Віншаванне ад Лёлі Багдановіч

Лёля Багдановіч

МАМІНА СВЯТА…
Зоркі ў акенца
Свецяць заўзята.
Іней у сенцах
Мамінай хаты.
Песціць світанак
Маміны вочы.
Ён без падману
Крочыць за ноччу.
У мамінай студні
Месяц начуе.
У свята і ў будні
Да мамы лячу я.
Дасць мне параду
І пашкадуе.
Мама мне рада –
Сэрцам адчую.
Маміна студня.
Маміна хата.
Дзён маіх будні –
Маміна свята…
 Зоркі ў акенца
КВЕТКА ЛЯ ШАШЫ.
У спёку паратунак – вецер
Альбо вады жывой глыток.
Найлепшая за ўсіх на свеце!
Ты – мая зорачка ў змрок.
Натхнення дзіўныя хвіліны
Народзяць музыку душы.
Я без цябе заўчасна згіну,
Як тая кветка ля шашы.
Ты – голас мой і мае вочы,
Мая пяшчота і журба,
Салодкі сон, што прыйдзе ўночы,
Зязюлькі шэрай варажба.
Далоні ў мазалях цалую
І позірк стомлены лаўлю.
Цябе, адзіную такую,
Заўсёды помню і люблю.
 Зоркі ў акенца
СВЯТАЯ…
Прэч, завірухі і завеі,
Пад мінус трыццаць маразы!
Няхай матулю сонца грэе,
Каб весялей было ёй жыць.
Хай сакавік з вясновым промнем
Надзею ў сэрца прынясе.
Зноў русымі пастануць скроні,
Маршчынкі згінуць хай усе.
Цяплом, пяшчотаю і верай
Заўжды хай вочы зіхацяць.
Яе любоў не знае меры.
Яна святая, мая маці…
 Зоркі ў акенца
ЗАРАПАД ЛЕТУЦЕННЯЎ.
Я апрану ў колер думкі
І фарбы выберу сама.
Пячэ халодным пацалункам
Пад белай коўдраю зіма.
А мне так хочацца вясёлкі,
Шчымлівых спеваў ручайка,
Усмешкі сонейка на золку
І закаханага шпачка,
Духмянай бэзавай галінкі,
Пралесак шчырых вачанят,
Пяшчоты мамінай хвілінку
І летуценняў зарапад!
Зоркі ў акенца
САКАВІКА НЯСПЫННЫ РУХ…
З-пад снегу чорныя праталіны
Ў нябёсы золкія глядзяць.
Вароны, быццам апантаныя,
У парку дзень і ноч крычаць.
Адчулі ўжо, відаць, гарластыя,
Сакавіка няспынны рух.
Шчэ й ветрык у далоні пляскае —
Ад гучных гукаў парк аглух.
Праб’ецца сонейка збянтэжана
Праз шэрую заслону хмар,
Старонку перагорне снежную
Лічыльнік часу — каляндар…
 Зоркі ў акенца
НЯБЁСАМІ КАРАНАВАНАЯ…
У промнях сонца сакавіцкіх,
З усмешкай трапяткой на твары —
Такая можа толькі сніцца
Ці прыляцець на крылах мараў.
Прыгожы профіль, бантам вусны —
Нібы з палотнаў мастака.
Ты сінявокай Беларусі
Навек адданая дачка.
Пяшчота, талент, працаўніца,
Дачушка, маці і каханая.
Жыцця працяг, святла крыніца —
Нябёсамі каранаваная!
 Зоркі ў акенца
ЗАВЕЯ…
Замахала над зямлёй
Крыллямі завея —
Зімка кепскі свой настрой
Нам пад ногі сее.
Гурбы снегу намяла —
Не знайсці дарогі.
І сяброўства завяла
З ветрам хутканогім.
Кружаць з ранку да цямна
У віхуры танца.
Прылятай хутчэй, вясна,
Нам пралескі сняцца.
Раптам сонейка з-за хмар
Выглянула ўпотай
І радкі крылатых мар
Спавіла ў пяшчоту…Зоркі ў акенцаЛёля Багдановіч