Педагагічны марафон у Клецку

8 красавіка на базе гімназіі г. Клецка ў рамках ХІІІ Педагагічнага марафона “Педагог – якасць, даступнасць і развіццё” адбыўся дзень школьнага бібліятэкара.

Удзельнікам педагагічнага марафону быў прапанаваны бібліятэчны модуль “Бесперапынная прафесійная адукацыя: патрыятычная прастора”, у рамках якога бібліятэкар Фаіна Гаўрук правяла набат памяці “Вайна скрозь сэрца…”. Дадзенае мерапрыемства было прысвечана 80-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ганаровым госцем мерапрыемства стала паэтэса з Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Цвірко. Сцэнарый мерапрыемства ўключаў паведамленні пра падзеі ваенных гадоў, якія вучні дапаўнялі чуллівым дэкламаваннем вершаў са зборніка Т. Цвірко  “І толькі май іх не забудзе”, што прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Другая частка мерапрыемства была арганізавана ў стылі перадачы “100 пытанняў даросламу”. Вучні былі вельмі адкрытымі і актыўнымі. Па водгуках дзяцей і прысутных, Таццяна Канстанцінаўна годна вытрымала слоўны лівень ад цікаўных “чамучак”, а самы актыўны ўдзельнік атрымаў у падарунак ад госці яе зборнік вершаў і песень. На развітанне гімназісты папрасілі паэтку яшчэ раз завітаць да іх на сустрэчу.

Па матэрыялах гарадской гімназіі г. Клецка