Успамінаем пра камсамольскае мінулае
Мінаюць гады, дзесяцігоддзі, у свеце і ў Беларусі ў прыватнасці адбываюцца значныя палітычныя, эканамічныя пераўтварэнні, якія істотна ўплываюць на стыль нашага жыцця, часам вымушаюць пераасэнсоўваць раней зразумелыя кожнаму ісціны. Але кожны год 29 кастрычніка тыя, хто ў савецкія часы і пазней меў дачыненне да адной з самых масавых маладзёжных арганізацый, збіраюцца разам, каб прыгадаць гады свайго знаходжання ў камсамоле, цікавыя тагачасныя справы, мерапрыемствы, людзей, якія самі гарэлі новымі ідэямі і іншых запальвалі сваім энтузіязмам.
Чарговая такая сустрэча адбылася ў Уздзенскай раённай бібліятэцы імя П. Труса. Бібліятэкар Алена Кучук нагадала прысутным асноўныя вехі камсамольскага руху ў краіне і на Уздзеншчыне. З цікавасцю праслухалі ўдзельнікі мерапрыемства выступленні членаў Мінскага абласнога аддзялення СПБ Дзмітрыя Вінаградава і Віктара Сабалеўскага. Дзмітрый Леанідавіч расказаў пра тое, чым жылі маладыя людзі ў 50-60-я гады мінулага стагоддзя. Цікавы гэта быў час – ударныя камсамольскія будоўлі, імкненне юнакоў і дзяўчат хутчэй адбудаваць разбуранае вайной, пабудаваць сацыялістычнае грамадства, а затым і камунізм, трапіць у космас… А Віктар Сабалеўскі – чыя камсамольская маладосць прыпала на 70-80-я гады, распавёў пра работу ў школьным “Камсамольскім пражэктары”, будатрадаўскі рух у студэнцкі час, маладзёжныя вандроўкі ў гады, калі з’яўляўся членам бюро Стаўбцоўскага райкама ВЛКСМ, журналісцкую працу.
У кожнага свае ўспаміны, уражанні, а ў цэлым атрымаўся цікавы малюнак, якому могуць пазайздросціць сучасныя маладыя людзі.
Прэс-служба МАА СПБ