Кнігі, якія нас мяняюць
Зіма ў Любані завяршаецца на высокай інтэлектуальнай ноце. 25 лютага чытальная зала Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя І.А. Муравейкі напоўнілася асаблівай атмасферай — тут сабраліся тыя, хто шануе трапнае слова і шчырыя сэнсы. З любанчанамі сустрэліся старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік Леанід Крыванос і яго намеснік, паэт Рагнед Малахоўскі.

Адбылося не проста шараговае мерапрыемства, а сапраўднае свята слова. Леанід Міхайлавіч, чалавек з багатай жыццёвай і творчай біяграфіяй ад салдата да палкоўніка, прыўносіць у літаратуру асаблівую мужнасць і сумленнасць. Яго кнігі, такія як «К истокам», «Прощеное воскресенье», «Ку-ку, мой мальчик» і іншыя даўно знайшлі свайго чытача. У тандэме з ім выступіў Рагнед Малахоўскі – аўтар, чыя душа “пявучай птушкай лунае ў нябёсах”, а вершы прымушаюць па-новаму зірнуць на звыклыя рэчы. Рагнед Юр’евіч прэзентаваў сваю кнігу “Шлях слязы”.

Для бібліятэкі, якая носіць імя знакамітага земляка Івана Муравейкі, правядзенне сустрэч такога фармату і ўзроўню стала добрай традыцыяй. У жыхароў горада з’явіўся ўнікальны шанец не проста паслухаць вершы і ўрыўкі з прозы, але і задаць аўтарам пытанні, якія часта застаюцца паміж радкоў.




Па матэрыяле аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы
ДУК “Любанская раённая цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі”

















