Вязынка. З нагоды дня нараджэння Купалы
8 ліпеня ў Мемарыяльным запаведніку “Вязынка” Маладзечанскага раёна адбылося традыцыйнае свята з нагоды дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Шматлікіх гасцей сустракалі сядзіба, ў якой нарадзіўся пясняр, выстава-кірмаш твораў і вырабаў мясцовых народных майстроў, маляўнічыя краявіды запаведніка.
У цэнтры ўвагі была эстрадна-паэтычная праграма з удзелам музычных творчых калектываў і паэтаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. У свяце прынялі ўдзел дэлегацыі ад Дзяржаўнага музея імя Янкі Купалы, кіраўніцтва СПБ у асобе першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах, Мінскага гарадскога і іншых рэгіянальных аддзяленняў. Адной з самых шматлікіх была дэлегацыя ад Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: старшыня – Леанід Крыванос, паэты і празаікі Ганна Міклашэвіч, Аляксандар Быкаў, Славамір Даргель, Рагнед Малахоўскі.
Госці ўсклалі кветкі да помніка народнаму паэту, а на канцэртнай пляцоўцы перад шматлікімі наведвальнікамі прагучалі іх аўтарскія творы, прысвечаныя Янку Купалу, роднай мове, Радзіме. Свята доўжылася да самага вечара.
Прэс-служба МАА СПБ