Голасам свайго пакалення

У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы прайшоў фестываль паэзіі «Голасам свайго пакалення», прымеркаваны да 108-годдзя з дня нараджэння знакамітага беларускага паэта. Сярод рознапланывых мерапрыемстваў фестывалю адметнымі былі творчыя сустрэчы з паэтэсамі  Мінскага абласнога аддзялення СПБ Ірынай Карнаухавай і Таццянай Цвірко.

“Літаратурныя героі сярод нас” – так называлася імпрэза Ірыны Аляксандраўны для вучняў 2-га класа адной са школ горада.

З навучэнцамі 1-2 курсаў Нясвіжскага педагагічнага каледжа імя Я. Коласа сустрэлася Таццяна Канстанцінаўна. Яе выступленне насіла назву “Пішу і сэрцам, і душою…”

І дзеці, і навучэнцы з цікавасцю слухалі вершы, прозу, песні. Пісьменніцы расказвалі пра тое, як нараджаюцца творы, што служыць крыніцай натхнення, як літаратура дапамагае лепш разумець сябе і акружаючы свет. Слухачы былі актыўнымі, задавалі шмат пытанняў. А адну з удзельніц сустрэчы чакаў сюрпрыз – Т. Цвірко падарыла навучэнцы каледжа сваю кнігу вершаў з аўтографам за самае цікавае пытанне.

Прэс-служба МАА СПБ