З чым завяршаюць год літаратары Уздзеншчыны
Па традыцыі напрыканцы года ў літаратурнай гасцёўні “У Паўлюка” пры цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса г. Узда сабраліся члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельнікі літаб’яднання “Нёманец”, каб падвесці вынікі творчай працы.
Цікавым быў год для многіх творцаў. Дзмітрый Вінаградаў выдаў раман пра падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны і зборнік апавяданняў, нарысаў на гэтую ж тэму. Галіна Нічыпаровіч друкавалася ў газетах “ЛіМ”, “Звязда”, “Гаспадыня”, “Друг пенсионера”, яе творы ўключаны ў чытанку для дзяцей і калектыўныя зборнікі. Віктар Сабалеўскі стаў лаўрэатам (першае месца ў намінацыі “Паэзія”, другое – у “Прозе” рэспубліканскага конкурса іранічнай паэзіі і прозы імя В. Ткачова і міжнароднага літаратурнага конкурса “Славянская ліра-2023” (намінацыя “Мастацкі пераклад”).
Літаратары прымалі актыўны ўдзел у многіх творчых мерапрыемствах, што ладзіліся на тэрыторыі раёна і за яго межамі. Многім запомніліся сустрэчы ў працоўных калектывах і навучальных аўдыторыях .
Сёлетнія “творчыя дажынкі” мелі назву “Літаратурны карагод радком паэзіі і прозы”. На сустрэчы гучалі пранікнёныя вершаваныя і празаічныя творы, прысвечаныя надыходзячым святам, іншым падзеям, якія паспрыялі добраму настрою. Навагоднюю атмасферу дапамаглі стварыць і прыбраная ёлка, і Дзед Мароз са Снягуркай, якія частавалі цукеркамі за выступленні, дасціпныя творчыя справаздачы.
Калегі па творчасці абмеркавалі планы на будучы год, які мяркуе быць не менш цікавым і насычаным на адметныя справы.
Прэс-служба МАА СПБ