ЖЫВІЦЦА ПАЭТЫЧНЫМІ САКРЭТАМІ

2017-05-10_10-11-29Аднойчы вясновым днём уздзенскія паэткі-спявачкі дружна высыпалі з маршруткі «Узда — Бараўляны» на прыпынку «Плошча Якуба Коласа», накіроўваючыся на першае веснавое пасяджэнне народнага клуба кампазітараў і паэтаў Міншчыны «Жывіца» ў бібліятэку А. С. Пушкіна.

Тры «жывінкі», якія не разлучаюцца з паэтычным словам і песняй: Таццяна Цехнябедзіна і Тамара Каляда спяваюць у народным хоры ветэранаў «Надзея» пры раённым Доме культуры, а трэцяя сяброўка Ала Шыбко з вёскі Цялякава, паэт і кампазітар, аматар песні ў калектыве «Медуніца». Усе яны ўдзельніцы літаратурнага аб’яднання «Нёманец» пры Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса і рэдакцыі газеты «Чырвоная зорка». З іншых раёнаў Міншчыны такія ж няўрымслівыя душы, аматары паэтычнага слова і музыкі таксама дружна завіталі на сустрэчу.

У клубе шырока практыкуецца навучанне правільнасці ўжывання слоў пры стварэнні вершаў ды іншыя сакрэты паэтычнага мастацтва.

У паэтычнай секцыі выступалі паэты з новымі зборнікамі вершаў. Гэтым разам прэзентавалі свае чарговыя выданні чатыры паэткі паважанага ўзросту: Людміла Круглік з Дзяржынска пазнаёміла з кнігай «Вясновы блакіт», Зінаіда Багамолава з Жодзіна — «Мае вёсны», Валянціна Бабко-Аляшкевіч (Салігорскі раён) — «Акенца ў світанак» і «Жаночае шчасце», Тамара Каляда (г. Узда) прадставіла зборнік «Шчасце праз гады».

Свае творчыя здабыткі ў паэзіі прадэманстравала Вераніка Айралава (Нясвіжскі раён), якая закончыла вучобу ў ВНУ, стала мамай і цяпер працуе.

Кіраўнік клуба Ірына Карнаухава раздала вершы на дзвюх мовах для выразнага чытання ў форме дыялогу. Паэты падзяліліся на пары і кожны паказваў сваё ўменне знайсці галоўнае слова ў радку і спрабаваў данесці інтанацыяй пачуцці і сэнс.

У секцыі кампазітараў Ала Шыбко прэзентавала свой першы музычны зборнік «Зноў музыка гучыць». Большасць песень створана на словы самой паэткі пачынаючы са школьных гадоў. Суаўтарамі яе музычных твораў выступілі члены літаб’яднання «Нёманец».

Тодар ПАЎСЮДНЫ

“ЛіМ” №16-2017