Зямля бацькоў натхняе
Яшчэ не так даўно ўздзенцы ў размове са знаёмымі з іншых рэгіёнаў краіны ў якасці аргумента, што пацвярджаў адметнасць, унікальнасць нашага наднёманскага краю, прыводзілі такі факт: менавіта ў нашым раёне ёсць вёска, якая дала беларускай літаратуры трох пісьменнікаў – у Нізку нарадзіліся Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва і Лідзія Арабей. А з нядаўняга часу можна сцвярджаць, што такія вёскі на Уздзеншчыне дзве. З Чурылава пайшлі ў вялікую літаратуру Алесь Якімовіч, Васіль Шырко і Таццяна Цехнебедзіна.
21 сакавіка, у Міжнародны дзень паэзіі, у Палацы культуры прайшла юбілейная вечарына з нагоды дня нараджэння члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Тацццяны Цехнебедзінай і прэзентацыі яе новай кніжкі для дзяцей “Соніны канікулы”. Першыя дзве, “Куток майго дзяцінства” і “Таямнічы дамавічок”, знайшлі ўжо сваіх прыхільнікаў, карыстаюцца папулярнасцю ў чытачоў бібліятэкі. А яшчэ на стэндзе, дзе была прадстаўлена творчасць нашай зямлячкі, госці мерапрыемства змаглі ўбачыць і пагартаць звыш дзесяці калектыўных зборнікаў з творамі Таццяны Віктараўны, у тым ліку і чытанку для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.
Акрамя дзіцячай тэматыкі адметнае месца ў творчасці гэтай жанчыны займае тэма роднага краю. Яшчэ далёка да абвяшчэння Года малой радзімы Т. Цехнебедзіна проста, шчыра і цікава пісала пра знаёмыя з дзяцінства аколіцы Чурылава, аднавяскоўцаў-працаўнікоў, маляўнічыя краявіды Уздзеншчыны. Чытачы “Чырвонай зоркі” (а вершы, замалёўкі паэткі сталі рэгулярна з’яўляцца на старонках раённай газеты пасля 2006 года, калі пасябравала яна з літаб’яднаннем “Нёманец”) з цікавасцю чыталі і яе новыя творы, прысвечаныя тэме вайны, пра каханне, байкі і вершаваныя гумарэскі.
— Чытаючы творы Таццяны Віктараўны, становіцца лёгка, светла на душы, — адзначыла, вітаючы віноўніцу ўрачыстасці і ўручаючы грамату, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Быкава. – Няпроста пісаць для дзяцей, знайсці з імі агульную мову, ствараць цікавыя вобразы. Вам гэта ўдаецца. Няхай жа і надалей здзяйсняюцца ўсе вашы творчыя задумы!
Цёплыя словы віншавання і найлепшыя пажаданні ў адрас імянінніцы агучылі сябры з літаб’яднання “Нёманец”, член Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Славамір Даргель, намеснік дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Максімовіч, настаўніца Зенькавіцкай базавай школы-сада Алена Хворастава, сяброўкі. Прыемнай нечаканасцю стала для паэткі вершаванае прывітанне ад народнага хору “Спадчына” з горада Горкі Магілёўскай вобласці. І наш хор ветэранаў “Надзея” адрасаваў імянінніцы некалькі песень, а задорную мелодыю “18, мне снова 18!” падхапіла і сама Таццяна Віктарана, бо не першы год з’яўляецца членам гэтага спеўнага гурта. А юныя чытачы з дзіцячай бібліятэкі інсцэніравалі адзін з яе жартоўных дыялогаў.
Прыемна было матулі Т. Цехнебедзінай, дзвюм яе дочкам, унукам, што прысутнічалі на мерапрыемстве, слухаць цёплыя словы пра роднага чалавека. А станоўчая ацэнка творчых памкненняў з боку калег, сяброўская крытыка, безумоўна, павінна паслужыць стымулам для стварэння новых твораў, вартых усеагульнай увагі.
Віктар САБАЛЕЎСКІ
На здымках:
Дзеці не толькі чытаюць творы Таццяны Віктараўны, але і інсцэніруюць іх
З творамі Таццяны ЦЕХНЕБЕДЗІНАЙ знаёміцца старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана БЫКАВА