Родны край натхняе

Здаўна Уздзеншчыну называюць салаўіным кутком Беларусі. Прынёманская зямля стала малой радзімай для некалькіх дзясяткаў паэтаў, пісьменнікаў, якія мастацкім словам апявалі прыгажосць роднага краю, сваёй творчасцю істотна ўзбагацілі айчынную літаратуру.

Але ж не толькі на такія таленты багата гэтая зямля. Яна стала крыніцай натхнення для многіх мастакоў. Адметны след у гісторыі раёна і ў выяўленчым мастацтве Беларусі пакінулі Яўгеній Зак і Міхась Рагалевіч, Сцяпан Андруховіч і Юзаф Пучынскі, Іван Салавей і Лявон Грышук, Уладзімір Ткачоў і Віктар Берасневіч, Уладзімір Буднік і Уладзімір Курдзюкоў, нашы сучаснікі Алесь Філіповіч і Андрэй Лычкоўскі, Віталій Мкртчан і Уладзімір Кучук. У кожнага з іх свая манера пісьма, свой творчы почырк, а аб’ядноўвае ўсіх адно – любоў да Радзімы, жаданне захаваць на палотнах для нашчадкаў непаўторныя краявіды роднага краю, выхоўваць у людзей пачуццё прыгожага.

Карціны уздзенскіх мастакоў, а таксама творцаў з іншых куткоў Беларусі, якія на сваіх палотнах адлюстроўвалі прыгажосць нашага краю, натхнілі члена Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктара Сабалеўскага на вершаваныя радкі. Нядаўна ў друкарні “Перамога” (г. Маладзечна) выйшаў з друку міні-альбом “Словам, фарбай, натхненнем”, у якім змешчаны найбольш удалыя работы майстроў пэндзля і лірычныя радкі паэта, што з’явіліся пад уражаннем ад іх прагляду. Няхай жа спалучэнне паэтычнага слова і сродкаў выяўленчага мастацтва паспрыяе стварэнню добрага настрою, станоўчых эмоцый у жыхароў і гасцей Уздзеншчыны.

Прэс-служба МАА СПБ