З.Прыгодзіч. Постаці. З цэлым народам гутарку весці. Адам Мальдзіс (урывак)

Прызнацца, я нават у пэўнай разгубленасці: як ахарактарызаваць гэтага няўрымслівага, шматграннага, шматаблічнага чалавека? Хто ён, Адам Мальдзіс?

Журналіст? Канечне. Пра гэта нават запісана ва ўніверсітэцкім дыпломе. Дый пачынаў свой працоўны шлях з раённай газеты, у якой чэсна і добрасумленна адслужыў тры гады. Пасля шмат гадоў рэдагаваў штомесячны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі», серыйны зборнік «Вяртанне». Цяпер – супрацоўнік вядомага тыднёвіка «Голас Радзімы», аглядальнік газеты «СБ. Беларусь сегодня».

Пісьменнік? Несумненна. Першую ягоную аповесць «Восень пасярод вясны» высока ацаніў Уладзімір Караткевіч і вельмі раіў працягваць творчую працу. Аднак другую аповесць з-за вострага дэфіцыту часу ўсё ніяк не ўдаецца скончыць. Але гэта не значыць, што свой пісьменніцкі талент ён закапаў у зямлю. Той, хто сочыць за газетай «СБ. Беларусь сегодня», ведае, што на яе старонках вось ужо на працягу некалькіх гадоў з зайздроснай рэгулярнасцю з’яўляюцца яго мастацкія эсэ, якія чытаюцца як захапляльныя дэтэктыўныя аповеды.

Вучоны? З галавы да пят! Доктар філалагічных навук, прафесар. Аўтар шматлікіх манаграфій, у якіх ён паўстае як нястомны шукальнік, удумлівы даследчык і першаадкрывальнік многіх найцікавейшых, а часам проста сенсацыйных гістарычных і літаратурных фактаў. Дзякуючы гэтаму мы ў многім па-новаму зірнулі на наша мінулае, зразумелі, што сваёй багатай і слаўнай гісторыяй мы можам і павінны па праву ганарыцца.

Краязнаўца? І не абы-які, а грунтоўны, дасведчаны, захоплены. Любоў да роднага краю, да ўчарашняга і сённяшняга дня Беларусі жыве ў ім з юначых гадоў. Сваёй малой радзіме ён прысвяціў адмысловую кнігу «Астравеччына, край дарагі…», а ў шматлікіх даследаваннях раскрыў многія таямніцы нашай нацыянальнай культурнай спадчыны.

Энцыклапедыст? Не паграшу супроць ісціны, калі скажу, што і гэтага звання ён заслугоўвае, як ніхто іншы. Глыбокія, рознабаковыя веды літаратуразнаўцы, гісторыка, краязнаўцы, географа, этнографа ў спалучэнні з асабістымі якасцямі – жы-вым, дапытлівым розумам, чэпкай памяццю, неспатольнай цікаўнасцю – робяць яго асобу ўніверсальнай і ўнікальнай. Не выпадкова да яго звяртаюцца (у пісьмах, па тэлефоне, асабіста) дзясяткі, сотні людзей, якія жадаюць атрымаць дасведчаны каментарый, вычарпальную кансультацыю, аўтарытэтную параду па той ці іншай праблеме.

Грамадскі дзеяч? Мяркуйце самі. Адам Мальдзіс – шматгадовы кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, нязменны старшыня камісіі «Вяртанне» пры Беларускім фондзе культуры, член дзвюх спецыяльных міжведамасных камісій пры Савеце Міністраў рэспублікі. У 1990 годзе ў якасці члена дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 45-й сесіі ААН… Усяго мы з Адамам Восіпавічам налічылі недзе за трыццаць яго грамадскіх нагрузак. А яшчэ ж трэба ўлічыць удзел у розных прэзентацыях, прэс-канферэнцыях, абаронах дысертацый, юбілеях, вечарынах, што таксама патрабуюць і часу, і сур’ёзнай падрыхтоўкі.

Якую ж з гэтых іпастасяў Адама Мальдзіса можна назваць галоўнай, вызначальнай? Я разумею, што цяжка вызначыць, вылучыць з іх нейкую адну, бо ўсе яны цесна ўзаемазвязаны і толькі ў гэтай арганічнай еднасці ствараюць цэльны, паўнакроўны партрэт асобы. І ўсё ж калі называць, то, як мне здаецца, гэта будзе навуковая, творчая праца. Важкім набыткам гэтай працы сталі амаль два дзясяткі ёмістых кніг. Найбольш удалай сярод іх Адам Восіпавіч лічыць «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча». Тут яму ўдалося спалучыць у адно цэлае мемуары, эсэ і літаратуразнаўства.

Самай дарагой для аўтара кнігай з’яўляецца «Падарожжа ў ХІХ стагоддзе». Дарагой, таму што гэта была першая сур’ёзная спроба расказаць пра нашу культурную спадчыну, намаляваць яскравыя партрэты пісьменнікаў, кампазітараў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху. І, вядома ж, пісалася ўсё гэта з вялікім жаданнем, ад душы і для душы.

Найбольш значнай, на думку многіх даследчыкаў, можна лічыць кнігу «Беларусь на скрыжаванні славянскіх традыцый». Ёю Адам Мальдзіс адкрыў цэлую эпоху – эпоху барока культуры ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў.

А самай папулярнай, самай захапляльнай стала кніга «З літаратуразнаўчых вандраванняў». Зноў-такі дзякуючы таму, што ў ёй атрымаўся арганічны сплаў навуковага даследавання, публіцыстыкі і апавядальніцкага майстэрства.

Але чым бы ні займаўся Адам Восіпавіч – навукай, творчасцю, грамадскай дзейнасцю, – усё гэта, як правіла, скіравана на адно: аднаўленне, адраджэнне нашай гістарычнай і культурнай спадчыны, здабыткі якой пахаваны пад друзам напластаванняў часу альбо рассеяны па свеце. Шукаць, грунтоўна вывучаць і вяртаць нашыя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці на радзі-му – вось сэнс працы і, можна сказаць, сэнс жыцця нястомнага даследчыка, шчырага рупліўца на ніве беларушчыны.

Прыемна адзначыць, што актыўная і плённая праца Адама Мальдзіса дастойна адзначана высокімі ўзнагародамі. Ён – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уганараваны медалём Францыска Скарыны, мае званне «Заслужаны дзеяч польскай культуры», камандор ордэна «За заслугі» Польскай Рэспублікі, узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР, па рашэнні Амерыканскага біяграфічнага інстытута двойчы станавіўся «Чалавекам года».

Можа ўзнікнуць натуральнае пытанне: дзе ж чалавек бярэ час, каб займацца такой рознабаковай і такой напружанай дзейнасцю? А яго, гэтага часу, хранічна і не хапае. Даводзіцца пастаянна ахвяраваць сном, адпачынкам. Калі мы дамаўляліся пра сустрэчу, Адам Восіпавіч пажартаваў:

– Надтачыце мне суткі хоць бы на дзве-тры гадзіны і я з задавальненнем падару іх вам.

Ну, а паколькі я не Бог, дадатковага часу ў мяне не знайшлося, то нашу сустрэчу давялося пераносіць некалькі разоў. Нарэшце Адам Восіпавіч як чалавек абавязковы, інтэлігентны зразумеў, што адступаць больш няма куды, і прызначыў мне спатканне на другі дзень новага года ў сваім рабочым кабінеце.

– Дык жа свята… – сумеўся я. – Што скажуць вашы сямейнікі?

– Вось і добра. Хоць ніхто нам не будзе перашкаджаць. А я ўсё роўна збіраўся папрацаваць…

Мы прагаварылі восем гадзін! Прычым прамільгнулі яны для мяне як адзін міг. Ды, здаецца, і для майго субяседніка таксама, бо ён быў у сваёй стыхіі, захоплена, натхнёна апавядаў пра свой любімы, запаветны клопат. Схамянуліся мы, калі зазваніў мабільнік і ў трубцы пачуўся голас малодшага сына, які трывожыўся, чаму бацька не прыйшоў на вячэру. І толькі тут Мальдзіс зірнуў на гадзіннік:

– Ай-яй-яй… Ужо сёмая гадзіна? Ну, прабач, крыху затрымаўся. Вячэрай адзін, мяне не чакай.

Я паспяшаўся развітацца, Адам жа Восіпавіч застаўся. Яму трэба было яшчэ пару гадзін папрацаваць.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.