Знаёмцеся: шорская паэтэса і мастачка ЛЮБОЎ АРБАЧАКАВА. Вершы ў перакладзе Святланы Быкавай.
Share the post "Знаёмцеся: шорская паэтэса і мастачка ЛЮБОЎ АРБАЧАКАВА. Вершы ў перакладзе Святланы Быкавай."
ЛЮБОЎ АРБАЧАКАВА – мастак, паэт, празаік, кандыдат філалагічных навук, нястомны збіральнік шорскага фальклору.
Нарадзілася Любоў Мікітаўна 1 мая 1963 г. у пасёлку Анзас Кемераўскай вобласці (Расія, Кіргізстан). Скончыла Новакузнецкі педінстытут, выкладала шорскую мову. Пераехаўшы ў 2000 годзе ў Новасібірск, стала старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце філалогіі Сібірскага аддзялення РАН. Аўтар паэтычных зборнікаў на шорскай і рускай мовах («Онзас черим» (“Тернии души”) (2001)), «Колыбель любви» (2004), «Песни шориянки» (2011), і інш. Друкавалася ў зборніках «Чедыген», «Кузнецкая крепость», «Огни Кузбасса», «Сибирские огни», «Наш современник» і інш. Аўтар слоўніка шорскай мовы ў малюнках «Каас-пичиги» (сумесна з Ф. Г. Чиспияковой), укладальнік зборнікаў «Алып Кускун. Шорское героическое сказание» (Новасібірск, 2011 г.); «Фольклор шорцев» (Новасібірск, 2010 г.). Удзельніца шматлікіх мастацкіх выстаў. Яе мастацкія творы захоўваюцца ў музеях Хакассіі, Омскай і Кемераўскай абласцей. Лаўрэат кузбаскай прэміі імя Н.І. Бачыніна ў намінацыі «Жывапіс». Узнагароджана медалем Адміністрацыі Кемераўскай вобласці «За асаблівы ўклад у развіццё Кузбаса» 3-й ступені (2003).
Прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцця карэннага насельніцтва. Жыве ў Міжрэчанску.
Творчасць Любові Арбачакавай прасякнута ціхім, добрым і мудрым духам яе радзімы – Горнай Шорыі. Нават птушкі, кветкі і коні на яе малюнках – такія, якіх можна ўбачыць толькі ў Горнай Шорыі, і больш нідзе на ўсім белым свеце. І ў вершах яе гучыць музыка ветра, які жыве толькі ў Шорыі, і чуецца пах снягоў і кветак, якія бываюць толькі ў гэтым рахманым, задуменным краі … На сённяшні дзень Любоў Арбачакава – першы і адзіны ў гісторыі шорскага народа* член Саюза мастакоў Расіі. Першы і адзіны – гэтыя два словы патрабуюць цішыні і разважання…
_________________________________________
* Шорцы – тюркамоўны народ,які жыве ў паўднёва-усходняй частцы Заходняй Сібіры, а таксама ў некаторых раёнах Рэспублікі Хакасія і Рэспублікі Алтай, Краснаярскага і Алтайскага краёў. Агульная колькасць – каля 14 тысяч чалавек (Вікіпедыя).
Выбраныя вершы са зборнікаў “Які хуткаплынны час…” і “Далёкія горы Шорыі…”
***
Калі плача народзе мой –
Мой народ, я заўжды з табой!
Гэта знак самы верны і першы –
Час настаў пісаць мне вершы!
***
Не для славы пішу
увесь час з году ў год:
да такіх, як і я –
да Сусветных бадзяг –
заклік мой і зварот!
***
Я – шарыянка Расіі.
Яшчэ не запомніла ўсе
Рускія песні народныя,
А ўжо забываю родныя…
***
Мастачка вольная цяпер я:
Сама ў сабе… І сэрца дзверы
Я зачыніла і маўчу –
Пустога слова не скажу.
***
Горы Шорыі* ў травах і кветках
Узнялі ў неба спіны свае.
Духі гор гэтых кветкавых зрэдку
Сны фарбуюць начныя мае.
___________________________________
*Горная Шорыя – так называецца паўднёвая частка Кемераўскай вобласці, дзе сыходзяцца у вузел храбты Паўночна-Усходняга Алтая , Кузнецкага Алатау і Салаірскага кража. За незвычайную прыгажосць прыроды гэты край яшчэ называюць Сібірскай Швейцарыяй.
***
Зараслі сцежкі ўсе ў мой Анзас* –
Нават конь праз гушчар не праб’ецца.
“Дзякуй” трэба мядзведзю сказаць,
Што да вёскі дарожка віецца.
________________________________________
* Анзас – назва вёскі
***
Таг-ээзі* – вяршынь уладарка –
Спадарожніка здзівіць красой
Незвычайнай, прывабліва-яркай.
Хто захопіцца той прыгажосцю,
Стане вечным гор Шорыі госцем…
_____________________________________
*Таг-ээзі – духі прыроды ў хакасскай міфалогіі
***
Не памерлі паданні-быліны
Пра алыпаў* кіргізскай зямлі.
Сэрца плача і ў роспачы стыне:
Бо жывуць сёння тыя героі
Толькі ў эпасе ды ў маіх мроях…
________________________________________
*алып – волат
***
Гаворкі роднай я не чую
Сярод суродзічаў сваіх.
І назіраючы, бядую –
Мяняецца аблічча іх…
***
Я наведала родны Анзас:
Мой ачаг даўно згас,
Разбураецца дом…
Толькі звонкі ручай,
Як у той, стары час,
Ладзіць песні для нас.
***
Самы доўгі, духмяны – апошні ўздых…
Таму пах чарадзейны і ў скошаных траў,
І ў парэчак, якія ў далонях маіх.
***
Небяспека міне –
Праляціць нада мной
Слова вострай стралой:
Абароніць мяне
Дух не страчаны мой.
***
Мару трапіць на луг я вясной –
Толькі вецер і сонца – са мной!
Будуць слых лашчыць ціхія словы –
Кандыкоў з медункамі размовы…
***
Па зямлі роднага аала*
Прабеглася басанож.
Цяпер і душа, і ногі ў стрэмках …
_______________________________________
*аал – (ад працюркскага aγyl) – вёска, паселішча
***
Ісык-куля дух стары
Тайны продкаў сцеражэ.
Я да ранішняй пары
Правяду абрад краплення:
“Таямніцы забяры!” –
Усе тайны, што я маю,
Дух азёрны захавае.
***
Над ракой Мрасу, як дзіва:
Скрозь тумана калаверць
Скача некуды гуллівы
Лёгкі конік белагрывы.
Ды не можа даляцець…
***
Кінула дробны каменьчык
У рэчку – у сонечны шарык.
Захваляваўся праменьчык –
Сонечны зморшчыўся тварык.
***
Па-над дахам маім жураўлі
Пэўна, сцежку ў нябёсах праклалі:
Чула сумнае ўвосень “курлы!”.
Па вясне, як заўжды, жураўлі
Гучнай песняй мяне павіталі!
***
Хан-беркут кружыць у нябёсах –
Здабычу пільна выглядае.
Вышынь і думкі мае просяць –
Ляцяць туды, дзе ён кружляе.
***
Шаман камлае апантана –
З душы хваробы дастае.
У куце – твар Марыі-Панны.
Ды сум у поглядзе яе…
***
Снежны калючы вецер
Сарваў пялёсткі кандыка*.
Яшчэ ўчора ён квітнеў…
______________________________
*Кандык – эрытроніум (лац. Erythronium) – род травяністых мнагалетнікаў сямейства лілейных, прадстаўнікі якога растуць у прыродзе ў горных лясах Паўночнай Амерыкі, Еўропы, Паўднёвай Сібіры, Маньчжурыі і Японіі.
***
Мне падарылі ружы.
Толькі вечар любавалася я імі:
Усё, што зрэзана, нядоўга жыве!
***
Выпадкова
У горнай рэчцы
Злавіла погляд сонца.
Вочы не адвяду,
Нават калі аслепну –
Імгненне шчасця!
***
Хоць не ведалі рукі цябе,
Я сумую заўжды па табе.
Хоць не ведалі губы цябе –
Мне цябе аднаго не стае…
***
Нітка сівая на скронях блішчыць,
Комусам* сэрца жывое звініць:
Вось і прыйшло да мяне на спатканне
Доўгачаканае шчасце кахання!…
_____________________________________
*комус — назва музычнага інструмента ў шорцаў
***
Сняжынкі-матылі ў вакне
ў пакой імкнуцца да мяне.
Але ж таго, хто закаханы,
паўночны холад абміне.
***
Не клічце мяне
Любоўю Усявышняга
Прычашчацца.
Без зямной любові
Мне не пражыць.
***
Вельмі доўгі мой шлях…
Я баюся на ім
Страціь нават аскепкі
Вялікай любові…
МІМАЛЁТНЫЯ ЎРАЖАННІ
***
Юнацтва з братамі і сёстрамі
Было поўнае пазбаўленняў.
Сталасць – сытая, але ж у адзіноце…
***
Рака Мрасу разлілася так,
Што дабралася да брамкі …
Фатаграфуюся, быццам на беразе мора.
***
Спяваюць птушкі, квітнеюць кветкі.
На мае званкі няма адказаў –
Не заўважаю ні птушак, ні кветак.
***
У жаданні падрасці
Мой сын-жэўжык
Увесь дзвярны вушак скрэмзаў.
***
Малы ўпершыню ўбачыў жабу.
Дакрануўшыся – здрыгануўся.
***
Прырода засынае:
Разам з бульбай
Жабянятак адкапала.
***
Вясновае сонца слепіць!
Сабіраліся ссекчы старую чаромху –
А яна зноў уся ў кветках! …
***
Галінкі сядзяць на дрэве,
Кветачкі – на аблоках растуць.
***
Летняй спякотай
Жабе ўтульна ў нашым прахалодным склепе.
Шкада: няма камароў, каб паласавацца.
***
Па мінулагодняй траве
Рассыпаліся пралескі –
Быццам фата на старой дзеве.
*
З шорскай. Пераклад Святланы Быкавай.