Голас малой радзімы
Смаргонская зямля – малая радзіма маладой паэтэсы Паліны Дваранскай – студэнткі 2-га курса філалагічнага факультэта БДУ, члена Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У жывы арт-прастор, дзе перапляліся словы, музыка і вобразы, ператварылася Смаргонская раённая бібліятэка. Тут адбыўся літаратурны перфоманс, прысвечаны дэбютнай кнізе П. Дваранскай «Ардашынская рэфлексія», якая выйшла ў кніжнай серыі “Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі”.
Медыя-праект пад назвай «Малады голас Смаргоншчыны» цалкам апраўдаў сваю назву: адбыўся сапраўдны дыялог з маладым пакаленнем. Гаворка ішла не толькі пра асобную кнігу, але і пра феномен маладой беларускай паэзіі наогул, якая смела нясе ў літаратуру голас малой радзімы.

Сэрцам імпрэзы стала выступленне Паліны Дваранскай. Маладая пісьменніца чытала і свае вершы, і сучасных паэтаў – Навума Гальпяровіча і Віктара Шніпа. Слухачы сапраўды пачулі голас маладой Смаргоншчыны – гучны, шчыры і па-сапраўднаму важны.
На экране прайшоў калейдаскоп фотаздымкаў Паліны – дзяўчына на конкурсах, сустрэчах, з чытачамі – сведка яе шляху ад школьніцы да філфака студэнткі БДУ і аўтара ўласнай кнігі.

Падчас імпрэзы прагучалі словы падтрымкі ў адрас маладой аўтаркі ад намесніка старшыні Мінскага абласного аддзялення СПБ Рагнеда Малахоўскага, дырэктара раённай бібліятэкі Святланы Афанасьевай і журналіста газеты “Светлы шлях”, члена СПБ Галіны Антонавай.

Мы задалі некалькі пытанняў галоўнай гераіні свята.
– Паліна, з якімі пачуццямі Вы ехалі ў Смаргонь на сваю першую прэзентацыю?
– Ужо шосты месяц як выйшла кніга, а яе прэзентацыі, знаёмствы з аўдыторыяй працягваюцца. І я дужа рада, што мяне запрасілі на Смаргоншчыну. Вельмі хацелася пабачыць сваіх землякоў, паразмаўляць з імі. І вельмі хацелася, каб людзям запомніўся гэты дзень.
З асаблівай удзячнасцю я ўспамінаю Алу Клемянок. Калі я была ў 8 класе, наведвала заняткі па журналістыцы, якія паводзіла ў рэдакцыі газеты «Светлы шлях» Ала Леанідаўна. Яна на мяне моцна паўплывала і, галоўнае, – падарыла ўпэўненасць, што ў мяне атрымаецца пісаць па-беларуску.
– Ці працягвае вёска Ардашы, дзе вы нарадзіліся, быць галоўнай крыніцай натхнення для новых тэкстаў? Ці разглядаеце магчымасць вярнуцца да тэмы малой радзімы ў наступных працах, а можа, ужо працуеце над гэтым?
– Працягвае! І пераканана, што так будзе заўсёды: кожны раз, прыязджаючы дадому, я быццам адкрываю яе па-новаму (цуд!), штосьці заўважаю і канешне запісваю. Нават калі часам здаецца, што вось, маўляў, нічога новага ўжо не напішацца, малая радзіма чарговы раз даказвае адваротнае, нашэптваючы новыя тэмы, ідэі, вобразы!
Цяпер на канікулах я актыўна працую над рэдагаваннем і апрацоўкай чарнавікоў, накідаў ідэй, якія назапасіліся за некалькі месяцаў, працягваю запісваць свае ўспаміны, аповеды сям’і і суседзяў, звязаныя з Ардашамі, а яшчэ заканчваю нарыс «Мае Ардашы», які, мяркую, атрымаецца па-свойму душэўным, шчырым і цікавым.

– Які самы нечаканы водгук пачулі ад чытача дэбютнай кнігі «Ардашынская рэфлексія»?
– За столькі часу, безумоўна, было сказана шмат прыемных і цёплых слоў пра кнігу, а найбольш нечакана было пачуць на Дні пісьменства ў Лідзе: «Можа Вы не яшчэ адзін Купала, але дакладна другая Цётка!».
– Што б вы параілі школьніку ці студэнту са Смаргоншчыны, які толькі робіць першыя крокі ў літаратуры і баіцца дзяліцца сваімі тэкстамі?
– Тут, канешне, самае складанае, але дужа важнае – пазбавіцца ад гэтага страху. У кожнага свой шлях яго пераадолення (магчыма, знайсці «разынку» ў сваіх творах ці пачуць пахвалу), але ж потым будзе значна прасцей і цікавей рухацца наперад. Не трэба баяцца «стукацца» ва ўсе дзверы і спрабаваць. Магу сказаць, што сярод пісьменнікаў шмат тых, хто гатовы дапамагаць маладым, якія толькі пачынаюць шлях у літаратуру, хто падтрымлівае і дае каштоўныя парады. Вельмі шмат залежыць ад старэйшага настаўніка. Гэта літаральна можа змяніць усё, як у лепшы, так і ў горшы бок. Не ўпэўнена, што я б так паверыла ў свае сілы, калі б не Ала Клемянок, з якой мы рэдагавалі мае першыя вершы, каб не Рагнед Малахоўскі, стваральнік літаб’яднання «Майстэрня пісьменніка»пры СПБ, дзякуючы якому па ўсёй краіне знайшліся маладыя таленты, аднадумцы і пасябравалі між сабой. Гэта адметная цікавая супольнасць неверагодных людзей.

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ, “Светлы шлях”
Фота аўтара


















