Уладзімір ЦАНУНІН. “Верны клятве”, “За 10 хвілін…”

Верны клятве

Ён ужо не памятаў, калі
Спаў у гэтым цёмным каземаце.
Чорнымі ад попелу былі
Рукавы ў запэцканым халаце.

Грукаталі ў галаве званы.
Ён не ведаў дзень цяпер каторы.
Нечакана папярод вайны
Апынуўся санітар са “скорай”.

Раніцай прыехаў па званку
На заставу ён тады ў нядзелю,
Нават не прыкмеціў, што ў баку
Па-над Бугам “юнкерсы” ляцелі.

У казарму трапіць не паспеў
З чамаданам медыцынскім поўным,
У паветры бомбы дзікі спеў
На зямлю штурхнуў яго раптоўна.

Слаба помніў, што было пасля.
Гэта ўсё кантузія, магчыма,
Дыбам уздымалася зямля
Кожную хвіліну прад вачыма.

Кулі зашыпелі, як вужы.
Ён разбіты лоб рукой пакратаў
І папоўз да вогненнай мяжы,
Каб выконваць клятву Гіпакрата.
За 10 хвілін…

Ранак пырснуў ружовай зарой.
Замільгалі стракозы над лугам.
Камароў растрывожаны рой
Заскакаў у ракітах над Бугам.

Між бялюткіх аблок угары
Заспяваў жаўручок нечакана.
Закувала зязюля ў бары,
Абуджаючы сонечны ранак.

Бусел плыў у блакіце нябёс,
Аглядаючы моўчкі прастору.
Раптам з захаду вецер данёс
Злосны рокат варожых матораў.

Сонца ўспыхнула ў кронах ялін,
І туман апусціўся ў лагчыну…
Заставалася дзесяць хвілін
Да пачатку Вялікай Айчыннай.

Уладзімір ЦАНУНІН