Вілейскія сустрэчы

Вілейскія сустрэчы

ЧЫТАЙЦЕ! ЧЫТАЙЦЕ! ЧЫТАЙЦЕ!

Пад такім дэвізам 25 чэрвеня 2018 года прайшла ў летнім аздараўленчым лагеры “Сонейка” Вілейскай гімназіі № 2 сустрэча з членам СПБ, дзіцячым пісьменнікам Віктарам Кажура. На гэты раз Віктар Віктаравіч не знаёміў прысутных са сваімі творамі, не раскрываў сакрэты творчасці.

На сустрэчы гутарка ішла толькі пра адну кнігу.

Затое – якую!

У 2018 годзе выдавецкім домам “Звязда” была выдадзена унікальная кніга – “Ад калыханкі да забаўлянкі”. У яе ўвайшлі калыханкі, вершы, казкі, апавяданні, загадкі, падрыхтаваныя дваццаццю пяццю членамі Мінскага абласнога аддзялення СПБ. У анатацыі да зборніка гаворыцца: “Нават калі вы даўно выйшлі з дзіцячага ўзросту, але зусім не чулі пра прыгоды Сонечнага Зайчыка, ката Гаўрушы, не ведаеце, калі смяецца сонца і бывае зусім лагоднай Снежная Каралева, пра ўсё раскажа гэтая кніга.

Яна разлічана на дзіцячую аўдыторыю, якая будзе сталець разам са сваімі героямі… Шмат карыснага знойдуць у ёй і бацькі”.

Падчас сустрэчы Віктар Віктаравіч пазнаёміў юных чытачоў са сваімі сябрамі – аўтарамі кнігі, расказаў пра тыя населеныя пункты Мінскай вобласці, дзе жывуць гэтыя пісьменнікі і паэты.

А потым прысутныя слухалі калыханкі, разгадвалі загадкі, чыталі вершы, апавяданні і казкі.

І калі пасля сустрэчы дзеці казалі: “А можна патрымаць і пагартаць гэту кнігу. А хто падрыхтаваў малюнкі? (Дарэчы, мастак – Алена Лось, а ўкладальнік – Ірына Карнаухава). А дзе можна набыць кнігу?” – значыць, яна зацікавіла дзяцей, аказалася патрэбнай і запатрабаванай.

РАДЗІМА МАЯ ДАРАГАЯ

“Я – беларус. Такі, як і вы. А разам мы жывём у слаўнай, прыгожай краіне, якая горда называецца – Беларусь. Яна ў нас – адна. Самая родная. Самая блізкая. Самая жаданая. І самая незвычайная.

Нехта скажа: “А што ў вашай краіне такое незвычайнае, такое асаблівае?”

І ў адказ пачуе: “Мы – славяне. Мы ў свеце – не адны. Многае яднае нас з іншымі народамі. Але Беларусь – адна. Адметная сваёй прыродай, гісторыяй, культурай, традыцыямі. А яшчэ – гасціннасцю. І канешне ж – мовай. Багатай і зразумелай, мілагучнай і спеўнай, празрыстай і звонкай.

Зараз мы ўспомнім і пагаворым пра тыя вядомыя, адметныя факты, падзеі, з’явы, па якіх мы можам адказаць на пытанне пра незвычайнасць і адметнасць нашай Беларусі”.

Такімі словамі пачаў сустрэчу ў летнім аздараўленчым лагеры “Сонейка” Вілейскай гімназіі № 2 сябра СПБ, дзіцячы пісьменнік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Віктар Кажура.

Сустрэча праводзілася як літаратурная віктарына, якая праз асобныя блокі-штрыхі дапамагла ствараць непаўторны воблік роднай Беларусі. Тут ішла гутарка і пра дзяржаву і яе сімвалы, і пра Беларусь – краіну герояў, і пра флору і фаўну рэспублікі, і пра вядомых і  выдатных песняроў-творцаў, і пра народныя традыцыі, і пра культурную спадчыну роднага краю, і пра гмахі-камяніцы, і пра будучае нашай дзяржавы.

Сустрэча прайшла цікава, весела, жыва. Вучні аказаліся добрымі знаўцамі роднага краю.

ПРА “АЗБУКУ”… І НЕ ТОЛЬКІ

21 чэрвеня 2018 года Мінская гарадская дзіцячая бібліятэка № 10 для сваіх маленькіх чытачоў зладзіла літаратурную сустрэчу, у якой прынялі ўдзел супрацоўнікі выдавецтва “Пачатковая школа” і  сябра СПБ, дзіцячы пісьменнік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вілейскай гімназіі № 2 Віктар Кажура.

Як чалавек навучыўся размаўляць? Як пачаў перадаваць патрэбную інфармацыю? Чаму кожная літара мае сваю назву? Чаму кожная літара мае толькі ёй уласцівы абрыс? Як людзі навучыліся аб’ядноўваць літары ў словы? Чым падобныя і чым адрозніваюцца беларуская і руская мовы (бо абедзве яны – дзяржаўныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь)?

Адказы на гэтыя (ды і не толькі) пытанні разам з Віктарам Віктаравічам шукалі маленькія чытачы.

Пасля разгадвалі загадкі, займаліся перакладамі з рускай мовы на беларускую і наадварот, вучыліся складаць вершы, спявалі калыханкі.

А потым былі яшчэ конкурсы эрудытаў, віктарыны ад выдавецтва “Пачатковая школа”.

Праводзіць сустрэчу дапамагала ўнучка Віктара Віктаравіча Ангеліна Прохарава, вучаніца 3 класа пачатковай школы № 6 горада Вілейкі. Яна чытала дзедавы творы з кнігі “Азбука ў вершах і малюнках”, загадвала загадкі, падказвала, як правільна трэба падрыхтаваць адказ. А яшчэ нямала здзівіла прысутных, прачытаўшы свае вершы і расказаўшы пра сумесную з дзедам кнігу “Хто схаваўся пад лісток?”

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.