Зберажом прыроду разам
“Прырода так аб усім патурбавалася, што паўсюды ты знаходзіш, чаму навучыцца” (Леанарда да Вінчы).
Гэтыя словы сталі ў гэтым годзе своеасаблівым дэвізам экалагічнага конкурсу “Зберажом прыроду разам”, які ўжо трэці год запар праводзіць Мінская цэнтральная раённая бібліятэка (а.г. Міханавічы). І гэта трапнае выказванне вядомага мастака – неаспрэчная ісціна, якую арганізатары конкурсу імкнуліся данесці, перш за ўсё, маладому пакаленню.
Конкурс праводзіўся ў дзвюх узроставых катэгорыях (ад 10 да 14 гадоў і ад 15 да 30 гадоў) у некалькіх намінацыях: малюнкі, фотаздымкі, вырабы і літаратурныя творы.
37 юных літаратараў з Мінскага раёна падалі на конкурс свае вершы, казкі, эсэ і іншыя празаічныя творы. Вось некаторыя з іх.
Пабягайла Маргарыта, вучаніца СШ №2 г.Заслаўя (13 гадоў).
Жывая планета
Хто ведае – што даражэйшае ў свеце?
Дарослыя ведаюць? Ведаюць дзеці!
Вачыма дзяцей паглядзіце на свет –
Убачыце зоркі, мільёны планет.
Глядзіце вачыма дзяцей вы на мора,
На лес і на поле, на снежныя горы –
І ўбачыце раптам (не сон – ява гэта!):
Жывая яна – наша дзіва-планета!
Скальская Лізавета, вучаніца Заслаўскай гімназіі (12 гадоў), якая даслала на конкурс 7 сваіх твораў, і вершаваных, і празаічных, і ўсе яны адзначаюцца любоўю да прыроды, даволі дарослай глыбінёй яе ўспрымання.
Подруга Осень
Мне очень нравится пора,
Которую зовём мы осень.
Ни снег ещё, и ни жара –
На небе солнечная просинь.
По кругу рассыпая листья,
Она проводит свой обряд
И говорит: «Возьму же кисть я,
Пусть листья золотом горят!»
По кронам проведёт рукою –
И листья припадут к земле.
«Я землю листьями укрою –
Ведь скоро, скоро быть зиме!»
А листья тихо шелестят,
Алея ярко, от души.
Они уже уснуть хотят
И долго-долго спать в тиши…
Мікіта Ярашэвіч, вучань Ждановічскай СШ (12 гадоў), які ўжо спрабуе сябе ў розных паэтычных формах:
Сяброўства
Пчолка салодкі збірае мядок,
З ёй размаўляе красун-васілёк.
Гутарку слаўную ціха вядуць,
А ў вышыні жаваронкі пяюць.
Пчолка і кветка, птушка і неба –
Ўсе адчуваюць у сябры патрэбу.
Пчолка салодкі збірае мядок,
З ёй размаўляе красун-васілёк.
Хоку
Восень
Восеньскі вечар,
Рыхтуюся да школы.
Будзе новы дзень!
* * *
Зіма
Хораша зімой.
Катаюся на лыжах –
Гэта здорава!
* * *
Холадна
Замерз учора.
Холад зімой не бяда.
Летам – во гора!
* * *
Каштаны
Цвітуць прыгожа,
Як быццам гараць свечкі –
Радасць для людзей.
Мерапрыемства пачалося з імпрэзы, падрыхтаванай таленавітымі выхаванцамі Цэнтра моладзі. Навучэнцы мастацкіх студый парадавалі прысутных – удзельнікаў конкурсу і супрацоўнікаў бібліятэк Мінскага раёна – цудоўнымі песнямі пра прыроду і яе ахову, прыгожымі танцавальнымі нумарамі.
Майстры танцавальнага і пеўчага жанраў падгатавалі аўдыторыю да самай прыемнай часткі мерапрыемтсва. Намеснік загадчыцы Мінскай ЦРБ Няхай Наталля Валер’еўна з вядучымі пачалі ўзнагароджанне з пераможцаў конкурсу малюнкаў, фотаздымкаў і вырабаў. На экране, усталяваным на сцэне, прысутныя маглі бачыць працы, за якія ўдзельнікі конкурсу атрымлівалі ўзнагароды.
Дыпломы і прызы пераможцам літаратурнага конкурсу ўручала Святлана Быкава, якой на гэты раз у якасці старшыні журы давялося ацэньваць літаратурныя творы ўдзельнікаў. Журы па выніках конкурсу вызначыла 5 дыпламантаў (адзін на 1-е месца, па два на 2-е і 3-е). Яно не змагло прайсці міма шматлікіх цудоўных твораў юных аўтараў і вырашыла заахвоціць прызамі яшчэ 10-ць яго ўдзельнікаў.
Прызы пераможцам і ўдзельнікам конкурсу былі падрыхтаваныя адміністрацыяй Мінскай ЦРБ і Мінскім абласным аддзяленнем ГА СПБ. Узнагароджанне адбылося 19 кастрычніка ў Цэнтры моладзі а.г. Міханавічы. Святлана Быкава, адзначыўшы высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення конкурсу, выказала ўдзячнасць кіраўніцтву Мінскай ЦРБ – загадчыцы Пунінскай Аксане Ільінічне, яе намесніцы Няхай Наталлі Валер’еўне і ўсім, хто прыняў удзел у яго правядзенні. У сваёй прамове паэтэса падкрэсліла вялікую каштоўнасць экалагічнага конкурсу ў працэсе выхавання ў моладзі любові і ахайных адносін да прыроды, ва ўсведомленні таго, што чалавек – частка прыроды і, знішчыўшы яе, ён загіне і сам. Яна адзначыла, што чалавек, які заўважае прыгажосць прыроды і здольны апець яе ў вершах ці прозе, ніколі не зробіць ёй шкоды, будзе аберагаць яе, каб яна і надалей наталяла чалавека сваёй прыгажосцю, надавала яму сілы, карміла і ўзрошчвала яго.
Далей вядучыя па чарзе запрашалі на сцэну юных літаратараў Мінскага раёна: Мікіту Ярашэвіча з пасёлка Ждановічы, Скальскую Лізавету, Цімура Цітова, Трубач Міраславу, Пабягайла Маргарыту з Заслаўя, Курцянок Лізавету і Фурдуй Івана з вёскі Кацягі, трох Вікторый – Махахей, Мсціслаўскую і Рабцэвіч з а.г.Чурылавічы, Семяняка Марыю з Міханавіч, 8-гадовую Соф’ю Дзяколо з Мінска і іншых лаўрэатаў і прызёраў конкурса.
Уручэнне ўзнагарод завяршылася агульным фотаздымкам, на якім можна ўбачыць задаволеныя твары дзяцей і дарослых.
Напрыканцы вядучыя мерапрыемства запрасілі ўсіх прысутных на салодкі стол, дзе госці і самі гаспадары змаглі пачаставацца цукеркамі і пірагамі, выпечанымі супрацоўнікамі бібліятэкі і Цэнтра моладзі.