Зіновій Прыгодзіч

Прыгодзіч Зіновій Кірылавіч нарадзіўся 15 кастрычніка 1944 года ў вёсцы Лышча Пінскага раёна. Пасля заканчэння Лышчанскай сярэдняй школы (1960) працаваў у лагішынскай раённай газеце “Калгасная праўда”, а затым карэспандэнтам-арганізатарам мясцовага радыёвяшчання. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1967). Быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела рэспубліканскай газеты “Звязда”. Працаваў таксама інструктарам аддзела культуры, памочнікам сакратара ЦК КПБ. Скончыў аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС у 1984 годзе і з таго ж часу ўзначаліў кафедру журналістыкі, моў і літаратуры Мінскай вышэйшай партыйнай школы. Працаваў рэдактарам газеты “Советская Белоруссия”, першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку, галоўным рэдактарам часопіса “Гаспадыня”.

З першым апавяданнем выступіў у 1963 годзе ў пінскай раённай газеце “Палеская праўда”. Аўтар публіцыстычных кніг “На палях рэспублікі” (1968), “Добры дзень, сад!” (1974), “На сельских просторах” (1976) 1976 — «Строгая доброта» (1976), «Крылы дужэюць у палёце» (1977), «Жменя зярнят» (1979), «Журавы на далёкай пойме» (1984), «Ноч перад нядзеляю» (1986) і інш. Аўтар двух дзясяткаў мастацкіх і дакументальных выданняў. Вельмі папулярнымі ў чытачоў былі кнігі з інтэрв’ю з вядомымі асобамі ў свеце літаратуры і мастацтва. Яны выйшлі пад агульнай назвай “Постаці” (2011 – 2014) і “Созидатели” (2011 – 2014).

Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2017). Лаўрэат журналісцкай прэміі “Залатое пяро”, літаратурнай – “Залаты Купідон”, а таксама прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры. Узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”, нагрудным знакам “Выдатнік друку Беларусі”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў.