"Лета з добрай кнігай" на Валожыншчыне

«Лета з добрай кнігай» на Валожыншчыне

20 чэрвеня 2017 года  ў гасцёўні народнага літаратурна-мастацкага  аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра культуры адбылася сустрэча  “Пра вершы і загадкі” ў рамках акцыі “Лета з добрай кнігай” .  Маленькіх гасцей, а гэта былі  вучні 2-х і 3-х класаў з аздараўленчага лагера, які працуе на базе СШ №1г. Валожына, зацікавілі кнігі  вершаў для дзяцей кіраўніка аб’яднання, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціны Гіруць-Русакевіч  “Каляровыя вятры” і “А ці ведаеце вы?”. 

Напачатку Валянціна Францаўна расказала пра знакамітых творцаў Валожынскай зямлі і пра само аб’яднанне “Рунь”.  Апавядаючы пра ўласную твочасць, спынілася на названых кніжках, пазнаёміла з імі дзяцей, пасля чаго дзяўчынкі і хлопчыкі  самі захацелі  тут жа пачытаць услых  некаторыя вершы, што і зрабілі з задавальненнем. А яшчэ – паслухалі новыя вершы, дружна адгадвалі  загадкі, якія ўвойдуць у будучую кнігу В.Гіруць-Русакевіч для дзяцей.

Дамовіліся, што  тыя, хто ўжо спрабуе рыфмаваць, і жадаючыя навучыцца пісаць вершы, будуць прыходзіць  на заняткі ў Клуб-школу паэтычнага майстэрства “Летуценнік”, які з’яўляецца спадарожнікам  “Руні”.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.