«Жыццё — гэта школа такая…»
Валожынская паэтэса, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Шакун атрымала медаль «За вялікі ўклад у літаратуру».
Падчас урачыстай вечарыны ў Валожынскім раённым цэнтры культуры, прымеркаванай да 80-годдзя Марыі Антонаўны, узнагароду творцы ўручыла калега па пяры, член савета Мінскага абласнога аддзялення СПБ паэтэса Святлана Быкава.
«Наталі сваё сэрца пяшчотай, / Прыгажосцю, дабром наталі…» — такімі радкамі прывітала публіку шаноўная юбілярка. А вядучая вечарыны паэтэса Валянціна Гіруць-Русакевіч (кіраўнік літаб’яднання «Рунь», удзельніцай якога з’яўляецца і Марыя Антонаўна) упэўнена, што гэтыя словы — жыццёвае крэда аўтаркі. Вершы Марыі Шакун — чыстыя, светлыя, напоўненыя любоўю да Радзімы, да жыцця, да людзей.
Марыю Антонаўну павіншавалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Лідзія Маляўкіна ды начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Чарнышова, а таксама старшыня Валожынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Камінская. Паэтэсе падзякавалі за шматгадовую добрасумленную і плённую творчую працу, актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах, вялікую выхаваўчую работу сярод моладзі.
«На свеце ёсць бацькоўскі дом, / Дзе нарадзіўся ты і свет убачыў, / Куды вяртаўся ў час удачы і няўдачы, / На свеце ёсць бацькоўскі дом…» Дзе ж яна, малая радзіма паэтэсы? Гэта — вёска Узбалаць Валожынскага раёна. Віншавальнае слова ад землякоў Марыі Шакун перадала сябра «Руні» Валянціна Краўневіч. Уласны верш юбілярцы прысвяціў сябар СПБ Аляксандр Грынкін. Марыя Антонаўна атрымала і шмат музычных падарункаў — нават… ад дырэктара Валожынскай ЦБС Ірыны Зянько!
Працоўны шлях Марыі Шакун, выпускніцы філфака БДУ, былога выкладчыка рускай мовы і літаратуры, таксама пачаўся на Валожыншчыне — у Капусцінскай сярэдняй школе. Дагэтуль яна з цеплынёй успамінае вучняў і калег. Ды і як інакш, калі калектыў, без перабольшвання, быў адной вялікай сям’ёй…
Марыя Шакун — аўтар двух зборнікаў лірыкі: «Песняй рамонкаў» і «Жыццёвае поле». Абедзве кнігі пабачылі свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці». Яго дырэктар і галоўны рэдактар Ліліяна Анцух таксама далучылася да віншаванняў, зазначыўшы, што сёлета ў паэтэсы двайны юбілей: яе першая кніга, «Песняй рамонкаў», выйшла 10 год таму.
Звярнуўшыся да паэзіі ў сталым узросце, Марыя Антонаўна не развітваецца з ёю і сёння, сцвярджаючы: «Жыццё — гэта школа такая, дзе канікулаў не бывае».
Дарэчы, літаратурныя вандроўкі і выязныя мерапрыемствы ўжо сталі добрай традыцыяй для Саюза пісьменнікаў Беларусі!
Яна ЯВІЧ