І льюцца з кроплямі радкі
Такую назву мела чарговае пасяджэнне літаратараў Уздзеншчыны, што сабраліся напрыканцы чэрвеня ў літаратурнай гасцёўні “У Паўлюка” пры Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса. Але не толькі пра спякотнае летняе надвор’е ці прахалоду ад дажджу вершаванымі ды лірычнымі празаічнымі радкамі гаварылі пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення СПБ, члены літаб’яднання “Нёманец”.

Галіна Нічыпаровіч падзялілася радасцю ад прызавога месца ў творчым конкурсе, арганізаваным рэдакцыяй газеты “Друг пенсионера”. Валянціна Шытыка паведаміла пра працу над новым раманам, які верне нас у Францыю і Расію пачатку пазамінулага стагоддзя. У нечаканай для калег творчай ролі выступіў Віктар Сабалеўскі, прадэманстраваўшы аўдыёзапісы некалькіх песень на ўласныя вершы. Падтрымала лірычна-музычны настрой прысутных выкананнем сваіх песень і Вольга Бокуць-Чабатарова. А нядаўнія навічкі літаб’яднання Галіна Клаўдзіна і Іна Дворак пацвердзілі, што не выпадкова далучыліся да творчых спраў старэйшых калег – у серыі “Бальзам жывых крыніц” пры раённай бібліятэцы выйшлі кніжкі іх вершаў. Няхай яны яшчэ не такія дасканалыя, як у больш вопытных літаратараў, але ж пачатак зроблены, і наперадзе шмат цікавых спраў.
Прэс-служба МАА СПБ

















