Да Дня беларускага пісьменства. Літагляд – 2024 (па творах пісьменнікаў Міншчыны)
Share the post "Да Дня беларускага пісьменства. Літагляд – 2024 (па творах пісьменнікаў Міншчыны)"
У мінулым літаглядзе за 2023 год размова ішла пра якасць выдадзенай пісьменнікамі Міншчыны літаратуры і яе адпавяданні запатрабаванням часу. Несумненна, менавіта час дыктуе самыя актуальныя тэмы. Яскравае сведчанне таму – перавага кніг публіцыстычнага напрамку (20 твораў) сярод усіх выдадзеных кніг (67) літаратарамі Мінскага абласнога аддзялення ў 2024 годзе.
Узнікае слушнае пытанне: чаму гэты год стаў годам перавагі публіцыстычнай літаратуры? Адказаць не вельмі цяжка. Па-першае, Беларусь адзначала 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па-другое, у свеце набываюць перавагу спробы перапісаць гісторыю, пераацаніць традыцыйныя каштоўнасці, падымае галаву неанацызм. Так, аўтар публіцыстычнага выдання «Суперпозиция. Параллельные миры» (БЕЛТА) Сяргей Мусіенка дзеліцца ўспамінамі і разважаннямі аб развіцці Беларусі з 1994 года, гаворыць аб суперпазіцыі, у якой знаходзілася краіна ў пэўныя перыяды. З дапамогаю множных сведчанняў гісторыі – архіўных матэрыялаў, актуальнай статыстыкі, выразак з газет сярэдзіны 90-х і скрынаў сучасных СМІ – паказаны розныя пазіцыі “паралельных міроў”, якія прадстаўляюць сабой ідэалагічную парадыгму афіцыйнай ўлады, яе апанентаў, іншых палітычных і грамадскіх плыняў. Ад сябе магу дадаць з адсылам да цытаты з кнігі С.Мусіенкі: слухаем мы гэтыя “паралельныя міры” і часам забываем, што Беларусі ёсць чым ганарыцца. «В «параллельном мире» никогда не признавали очевидные успехи Беларуси последних десятилетий: экономический подъем многих отраслей и сохранение промышленности, решение вопросов продовольственной безопасности, наша миротворческая роль, освоение космоса и мирный атом, архитектурное преображение страны, модернизация Вооруженных Сил, успехи в медицине и культуре, строительство спортивных арен и оздоровление нации… Это и многое другое – повод нашей гордости ЗА Беларусь».
І як працяг: ганарыцца беларусы могуць і тым, што ў краіне арганізавана дзяржаўная падтрымка малым гарадам і пасёлкам, тройчы праводзіліся Гады малой радзімы: ўсё для таго, каб людзі памяталі аб сваіх каранях, аб месцы, дзе засталася часцінка іх душы. Пісьменнікі, у сваю чаргу, падымаючы краязнаўчыя тэмы, прыцягваюць інтарэс людзей да гісторыі і спадчыны роднага краю. Так, Віктар Сабалеўскі у кнізе “Дом, у якім мы жывём” расказвае пра адметных прадстаўнікоў Уздзеншчыны, Павел Жукаў у “Курорте моей мечты” гаворыць пра курортна-аздараўленчыя асабістасці Мядзельшчыны. Вядомы ў краіне краязнаўца і літаратуравед Алесь Карлюкевіч падрыхтаваў кнігу нарысаў, эсе, гутарак “Старонкі віцебскага краязнаўства”, у якой даецца шырокі зрэз цікавых гісторый мінулага Віцебшчыны.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працягвалася не толькі ў творах вядомага гісторыка Барыса Далгатовіча (новыя кніжкі у серыі “Гісторыя для школьнікаў”), але да яе звярнуліся і іншыя пісьменнікі Міншчыны. Так, Мікалай Смірноў выдаў публіцыстычны двухтомнік «Стена предательства» пра супрацьстаянне спецслужб на нябачных франтах, а Барыс Савінаў – «Триумф и трагедия семьи Казей». Дарэчы, за гэту кніжку Барыс Фёдаравіч атрымаў літаратурную прэмію Мінскага аблвыканкама. Мастацка-дакументальны твор расказвае аб сям’і Казей, якая жыла на Дзяржыншчыне, у Станькава. Імёны Героя Савецкага Саюза Марата Казея і яго роднай сястры Героя Сацыялістычнай Працы Арыядны Іванаўны Казей вядомы на Беларусі. Але шмат хто, і асабліва моладзь, успрымаюць Марата Казея як намінальны вобраз юнага героя, а пра яго сястру не ведаюць і зусім. Дык вось, аўтар пад час напісання кніжкі гутарыў з тымі, хто ведаў сям’ю Казей, тымі, хто ваяваў з братам і сястрой у партызанскім атрадзе, а затым сустрэўся і з самой Арыяднай Казей. “Во время разговора и пришло ко мне осознание той силы духа, которой обладала моя собеседница. В ней ощущался огромный духовный потенциал, который позволил ей совершить жизненный подвиг”, – напісаў Барыс Савінаў. Дачка “ворага народа”, асуджанага яшчэ ў даваенны час па паклёпу, была ў партызанах, страціла ступні ног, на пратэзах навучылася хадзіць, атрымала педагагічную адукацыю, працавала ў школе, стала Героем Сацыялістычнай Працы… Лёс нашых суайчыннікаў уражвае!
Дзіцячая літаратура таксама не хоча здаваць свае пазіцыі. Гэта і зразумела. Існуе пэўная сацыяльная запатрабаванасць у гэтай літаратуры. Калі, як не ў дзяцінстве, прывучаць дзяцей сябраваць з кнігай. Пісьменнікі аддзялення выдалі 15 дзіцячых кніжак. І калі у мінулым годзе яны былі прызначаны ў асноўным для малодшага і сярэдняга ўзросту, і ў літаглядзе я адзначала, што амаль няма кніжак для падлеткаў, то зараз абставіны мяняюцца.
Напрыклад, выдавецкі дом “Звязда” у серыі “Переходный возраст” выдаў кніжку пісьменніцы Ірыны Карнаухавай “Ботан”. Падлеткі – складаны народ. Іх унутраны свет здаецца неспасціжным, некаторыя іх учынкі не ўпісваюцца ў агульнапрынятыя нормы. Таму аўтар задаецца філасофскім пытаннем: ці можна знайсці кропкі судотыку паміж пакаленнямі і дастукацца да тынэйджараў, якія часта вядуць сябе абуральна, але пры гэтым валодаюць большай свабодай думкі і глыбінёй разважанняў, чым іх папярэднікі. Як лічыце, каго ў аповесці называюць Батанам? Я адразу падумала, што нейкага школьніка-завучку. Аказалася – настаўніка, новага класнага кіраўніка сямікласнікаў. Ці ўдасца знайсці ўзаемаразуменне настаўніку з падлеткамі? Дапамог турыстычны паход. Школьнікі разам у незвычайных для іх абставінах перажылі розныя эмоцыі, моцныя пачуцці і ўзрушэнні. Гэта ўсё дапамагло ім з’яднацца, адчуць адказнасць адзін за аднаго, лепш пазнаёміцца з педагогам… У новым навучальным годзе класнага кіраўніка васьмікласнікі ўжо паважана называлі Мацвей Леанідавіч.
Кніжка “Вока” Таццяны Дашкевіч, у склад якой увайшлі аповесць і апавяданні, толькі на першы погляд здаецца прызначанай для дзяцей малодшага ўзросту. На самай справе, гэта не так. У сваіх творах аўтар спрабуе прыадчыніць невядомыя таямніцы чалавечай душы праз лёсы жыхароў Беларусі. Аповесць “Вока” – гэта кранальная гісторыя кароткага і дзіўнага жыцця незвычайнага вясковага хлопчыка Вокі. Гэтую гісторыю расказвае гарадская дзяўчынка Лёля, якая праводзіць школьныя канікулы ў бабулі. Аповесць прыцягвае і захапляе цікавым сюжэтам, узаемаадносінамі паміж дарослымі і дзецьмі рознага ўзросту, у тым ліку і падлеткамі.
Дзіцячую прозу сваімі творамі папоўнілі Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Сяргей Клімковіч, Алена Стэльмах, Вольга Зайцава (Грамыка), Аляксей Шаўцоў і некаторыя іншыя пісьменнікі.
Сярод паэтычных зборнікаў звяртае на сябе ўвагу “Каб не спыніўся рух” Таццяны Каленік. Фарбы вершаў паэтэсы даволі меланхалічныя, аднак прыгажосць вобразаў і метафар, глыбіня думкі ахутваюць цяплом сэрцы чытача. Праз іх элегічную гаму прыадчыняецца таямніца бясконцасці часу.
Запыніцца, каб прачытаць верш, дапамагае вобразнасць:
“Усё пачалося
з перакрыжавання
вуліцы Янкі Купалы
і Віленскага тракту.
З мужчыны шаноўнага веку
ў белай кашулі.
З агародніны дый садавіны,
якую ён гадаваў
уласнымі рукамі,
сваёй любоўю,
недагледжанымі снамі,
якую распрадаваў цяпер
па невялічкім кошце…”
Гэтая ж маляўнічая асэнсаванная вобразнасць прымушае чытаць далей:
“Людзі праходзілі міма,
накіраваўшы погляды на краму,
каля якой мужчына
зладзіў “несанкцыянаваны
міні-гандаль”…
“Заварожвалі нястрымным водарам
яблыкі ды памідоры,
аднак прыпыніць строй,
які ўпарта маршыруе
ў напрамку агульнага руху,
не здолелі”…
Вершы Таццяны Каленік выклікалі разважанні, краналі за душу. Яшчэ можна дабавіць, што гэта першы паэтычны зборнік аўтара, у які ўвайшлі верлібры і ўласныя графічныя замалёўкі.
Адвечныя тэмы гучаць у вершах са зборнікаў Людмілы Круглік “Листая жизни прозу», Уладзіміра Цануніна “Гадзіннік цікае”, Сяргея Карыцькі “Цвіце ўспамінаў калоссе” і іншых. Гэта і каханне, і патрыятызм, і згода… Добрую частку ў іх займаюць дзіцячыя ўспаміны, прысвечаныя родным мясцінам, навакольнаму асяроддзю, праз якія паэты выказваюць свае адносіны да сучаснасці.
Кнігай паэзіі “На беразе мараў” адзначылася Наталля Жылевіч. Гэта першая кніжка пісьменніцы з Валожына, яна ж стала і першай кніжкай серыі “Бібліятэчкі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі”. У вершаваных радках чытач знойдзе шчырыя прызнанні ў любові да родных мясцін, пяшчотныя словы пра маці, трапяткі ўспамін пра дзяцінства, адчуе радасць і сум кахання, роздум над сэнсам жыцця, паглыбіцца ў разважанні пра адказнасць за сённяшні дзень і будучае краіны.
Вельмі вобразна сказаў пра паэзію ў прадмове да кнігі “На беразе мараў” вядомы беларускі паэт і публіцыст Навум Гальпяровіч: “Паэзія. Па-рознаму яна прыходзіць да людзей. Адных яна захоплівае, заварожвае на ўсё жыццё, становіцца паўсядзённым служэннем, для іншых яна – хвіліны адхлання, душэўнай асалоды, для трэціх – гэта праведзены за любімымі радкамі час, судакрананне з творчасцю носьбітаў мастацкага слова”. Свае адносіны да паэзіі Наталля Жылевіч выражае такім чынам:
“Што мой погляд
у параўнанні
з існасцю.
Мо ў марах
заблукала я?
Не.
То дзесьці
у путах рэчаіснасці
голас падае
душа мая”.
А яшчэ Навум Гальпяровіч напісаў: “Хай на гэтым беразе і далей нараджаюцца яе радкі і здараюцца светлыя імгненні дакранання да паэтычнага слова”. А мне хочацца дадаць такое пажаданне: “Няхай “Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі”, якой палажыла пачатак Наталля Жылевіч, папаўняецца добрымі творамі”.
Што цікавага можна адзначыць у празаічных творах пісьменнікаў Міншчыны 2024 года? У першую чаргу, жанравую разнастайнасць: гэта і гістарычна-фэнтэзійны раман Дзмітрыя Вінаградава «Кумир бронзовой птицы», і аповесці на ваенную тэматыку Рыгора Саланца “Снайпер Маша”, і дэтэктыўны раман Ганны Собалевай (Альхоўскай) “Холодный расчёт”, і містычная проза Івана Мітрайкіна “Маги. Когда приходит тьма”…
Асобна хачу прыпыніцца на кніжцы з назвай “Снайпер Маша”. Яе аўтар – пісьменнік і журналіст Рыгор Саланец. І хоць змешчаныя ў ёй творы з’яўляюцца мастацкай прозай, у аснове іх сюжэту ляжаць сапраўдныя падзеі ваеннага ліхалецця. Тры аповесці аб’яднаны тэмай выжывання і барацьбы звычайных людзей на акупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі з моманту, калі бот захопніка ступіў на беларускую зямлю, і да часу вызвалення не толькі нашай краіны, але і ўсёй Еўропы.
Гераіня аповесці “Снайпер Маша” Марыя Івушкіна – не беларуска па паходжанню, але змагацца з фашыстамі ёй прыйшлося на беларускай зямлі, замуж яна выйшла за беларуса, з якім пазнаёмілася на фронце, і пасля вайны жыла ў Мінску.
Семдзесят пяць фашыстаў знішчыла снайпер Маша ў гады вайны, але чамусьці рука не нажала на пускавы кручок, калі ў прыцэле вінтоўкі аказаўся маладзенькі нямецкі ваенны. Мінула паўвека, і ў Мінску адбылася іх сустрэча. Спачатку быў нечаканы званок з нямецкага пасольства: “ви, наверное, и ест тот чэлавек, котораго давно разыскивает господин Мюллер… Он тоже воевал, только против вас. Ви ему спасли жизнь. Он очэнь хочэт вас увидеть и поблагодарить…» Сустрэча адбылася дома ў Марыі Івушкінай, цяпер ужо Мароз.
“Герхард задал главный вопрос, похоже, не дававший покоя ему всю жизнь. «Почему тогда в Праге на крыше дома ты не выстрелила? У тебя же было исправно оружие?»
Мария Ивановна молча, кивком головы честно подтвердила: да, исправно. А после паузы тихо промолвила: “Пожалела я тебя. Твое лицо напомнило мне родного брата”.
Пасля наведання Хатыні разам з сям’ёй Марыі Іванаўны ўзрушаны Герхард прамовіў: “Будь навеки проклята война и породивший ее нацистский рейх!»
Аўтар кнігі “Снайпер Маша” вельмі яскрава перадаў агульнае жаданне ўсіх людзей, і беларусаў, і немцаў: нікому не патрэбна вайна!..
Упэўнена, што добра, калі чытачы, асабліва кнігалюбы са стажам, маюць багаты выбар мастацкіх твораў, з якімі можна пазнаёміцца. Кожны знойдзе кніжку на свой густ, і чытанне застанецца сярод іх захапленняў.
Напаследак адзначу, што акрамя традыцыйных напрамкаў мастацкай літаратуры пісьменнікі аддзялення паспрабавалі сябе і ў больш рэдкіх жанрах. Напрыклад, Ірына Карнаухава – ў драматургіі (“Шут и король» и другие», пьесы); Віктар Сабалеўскі – у гумары («Казёл у трэндзе»). Пры падтрымцы аддзялення быў выдадзены нотны зборнік песен “Радзімы песенныя сцежкі”. Гэты зборнік – вынік творчага супрацоўніцтва пісьменнікаў Міншчыны з беларускімі кампазітарамі. У кнігу ўвайшлі песні, прысвечаныя тэме перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, роднаму краю, лірычныя творы пра агульначалавечыя каштоўнасці. Ён прызначаны для выкарыстання прафесейнымі і аматарскімі музычнымі калектывамі, спевакамі.
Выснова: літаратарам Міншчыны ў творчасці падуласны і жанравая разнастайнасць, і шырокі тэматычны дыяпазон.
Працяг будзе.
Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА



















