Да Дня беларускага пісьменства. Літагляд – 2025 (па творах пісьменнікаў Міншчыны)

Часам чую размовы аб тым, што сярод пісьменнікаў Міншчыны мала моладзі, у асноўным сярод іх – людзі сталага ўзросту. На першы погляд, можа гэта і так. Але, разважаючы, разумею, што для паспяховай літаратурнай творчасці чалавек павінен мець нейкі жыццёвы вопыт, павінен умець сапастаўляць, ацэньваць, асэнсоўваць, абагульняць… Як сцвярджае народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец, “трэба разумець, што паэтам чалавек і ў пятнаццаць гадоў быць, але часта да дваццаці гадоў ужо згарае. А вось празаікамі становяцца, як правіла, у сталым узросце, гадам да сарака, а то і больш”.

Таму ў маладым ўзросце пісьменнікамі, бадай што, стаць могуць толькі тыя, у каго, як кажуць, ёсць “Божая іскра”, сапраўдны талент закладзены з нараджэння. І нават яны напішуць добрыя глыбокія мастацкія творы, на мой погляд, не раней, чым у гадоў трыццаць пяць і болей.

Тым не менш, серыя “Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі” папоўнілася ў 2025 годзе кніжкамі маладых аўтараў: “Ардышанская рэфлексія” Паліны Дваранскай і “Музыка хваляў і ветру” Максіма Хацкевіча. Гэтыя аўтары яшчэ зусім маладыя і толькі нядаўна былі прынятыя ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Іх першыя выдадзеныя кніжкі ўжо могуць крануць за душу асобнымі момантамі, некаторай арыгінальнасцю, самасцю.

 

“…Шчасце…

Адчуць душой дыханне лета,

Каханнем не хварэць, а лекавацца.

Адчуць сябе крыху паэтам

І анікому ў гэтым не прызнацца”.

 

“Божа, за што гэтае пракляцце,

За што гэтая распуста:

Усміхацца тым,

Каго хочаш парэзаць

Сваімі ж куточкамі вуснаў”.

 

Вершы Паліны Дваранскай напісаны ў традыцыйным стылі, але ўжо адчуваецца і адметнасць: ёсць вобразы, якія бачыць толькі яна; кранае шчыры лірызм мініяцюр, прысвечаных малой радзіме.

Празаічна-вершаваныя творы Максіма Хацкевіча – “сапраўдныя хвалі душэўнага роздуму і перажыванняў, за якімі бачны той самы пошук прыроды чалавека, яго ўчынкаў і паводзін”. Гэтыя словы належаць Алесю Бараноўскаму, паэту, кандыдату філалагічных навук, дацэнту.

Вось так, напрыклад, уяўляе для сябе Максім дні, вольныя ад працы, а не проста як звычайны адпачынак. “Пакуль выходныя, я зразаю наросты працоўнага тыдня. Заўтра я зноў пачну абрастаць, абараняючыся ад свету, узаемаадносін і непажаданых гасцей”. А вось як вобразна ён апісвае сваё пачуццё да каханай: “Мае рукі – крылы вечнасці. Імі я абнімаю цябе. Маё цела – гарачыя крыніцы, у якіх ты купаешся. Я ніякі не птушкалоў, але – неба для птушынага палёту, у якім сярод аблокаў не хаваюцца драпежнікі”.

Пажадаем маладым пачынаючым літаратарам не спыняцца, здзіўляцца і здзіўляць, пісаць, давяраць сваім пачуццям і рушыць наперад.

Трэцяя кніжка з серыі “Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі” напісана яшчэ дастаткова маладым, але ўжо з багатым літаратурным вопытам паэтам Рагнедам Малахоўскім. Гэта як раз той выпадак, пра які я казала ў пачатку літагляду: пісьменніку за трыццаць пяць. У прадмове да кніжкі “Дзе рачулка Нарачанка…” паэт Змітрок Марозаў назваў яе аўтара “далікатным лірыкам і глыбокім разважлівым філосафам”. У зборнік увайшлі творы, прысвечаныя малой радзіме паэта – Нарачанскаму краю. Вершы створаны аўтарам пад уплывам прыгажосці зямлі, якая для яго цесна пераплецена з першымі самастойнымі жыццёвымі крокамі і пачуццём першага незабыўнага кахання.

“Дождж малюе невядомыя ўзоры,

у якіх можна пабачыць тое, што было,

і тое, што яшчэ можа адбыцца –

забытыя ўсмешкі, няздзейсненыя мары…

………………………………………………

Дождж перакладае нашы думкі на сваю мову,

зразумелую толькі закаханым, тым,

хто можа даверыцца яго пяшчотным дотыкам,

хто ўмее прызнавацца ў каханні на мове дажджу”.

 

А вось тут і вобразнасць, і сюжэт, і філасофскі роздум:

 

“Мы кудысьці бяжым, як руплівыя, шустрыя вожыкі.

На калючках нясём, быццам лісце, і радасць, і боль.

А збіраем у сэрцы сяброў, нібы яблыкі ў кошыкі.

І ў жыццёвых віхурах не страчваем самакантроль”.

 

Да канца года ў Рагнеда Малахоўскага выйшла яшчэ адна кніжка вершаў “Шлях слязы”, шырэйшая па тэматыцы, жанравай палітры, імпрэсіўнай складаючай, філасофскім высновам.

Вось, напрыклад, кароткая імпрэсія:

 

“У дзённай мітусні

спазніўся на спатканне.

Са мной

на лавачцы

адпачывае ліст…”

 

А вось верлібр “Шалік для горада”:

 

“Тонкімі спіцамі вуліц,

пухнатымі ніткамі з кудзелі першага снегу,

абвіваючы дамы, як клапатлівыя рукі,

што дораць цяпло ў халодную раніцу,

позняя восень старанна вяжа

ў рубчыкі шалік для горада”.

 

І я буду гнуць сваю лінію: каб так вобразна-філасофскі пісаць, трэба мець жыццёвы і літаратурны вопыт. Гэта ён дапамагае Рагнеду Малахоўскаму ствараць у сваіх вершах яркія, сакавітыя вобразы, рабіць лагічныя высновы, якія дазваляюць чытачам глыбей адчуць і зразумець сапраўдную паэзію.

Пачала я літабзор-2025 з жанру, ў якім выдадзена найменшая колькасць кніжак літаратараў Міншчыны (8). А большая іх частка зноў прыходзіцца на дзіцячую літаратуру (40 з 68). Больш за ўсіх кніжак для дзяцей напісала Кацярына Хадасевіч-Лісавая (9), а Генадзь Аўласенка і Сяргей Клімковіч выдалі па пяць кніжак. Як раз тапанімічныя казкі Генадзя Аўласенкі звяртаюць на сябе ўвагу. “Чаму рэчка Уздзянка такую назву мае” – гэта не першая кніжка Генадзя Пятровіча з серыі “Тапанімічныя казкі”. У 2023 годзе было выданне “Як сем сыноў лесніка чорта перахітрылі”, а ў 2024 годзе – “Як валошкі назву гораду далі”.

Што ж такое тапанімічныя казкі? Гэта не звычайныя казкі, а такія, у якіх аўтар паспрабаваў адказаць на пытанні, з чым можа быць звязана паходжанне назвы таго ці іншага населенага пункта Мінскай вобласці.

“Пра назву рачулкі Жорнаўкі”, “Пра тое, як утварылася вёска Гаёўка”, “Як юнак Бабіч з чортам у бабкі гуляў”, “Адкуль назва Налібокаў і Налібоцкай пушчы пайшла”, “Як чарцяня тром братам дапамагло” (пра вёску Сухая Гара), “Легенда пра занадта прагнага пана і дачку Вужынага Цара” (пра вёску Ужанка)…  – гістарычныя звесткі пра населеныя пункты пададзены не ў сухім перасказе, а ў форме цікавых легенд пра вёскі, рачулкі, гарады, у якіх прырода адухаўляецца, прадстаўляецца жывой істотай, з якой магчыма мець блізкія стасункі. Аўтар спадзяецца, што юныя чытачы, якія пазнаёмяцца з незвычайнымі апавяданнямі пра таямніцы тапонімаў, усур’ёз зацікавяцца гісторыяй роднага краю. Генадзь Аўласенка вельмі правільна лічыць, што дзяцей павінна заахвочваць да вывучэння гісторыі роднай краіны, родных мясцін рознымі сродкамі, і тапанімічныя казкі згуляюць у гэтым немалую ролю. А яшчэ творчасць Генадзя Аўласенкі – гэта працяг традыцый вуснай народнай творчасці.

Вядомы савецкі дзіцячы пісьменнік Карней Чукоўскі казаў, што “пісаць для дзяцей трэба гэтак жа, як і для дарослых. Толькі лепш”. Ці атрымоўваецца гэта ў пісьменнікаў Міншчыны? Лічу, што атрымоўваецца. Бо дзіцячыя кніжкі  Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Генадзя Аўласенкі, Сяргея Клімковіча, Віктара Кажуры, Алены Стэльмах, Ірыны Карнаухавай, Святланы Быкавай і некаторых іншых не першы год карыстаюцца попытам у дзяцей і іх бацькоў. У чым іх поспех? На гэта пытанне неяк паспрабавала адказаць Алена Стэльмах, якая лічыць, што выбар дзіцячай кніжкі ў першую чаргу залежыць ад літаратурнага густу дарослых.

Крыху цяжэй прыходзіцца тым пісьменнікам, якія робяць толькі першыя крокі ў дзіцячай літаратуры. Для прыклада звярнуся да Аксаны Мітрошчанкавай і яе кніжкі “Аэрида”. У цэлым гэтая фантастычная гісторыя атрымалася цікавай, але, мне здаецца, што аўтар перанасыціла яе мудрагелістымі імёнамі і назвамі: Аёрын, Эльдар, Палуна, Аэрыда, Ждана, Эніэр… Яны перашкаджаюць лёгка ўспрымаць казачны расповед, адцягваюць увагу ад сюжэтнай лініі, перашкаджаюць пільна сачыць за прыгодамі герояў.

Пісьменніца Алена Капыток (Падкацік) надрукавала у выдавецкім доме “Звязда” сваю першую падлеткавую аповесць “Любить нельзя забыть” у серыі “Переходный возраст”. Кніга прызначана для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту. Пачынаючы чытаць, думаеш, што гэта звычайны любоўны трохвугольнік, толькі ў пераходным узросце, калі пачуцці бурляць, як раскалены вар: каханне, рэўнасць, недавер… Не хацелася б, каб усё закончылася трагедыяй. Але трывіяльнасці дзеці, асабліва падлеткі, не прымаюць. І аўтар прыдумала цікавы сюжэтны ход з дапамогай пісем мамінага юнацтва і кахання, ласкі, дабрыні. Напрыканцы аповесці гераіня робіць выснову: “Теперь это и мой Неприкосновенный Запас Нежности, Тепла, Добра, Заботы… Я обязательно пройду свой путь и пойму, в чем его смысл. И пусть будет трудно, пусть будет очень трудно. Это мой путь…” Мне здаецца, што кніжка абавязкова знойдзе свайго чытача сярод падлеткаў і, нават, іх бацькоў.

Сярод празаічных кніг выдзяляецца “Ку-ку, мой мальчик» Леаніда Крываноса, у якую ўвайшлі аповесці і апавяданні. Творы аўтара адрозніваюцца гістарычнай праўдзівасцю апісваных падзей. Гэта быў час сацыяльна-палітычных трансфармацый, праходзячых у савецкім грамадстве і ў пастсавецкі перыяд. Аповесць «Акафист всем скорбящим» адносіць чытача ў часы ўстанаўлення савецкага ладу ў беларускай вёсцы, утварэння калгасаў і барацьбы з рэлігіяй, «опиумом для народа». Большасці нашых бабуль і дзядуль прыйшлося прайсці праз забарону веры, якую яны ўвабралі з матчыным малаком. І гэта было нялёгка. Аповесць «Прощеное воскресенье» – аб узаемаадносінах паміж людьмі. Тэма жыццёвая. Ва ўсе часы. І зараз актуальная, ні чуць не меней. Апавяданне «Демарш» обывателя» «бярэ за душу», у ёй абуджаецца не толькі пачуццё жалю, але і абурэнне часта сустракаючыміся  абыякавасцю, грэбаванне і жорсткасцю адных людзей да другіх…

Пісьменнік Леанід Крыванос знайшоў нетрывіяльныя сюжеты з жыцця звычайных людзей, здолеў пераўтварыць іх у гісторыі, якія кранаюць за душу, таму што маглі здарыцца з кожным чалавекам, яго родным, блізкім, знаёмым. Ды, мабыць, і здараліся… Таму што жыццё – менавіта, такая паласатая штука: гора і радасць суседнічаюць увесь час. Галоўнае – здолець не пераўтварыць сваё жыццё ў суцэльную чорную паласа. Зрэшты, у белую таксама не варта. Раптам здарыцца зрух па фазе!

Па жанравай тэматыцы пераклікаецца з папярэднім выданнем кніга Таццяны Цвірко “Не спазніся…”. Рэалістычныя апавяданні і эсэ поўныя аўтарскай шчырасці і глыбіні перажыванняў. Чытач знойдзе там разважанні і пра складаны маральны выбар, і пра ўнутраныя канфлікты, і пра жыццёвыя ўрокі.

Назва кнігі ўжо адразу прапаноўвае чытачу задумацца: “Не спазніся…” Не спазніцца куды? Пісьменнік, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха, які напісаў прадмову для кнігі Таццяны Канстанцінаўны, трактуе яе назву такім чынам: “… вельмі важна ўсё ў жыцці рабіць своечасова, каб паспець здзейсніць тое, істотнае, пакуль ёсць магчымасць…” А яшчэ Уладзімір Саламаха называе аўтара кнігі “летапісцам жыцця сваіх землякоў, іх дзеянняў, памкненняў і мар”. І праўда, героі апавяданняў і эсэ – звычайныя людзі, здаецца, добра вядомыя аўтару. Магчыма, некаторыя з іх уяўляюць сабой збіральны вобраз некалькіх яе знаёмых, землякоў, родных. І апісанні прыроды, быту, звычак так яскрава выпісаны, што не можа быць сумненняў у тым, што гэта ўсё аўтару добра знаёма. ”Лёнік”, “Схаваная пагроза”, “Споведзь”… Там ўсюды праступае малая радзіма, якая захавалася ў яе сэрцы назаўжды.

“Рэалістычнасць твораў аўтара дапамагае нам ўбачыць свет такім, які ён ёсць, без прыкрас. І менавіта гэтая шчырасць усёй прозы пісьменніцы заклікае чытача да роздуму пра жыццё наогул”, – сцвярджае Уладзімір Саламаха, і я з ім цалкам згодна.

Літагляд твораў пісьменнікаў Міншчыны за 2025 год будзе непоўным, калі нічога не сказаць пра калектыўны зборнік “У іх жыцці была вайна”, які стаў вынікам сумеснай працы Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. У кнізе змешчаны асобныя паэтычныя, празаічныя і публіцыстычныя творы членаў Мінскай абласной пісьменніцкай арганізацыі, якія з’яўляюцца ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, ці чыё дзяцінства прыйшлося на гады ваеннага ліхалецця.

Час бязлітасны. На жаль, амаль што не засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай, зусім мала і яе сведкаў. Тых, хто яшчэ можа што небудзь расказаць з першых вуснаў. Тым больш літаратараў. Іх адзінкі. Вось і ў Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі за ўвесь час яго існавання на ўліку знаходзіліся двадцаць пісьменнікаў – былых франтавікоў, партызан і тых, чыё дзяцінства зруйнавала вайна. Усе яны значную частку жыцця прысвяцілі літаратурнай творчасці і пасля сябе пакінулі адметную спадчыну, праз якую так ці інакш перадалі ўспаміны, адносіны да таго часу. Гэта голас тых, у чыім жыцці была вайна. І вельмі важна, што гэты голас гучыць у 80-ю гадавіну Вялікай Перамогі.

У аповесці-хроніцы “Бывай, Грушаўка!” Галіна Васілеўская так перадае свае дзіцячыя ўражанні аб пачатку вайны: “Мы чулі выбухі адзін за адным, частыя, гулкія. Дрыжала зямля. Неба стала чорным ад дыму. Дым засланяў сонца. Ажно сюды, у пасёлак, гарачы вецер даносіў абгарэлыя лісты паперы. Яны кружыліся ў небе над дамамі, над дрэвамі і ціха клаліся на зямлю. Дзінькала шкло ў вокнах, і на двор падаў чырвоны пыл.

У нашым дашчаным хлеўчыку хаваліся ад бамбёжкі, ад асколкаў нашы суседзі: мая аднакласніца Зінка з мамай, прадаўцом магазіна, Лёдзя, мастачка і самая прыгожая жанчына не толькі ў нашым доме, а на ўсім пасёлку, яе дзве дачушкі, Надзя і Эрка, цётка Шура і я з мамай. Хворая бабуля засталася ляжаць дома…”

А Васіль Гурскі ўспамінае часы акупацыі і свой прыход да народных мсціўцаў: “Я і мой сябар Іван Гурскі (Юлісеў) знаходзілі зброю, спрабавалі страляць, адносілі далей ад «склада» і хавалі. Не пападаліся нам толькі наганы ці пісталеты. Кожнаму хацелася мець іх. Мы шукалі, хадзілі ажно да чыгункі, дзе адбыўся бой чырвонаармейцаў з немцамі ў час прарыву ў лясны масіў праз дарогу Стоўбцы – Негарэлае. Але кішэннай зброі не знаходзілі. Патрэбную знаходку знайшлі ў пасёлку ў хаце Тамаша Тарбэцкага”.

“Летам я пайшоў у партызаны, нібы гаварыў: рабіце, як я, бярыце зброю ў рукі і выганяйце захопнікаў з нашай зямлі. Мае аднакласнікі так і рабілі”.

Чытач мае магчымасць пранікнуцца літаратурна-мастацкім адлюстраваннем франтавых падзей, болем страты родных і блізкіх, запаветам для нашчадкаў захоўваць памяць аб мінулым, аберагаць мір і спакой беларускага народа, ствараць надзейную будучыню.

Працягам тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны для літаратараў Міншчыны стаў альманах “Граніца літаратурная”, чацвёрты нумар якога быў цалкам прысвечаны гэтай тэме і складаўся з твораў членаў Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Вершаваныя, празаічныя і публіцыстычныя творы сведчаць аб тым, што подзвіг савецкага народа, абараніўшага увесь свет ад фашысцкай чумы, не забыты, ён у сэрцах нашых людзей назаўсёды. Альманах – гэта прыклад плённага супрацоўніцтва  пісьменнікаў Міншчыны з Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Закончыць агляд ўсіх прачытаных мной кніг, якія выдалі літаратары Міншчыны ў гэтым годзе, хачу словамі паэта, вядомага дзіцячага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Сяргея Міхалкова: “Па-сапраўднаму таленавіты пісьменнік – гэта летапісец часу, якому ён належыць. І чым выразней у літаратурным творы прадстае эпоха, тым вышэй значэнне пісьменніка”.

Таму лічу, што  члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – гэта летапісцы свайго часу.

Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА