Пісьменнікі Міншчыны: вынікі працы і перспектывы
12 лютага адбыўся справаздачны сход Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Але гэта было не зусім звычайнае мерапрыемства. У снежні мінулага года абласной пісьменніцкай арганізацыі споўнілася 20 гадоў.
З гэтай нагоды літаратары з усіх куткоў прысталічнага рэгіёну сабраліся ў абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. Былі падведзены вынікі працы за 2025 год, адбыўся абмен думкамі аб стане літаратурнага працэсу ў вобласці, абазначаны шляхі дзейнасці на бягучы год. Значную – святочную частку мерапрыемства занялі ўспаміны пра дзейнасць аддзялення ў апошнія два дзесяцігоддзі. З гэтай нагоды ў сходзе прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў, з якімі пісьменнікі Міншчыны плённа супрацоўнічаюць на літаратурна-асветніцкай ніве.

З прывітальным віншавальным словам да ўдзельнікаў сходу звярнулася Вольга Уладзіміраўна Топдэмір, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама. Яна падкрэсліла важную ролю пісьменнікаў у сацыякультурнай прасторы рэгіёна і ўручыла старшыні аддзялення Леаніду Крываносу Ганаровую грамату Мінскага абласнога выканаўчага камітэта “за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю сучаснай беларускай літаратуры, актыўную культурна-асветніцкую дзейнасць у Мінскай вобласці”.

Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Анатольеўна Стэльмах павіншавала пісьменнікаў ад імя кіраўніцтва Саюза, уручыла граматы публіцысту Зіновію Прыгодзічу, дзіцячай пісьменніцы Кацярыне Хадасевіч-Лісавой і паэту Рагнеду Малахоўскаму.
Ад Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь за плённае сумеснае культурнае ўзаемадзеянне каштоўныя ўзнагароды атрымалі публіцысты Павел Жукаў і Віктар Сабалеўскі. Як ветэрана органаў пагранічнай службы і арганізатара шматлікіх сумесных мерапрыемстваў адзначылі і кіраўніка аддзялення.

Словы ўдзячнасці за рэалізацыю двухбаковых творчых праектаў гучалі з вуснаў намесніка дырэктара па навуковай працы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алесі Кузняцовай, прадстаўніка Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Наталіі Жаркевіч. Ад Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі граматы і каштоўныя падарункі былі ўручаны пісьменнікам – ветэранам працы: Генадзю Аўласенку, Людміле Круглік, Аляксандру Хазяніну, Галіне Нічыпаровіч і Кастусю Цыбульскаму.


Не абыйшло ўвагай сваіх калег і кіраўніцтва аддзялення. Падзякай за шматгадовую плённую літаратурную працу і ў сувязі з 20-годдзем Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” былі адзначаны паэтэса, дзіцячая пісьменніца Марына Лайкова і празаік Таццяна Мушынская.

Пад час схода маладой паэтэсе Паліне Дваранскай быў уручаны членскі білет і нагрудны знак СПБ.
Упрыгожыла мерапрыемства фотавыстаўка “У аб’ектыве – пісьменнікі Міншчыны”, якую зладзіў намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ Рагнед Малахоўскі.


Сход прайшоў у цёплай добразычлівай атмасферы, закончыўся агульным фотаздымкам і доўгімі расставаннямі.

Прэс-служба МАА СПБ

















