначыць, што З. Прыгодзіч любіць адкрыта абмяркоўваць праблемы і дазваляе чытачам пазнаёміцца нават са смелымі і катэгарычнымі меркаваннямі суразмоўцаў. Каб зрабіць добрае інтэрв’ю, патрэбная немалая папярэдняя падрыхтоўка, агульная дасведчанасць, уменне весці сур’ёзную глыбокую размову. Дзякуючы гэтым якасцям аўтара і пабачыла свет кніга пра людзей з натхнёнай беларускай душой.
Алеся ЛАПІЦКАЯ
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/09/35-2015.pdf
Трылогія дыялогаў? Так!
Дзесяць дыялогаў з вядомымі асобамі нацыянальнай творчай эліты прадстаўленыя ў кнізе слыннага пісьменніка, журналіста, навукоўца, кандыдата філасофскіх навук Зіновія Прыгодзіча «Постаці», што пабачыла свет у РВУ «Выдавецкі дом «Звязда».
Яна мае гэткую ж назву, як і папярэдняя, якая выйшла ў тагачаснай РВУ «Літаратура і Мастацтва» ў 2011 годзе. Тым разам З. Прыгодзіч у якасці сваіх субяседнікаў таксама выбраў знакамітых асоб.
Адкрываў кнігу дыялог з Валерыем Анісенкам «Тэатр пачынаецца… з Радзімы!». Марыя Захарэвіч сутнасць сваёй працы выказала надзіва афарыстычна: «Навошта той талент, калі няма сэрца…» За літаратуру, за Беларусь і яе народ балела сэрца і Янкі Сіпакова. Ягоныя развагі «Гэта ж якая радасць — ствараць жыццё!» — споведзь даверлівай, адкрытай душы. У іх шмат цеплыні, сардэчнасці. Яно і нядзіўна: Я. Сіпакоў і З. Прыгодзіч сябравалі. Запамінальнымі паўсталі таксама Міхась Дрынеўскі («Несці народу ягоную ж спадчыну»), Леанід Захлеўны («Музыка — гэта тое, чым жыву»), Адам Мальдзіс («Беларуская цывілізацыя мае даўнія традыцыі»), Іван Міско («Космасу належыць будучыня»), Георгій Паплаўскі («Рэалізм — душа мастацтва»), Анатоль Сульянаў («Духоўнасць, маральнасць — аснова прафесіяналізму»), сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч («Шчасце — калі здзяйсняюцца мары»).
Прамежак паміж першай і другой кнігамі не такі і вялікі, усяго тры гады. Ды таму, хто працуе плённа (а Зіновій Кірылавіч да такіх пісьменнікаў ды журналістаў і належыць), гэтага часу дастаткова, каб назапасіць матэрыял, які можа загучаць. Тым больш што сярод дыялогаў ёсць і такія, што былі занатаваны раней, заставалася толькі давесці іх да ладу. У выніку атрымалася кніга, падзагаловак якой — «Сэрца мільёнаў падслухаць біяцця…» — сам гаворыць за сябе. З. Прыгодзіч імкнецца глыбока і ўсебакова расказаць пра тых, чыя творчасць на мастакоўскай ніве па-свойму знакавая, а набыткі сведчаць пра тое, што чалавек з задаткамі таленту пры настойлівай працы можа дасягнуць вельмі многага.
Дзесяць чарговых постацей у новай кнізе (дарэчы, гэта толькі частка гутарак З. Прыгодзіча, апрабаваных на старонках старэйшага літаратурнамастацкага часопіса краіны — «Полымя») — не проста дзесяць творчых партрэтаў, а і сяганне ў сферу прыгожага, узвышанага, прывабнага. Расказвае ж аўтар пра самых-самых. Дарэчы, гэта не традыцыйныя гутаркі, калі той, хто бярэ інтэрв’ю, задае пытанні з мэтай атрымаць адказ, а менавіта дыялогі, якія вядуцца на роўных.
Так гутаркі З. Прыгодзіча выходзяць за жанравыя межы. У кнізе напаткаеш дыялогі-партрэты, дыялогі-нарысы, дыялогі-эсэ. Але ў кожным выпадку ёсць тое абавязковае, што нязменна папярэднічае кожнаму дыялогу. Перад гаворкай З. Прыгодзіч абавязкова дае разгорнутую характарыстыку творчасці суразмоўцы. Ды не кароткую, а такую, што патрапляе пад вызначэнне «штрыхі да творчага партрэта». Часам ловіш сябе на думцы, што ўжо гэтага матэрыялу дастаткова, каб атрымаць уяўленне пра тое, хто ёсць хто.
Дыялогі дазваляюць адчуць, зразумець, як сам час праламляецца ў лёсах, наколькі тыя ці іншыя грамадскія зрухі ідуць на карысць пісьменніку, акцёру, спеваку ці, наадварот, уздзейнічаюць на яго негатыўна.
З кім бы З. Прыгодзіч ні гутарыў, ён абавязкова знаходзіць паварот, які дазваляе асобе раскрыцца па-новаму. І не толькі як прафесіяналу, а і як чалавеку. Асабліва гэта заўважна па дыялогах з Наталляй Гайда («Аперэта — мая любоў!») і Валянцінай Гаявой («Я замужам за «Харошкамі»). Субяседніцы З. Прыгодзіча — мілыя, абаяльныя жанчыны. Як было не пацікавіцца ў іх і пра асабістае жыццё. Робіцца гэта тактоўна. Дый, па сутнасці, не пытанні гэта, а шчырая, даверлівая размова. Тое ж тычыцца і дыялогу з Міхаілам Фінбергам «Мая сям’я — гэта мой аркестр», няцяжка заўважыць, што назва пераклікаецца са словамі В. Гаявой.
З нечаканага боку ўбачыўся, дзякуючы дыялогу «Дабро і зло плывуць у адной лодцы», Леанід Левін. Аказваецца, ён быў не толькі выдатным архітэктарам, але і пісаў вершы, прозу. Як сведчыць З. Прыгодзіч, «Леанід Мендэлевіч — аўтар дзвюх «Хатыняў». Адна з іх — тая, што за Лагойскам — сусветна вядома. Мемарыяльны комплекс, які створаны на месцы спаленай фашыстамі вёскі, даўно стаў Надзвычайным Паўнамоцным Паслом Беларусі». Другая левінская «Хатынь» — аўтабіяграфічная аповесць з такой назвай. А вось Міхаіл Савіцкі («Свабода творчасці — гэта служэнне») не толькі ствараў цудоўныя мастацкія палотны, а яшчэ і садаводствам займаўся.
Духоўна ачышчаешся пасля дыялогу з Алесем Савіцкім «Толькі мужны дасягае мэты». Здавалася б, пра Алеся Ануфрыевіча ведаеш шмат, даводзілася з ім неаднойчы сустракацца, чытаць ягоныя кнігі, рэцэнзаваць іх. А тут таксама шмат у чым новы Алесь Савіцкі. Канечне, гэткі ж душэўна чысты, адкрыты, у многім даверлівы, але разам з тым куды больш відавочная ягоная жыццёвая мудрасць, разважлівасць, што дазваляе мець уласны погляд на падзеі, але ён настолькі ўсвядомлены, асэнсаваны і пераасэнсаваны, што з Алесем Ануфрыевічам нельга не пагадзіцца.
Змешчаныя ў кнізе і дыялогі з Барысам Сачанкам («Жыць інтарэсамі людзей»), Міхасём Казінцом («Музыка — душа народа»), Максімам Лужаніным («Сэрца паэтава біцца павінна дваццаць чатыры гадзіны»), Мікалаем Яроменкам («Я не ўмею жыць для сябе…»). Каторы з іх ні прачытаеш, застаецца пачуццё задавальнення: яны, як і згаданыя раней дыялогі, сведчаць пра глыбокую эрудыраванасць самога З. Прыгодзіча, ягонае ўменне раскрыць суразмоўцу. Зрэшты, героям кнігі сапраўды ёсць што сказаць, і яны ўмеюць гэта рабіць.
Думаецца, гэтыя новыя «Постаці» ў З. Прыгодзіча не стануць апошнімі. Хацелася б, каб з’явілася і трэцяя кніга дыялогаў. Балазе, творцаў, якія заслугоўваюць пільнай увагі, стае. Гэта будзе проста здорава: трылогія дыялогаў. Такога ў беларускай літаратуры яшчэ не было.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/03/12-2015.pdf