Урокі творчай школы

2016-09-01_14-21-03.png (2)Тых, хто хоча паспрабаваць сябе ў літаратуры, хто хоча ствараць вартыя мастацкія і паэтычныя творы, у сучасным грамадстве нямала. Але атрымліваецца не заўсёды, бо бракуе звычайнай творчай базы, ведаў і разумення працэсу.

Таму сёлета ў сакавіку пры Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі была арганізавана школа для дзяцей «Са-Творчасць», якую наведваюць 48 вучняў з розных раёнаў Міншчыны.

Узроставы дыяпазон школы цікавы: каму — 11 гадоў, каму — 24! Па словах арганізатараў, пазітыўны момант. Калі дарослыя выказваюць цікавыя думкі, малыя адразу ж падхопліваюць. Сярод навучэнцаў ёсць і студэнты.

Ідэя арганізацыі школы належыць сябру Мінскага абласнога аддзялення СПБ, кіраўніку народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Ірыне Карнаухавай.

— Як паказвае досвед працы ў народным клубе «Жывіца», моладзь, якая пачынае пісаць, не заўсёды падрыхтаваная. Многія натхняюцца творчасцю пасля сарака гадоў — у выніку ім не стае досведу, майстэрства, неабходных для працы са словам. Таму я і падумала: чаму б не арганізаваць пры абласным аддзяленні школу сутворчасці? З пятагашостага класа будзем вучыць дзетак пісаць правільна, каб у іх заставалася жаданне займацца гэтай справай далей.

У «Са-Творчасць» прыязджаюць дзеці з Мінскай вобласці, бо ў іх менш магчымасцей займацца творчасцю, так бы мовіць, на прафесійным узроўні. Напачатку арганізатары хваляваліся, што вучні не зацікавяцца працэсам: разы два прыедуць — і ўсё. Але ж атрымалася наадварот: вучні зацікаўлены творчасцю, яны ставяцца да справы сур’ёзна, імкнуцца дапамагчы адно аднаму.

Разам з Ірынай Аляксандраўнай школу адкрывалі галоўны спецыяліст Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Якаўлевіч і сябар Мінскага абласнога аддзялення СПБ Бажэна Ганушкіна. У кожнага з арганізатараў — свая справа: Ірына Карнаухава і Бажэна Ганушкіна займаюцца паэтычным блокам, Таццяна Якаўлевіч працуе з секцыяй прозы. Акрамя агульнай дзейнасці, арганізатараў аб’ядноўвае выкладчыцкі досвед, які вельмі дапамагае ў правядзенні заняткаў.

Школа для дзяцей «Са-Творчасць» падзяляецца на вочную і завочную. Завочная праходзіць падчас навучальнага года. Паколькі ў дзяцей заняткі, ім складана сярод тыдня прыязджаць у Мінск. Таму арганізатары прыдумалі цікавую тактыку: на працягу школьнага часу дзеці выконваюць заданні самі, а пасля высылаюць іх на электронны адрас. Калі ў вучняў пачынаюцца канікулы, то завочная школа мяняецца на вочную. Літаратары-пачаткоўцы прыязджаюць на заняткі ў Мінск і абмяркоўваюць зробленае за час завочнай школы.

Заняткі па сістэме вочнай адукацыі насычаныя. Яны праходзяць па наступнай схеме: спачатку выкладчыкі даюць тэарэтычныя веды, а вучні потым спрабуюць прымяніць іх на практыцы і, асвойваючы школу пісьменнасці, спазнаюць родную мову. Для кожных заняткаў Бажэна Ганушкіна рыхтуе спецыфічныя словы, якія не заўсёды можна пачуць на вуліцы.

Працэс сістэмы заняткаў у вочнай школе карэспандэнту «ЛіМа» раскрыла Таццяна Якаўлевіч:

— Заняткі адбываюцца кожны тыдзень. Яны чаргуюцца: спачатку праводзім паэтычныя, на наступным тыдні — празаічныя. Так атрымліваецца таму, што да нас прыязджаюць універсальныя вучні, якія пішуць і вершы, і прозу. За лета мы правялі дзевяць заняткаў, пасля якіх ужо заўважны вынік: навучэнцы растуць у ведах ды імкнуцца працаваць са словам правільна. Абавязкова на кожных занятках разбіраем напісаныя імі творы. Калі напачатку юным творцам было складана, то сёння яны сур’ёзна аналізуюць кожны твор, адразу адчуваюць недахопы.

На некаторых занятках вучні пісалі казкі. Арганізатары выбіралі агульнавядомы твор, напрыклад, «Курачка Раба», і прапаноўвалі дзецям перайначыць тэкст у публіцыстычным, мастацкім і нават навуковым стылі. Ці давалі пачатак казкі, а навучэнцы павінны былі яе завяршыць. Даюць і цікавыя заданні па вершаскладанні, спрабуюць арыентаваць дзетак на асноўную паэтычную лінію, каб у вершах адчуваўся рытм.

У сістэме падрыхтоўкі паэтаў арганізатары больш за ўсё баяцца «рыфмаплёцтва». Ладзяцца для вучняў і сустрэчы з сучаснымі беларускімі творцамі. Сярод іх — Генадзь Аўласенка, Сяргей Клімковіч, Кацярына Хадасевіч-Лісавая…

Школа «Са-Творчасць» не толькі дапамагае юным аматарам літаратуры атрымліваць новыя веды, але і бярэ на сябе функцыю аб’яднання. Паколькі вучні жывуць у розных гарадах, яны камунікуюць праз сацыяльныя сеткі, дзе абмяркоўваюць свае тэксты, цікавяцца думкамі адно аднаго пра заняткі альбо разгледжаныя падчас іх творы. Арганізатары школы «Са-Творчасць» спадзяюцца, што лепшыя творы вучняў пасля лета будуць апублікаваныя ў дзяржаўных выданнях. А гэта — своеасаблівая матывацыя не кідаць пачатае.

Вікторыя АСКЕРА

«ЛіМ» №33-2016

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.