В.Гіруць-Русакевіч. На нітцы часу (урывак)

І лавілі, і вудзілі

Мне гадоў пяць ці шэсць. Тата пайшоў лавіць рыбу да “камянёў” (там, казалі, калісьці быў мост, ад якога засталіся ў вадзе толькі слупкі ды вялікія камяні). Так, менавіта лавіць, а не вудзіць. Засоўваючы руку пад камень, тата раз-пораз выкідваў на бераг ладных плотак. Цэлае вядро добрай рыбы прынёс дадому!..

А гады праз чатыры я ўжо сама лавіла разам з сястрою на водмелі, там, дзе раку можна было перайсці ў брод, сліжоў, кялбоў, малых гаркавак… Толькі, вядома ж, не рукамі. Мы іншы спосаб прыдумалі: бралі хустку за “рогі” і, прыгнуўшыся, цягнулі гэты свой “невад” па дне ракі, дзе рыбкі хадзілі цэлымі стайкамі. Працягнеш хуценька хустку пад такой стайкай і – рыўком ўгору. Вада  сцячэ, а  пасярэдзіне хусткі плёскаецца з паўдзесятка, а то і больш рыбінак. Сцішышся, шчакаеш стоячы ў вадзе, і зноў за справу. Некалькі разоў пройдзешся так з хусткай-“невадам” – на вялікую патэльню рыбкі лавовіш. Якая ж яна была смачная, тая рыбка ўласнага ўлову, смажаная ў смятане!

І вудзіць любіла таксама, рэчка ж недалёка – толькі сцежачкай цераз поле прабегчы. Змайструеш, бывала, вудзільна з пругкаха дубца ляшчыны, прывяжаш абрывак лескі, калі ёсць, а не  — то і белую нітку. На яе – кручок, часцей самаробны, змайстраваны  са скобкі ад школьнага сшытка. Накапаеш на гародзе чарвячкоў у старую бляшанку і – на рэчку! Аднойчы, не паверыце, на такі самаробны кручок, падсекшы, злавіла ажно дзвюх гаркавак адразу. Сама дзівілася, як убачыла. Нездарма, відаць, рэчку нашу Клявой назвалі. Добры быў клёў!

Углядаюся цяпер у яе, змялелую ды зарослую – не відно столькі рыбак на водмелі, каб можна было хусткай ці прыполам (і такое ў дзяцінстве бывала!) лавіць. Ці-то вылавілі, ці-то вымарылі…

Рак

Рыхтавацца да іспытаў, спачатку школьных выпускных, а пасля і ўступных ва ўніверсітэт, я любіла на лузе, ля самай рэчкі, улёгшыся з кніжкамі на посцілцы між шматтраўя-рознаквецця. Цераз пэўны прамежак часу вочы, ды і галава, патрабавалі адпачынку “ад навукі”. А лепшым для іх адпачынкам было – глядзець на  рачную плынь, як вада плаўна цячэ ўперад, цурчыць перабягаючы каменьчыкі, ласкава плёскаецца ў бераг, сачыць за вяртлявымі рыбкамі, калыханнем водарасцей…

Стаю аднойчы  абапершыся на вольху, якая нахілілася над ракой, гляджу ў ваду. Нешта цёмнае варухнула каля карча-карэння. Прыглядзелася – ды гэта ж рак на дне варушыцца! Паспрабаваць злавіць?Але ж толькі не рукою – баюся! Азіраюся навокал: чым бы падчапіць-падхапіць яго? Ага! Вось нейкі невялікі сук, ды яшчэ з расшчэлінаю на канцы. Расшчэпліваю яго рукамі яшчэ больш і настаўляю гэтую “рагаціну” на рака. Прыцэльваюся —  р-р-раз! Ёсць, папаўся! Дастаю, разглядаю гэты цуд прыроды і… выпускаю ў ваду, туды, адкуль “прыхапіла”. Жыві, вусач!

Пазней даведалася, што ракі водзяцца ў чыстай вадзе. Значыць, такой і была вадзіца ў рацэ майго дзяцінства і ранняга юнацтва.

Спакусніца і выратавальніца

Надзвычай цёплай, калі не сказаць гарачай, выдалася ў той год ранняя восень. У адзін з такіх гарачых вераснёўскіх дзён  мы, чародка сябровак-другакласніц, вырашылі да заняткаў асвяжыцца ў рэчцы. Мне ж захацелася самой навучыцца плаваць. Зайшла глыбей – вада аж пад пахі – і паспрабавала плыць…

… Я нібыта сплю, хачу расплюшчыць вочы і не магу —  балюча пакалвае, да рэзі… Такое ж пакалванне ў носе…  Калі ж усёткі  здолела расплюшчыць вочы, убачыла, што  ляжу на мелкаводдзі ў рацэ. Устала адкашліваючыся, зірнула на бераг, а там нікога, толькі мая сукеначка ляжыць…  Сяброўкі ж вунь куды адышлі ўжо! Хуценька апранулася, аклікнула дзяўчынак.  Дагнала іх, пакрыўджана прагаварыла: “А калі б я ўтапілася?!”  Аказваецца, яны  нават не заўважылі што мяне няма… А яшчэ сяброўкі…

Самай вернай сяброўкай у той дзень аказалася рэчка: не схацела забіраць жыццё неразумнага дзіцяці — вынесла на водмель. Дзякуй табе, мая Клява, спакусніца і выратавальніца.  Хоць і не навучыла ты мяне плаваць, але ж  вунь колькі гадоў падаравала! Ужо і ўнучка  перарасла тую няўмелую “плаўчыху”…

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.