«У родным краі ёсць крыніца жывой вады…»

Нядзельнай ліпеньскай раніцай маладзечанская зямля гасцінна сустрэла пісьменнікаў і аматараў творчасці беларускага класіка Максіма Багдановіча, якія прыехалі далучыцца да жыццядайнай крыніцы натхнення, пахадзіць па сцежках, што памятаюць Максімавы крокі. Надвор’е спрыяла добраму настрою: сонца грэла, а не паліла, навальніцы вырашылі адпачываць, прыберагчы сілы на потым, ласкавы ветрык прыносіў свежасць і лёгкую прахалоду. Над ваколіцай стаяў ледзь улоўны водар ружовай акацыі, змяшаны з пахамі сакавітых летніх траў. Маляўнічыя далягляды цешылі зрок, разліваліся галасы птушак дзесьці высока…

Падымі угару сваё вока,

І ты будзеш ізноў, як дзіця,

І адыйдуць-адлынуць далёка

Ўсе трывогі зямнога жыцця.

 

Ціха тучу блакіт закалыша,

у душы адрасце пара крыл, —

узляціць яна ў сінюю вышу

і ў струях яе змые свой пыл.

Ці не Ракуцёўскімі краявідамі навеяныя гэтыя радкі Максіма Багдановіча, якія апісваюць узнёслы настрой летняга дня? Прайшло сто пяць гадоў з таго часу, як геній зямлі беларускай (а тады пачынаючы паэт) вярнуўся на Радзіму, з якой разлучыўся яшчэ ў дзіцячым узросце.

…Год 1911 быў для маладога Багдановіча вызначальным: ён скончыў гімназію і мусіў вырашаць, з чым звязаць лёс, куды паступаць вучыцца. У рэдакцыі штотыднёвіка «Наша ніва», дзе яго творы пастаянна друкаваліся, прапанавалі ехаць у Пецярбургскі ўніверсітэт да прафесара Аляксея Шахматава, сусветна вядомага мовазнаўцы. Той накіраваў запыт, каб да яго прыслалі маладога чалавека, здольнага да вывучэння моў. Перспектывай было ўзначаліць кафедру беларусазнаўства.

Юны Максім загарэўся гэтай ідэяй, але… пад ціскам бацькі вымушаны быў адмовіцца. Справа ў тым, што ў лёгкіх Максіма ўжо пачаўся туберкулёзны працэс, а сырое Піцерскае паветра, лічыў Адам Ягоравіч, шкоднае для хворых на сухоты. Да таго ж у наступным годзе малодшы брат Максіма, Леў, які выяўляў неардынарныя здольнасці ў матэматыцы, меўся паступаць у Маскоўскі ўніверсітэт, а вучыць двух сыноў у розных гарадах было б надзвычай складана для банкаўскага служачага са сціплым заробкам.

Такім чынам, Максім становіцца студэнтам Яраслаўскага юрыдычнага ліцэя. «Пракурорам быць не хачу, суддзёй не хачу, хачу быць літаратарам ці вучоным», — абураўся ён, але вымушаны быў падпарадкавацца бацьку. Затое Адам Ягоравіч адпусціў сына на вакацыі ў Беларусь — туды, куды ўвесь час імкнулася душа Максіма.

Спачатку Максім наведаў Вільню, пазнаёміўся з рэдакцыяй «Нашай нівы». Некалькі дзён з раніцы да вечара вандраваў па горадзе, прасякнутым духам беларускага адраджэння, а начаваў у рэдакцыйным пакоі. Калі Максім наведаў прыватны музей беларускіх старажытнасцей, які існаваў пры рэдакцыі выдання, і азнаёміўся з калекцыяй беларускіх рарытэтаў, то прыйшоў у надзвычайнае захапленне. Ён зразумеў, што вера ў Беларусь мае рэальны гістарычны падмурак. Пра гэта сведчылі скарынаўскія старадрукі, слуцкія паясы, старажытная зброя, княскія пячаткі…

Пасля браты Луцкевічы — Іван і Антон — пасялілі Максіма ў свайго дзядзькі — Вацлава Лычкоўскага, гаспадара фальварка ў Ракуцёўшчыне. Неяк паэт выказаў жаданне пажыць у беларускай вёсцы, пачуць жывую беларускаю мову, бліжэй пазнаёміцца з народам… Сябры і аднадумцы здзейснілі гэту мару.

Два шчаслівыя месяцы праляцелі хутка. Цудадзейнае паветра Бацькаўшчыны дапамагло Максіму: яму падалося, што хвароба адступіла:

У родным краі ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваёй нуды.

Жыццё беларускай вёскі, маляўнічыя пейзажы Айчыны сталі крыніцай натхнення. У Ракуцёўшчыне Максім стварыў два цыклы вершаў — «Места» і «Старая Беларусь», — якія пасля ўвайшлі ў яго адзіны прыжыццёвы зборнік «Вянок», і дзве паэмы — «У вёсцы» і «Вераніка», — дзе ўвасоблены ідэал жаночага хараства.

Каб зберагчы і перадаць наступным пакаленням духоўны скарб памяці пра самага маладога класіка Максіма Багдановіча, Ракуцёўская зямля кожны год збірае аматараў яго таленту. Свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета» стала традыцыйным з часоў стварэння тут музея.

Святкаванне пачалося ля двух валуноў — мемарыяльнага знака, які сімвалізуе вяртанне Максіма Багдановіча на Радзіму. Валуны ўяўляюць вобразы каменя-свечкі і каменя-ахвярніцы. На адным з іх — радкі з «Санета» («Паміж пяскоў егіпецкай зямлі…»), а на другім пазначана, што менавіта сюды прыязджаў паэт улетку 1911 года. Адкрыла літаратурна-музычную імпрэзу сваячка Багдановічаў па бацькоўскай лініі Вольга Дашкоўская.

Пасля традыцыйнага фатаграфавання і наведвання Максімавай крыніцы госці і ўдзельнікі свята сабраліся ля фальварка «Ракуцёўшчына», дзе загадчыца філіяла Настасся Мікалаеўна Сярболіна сустракала ўсіх вершамі, хлебам-соллю і прывітальным словам. Пасля наведвання музейнага комплексу, які ўключае дом гаспадара, дом арандатара і гаспадарчыя пабудовы, госці сабраліся ля галоўнай сцэны, што гэтым разам месцілася ў межах музейнага комплексу. Святкаванне пачалося з прывітальнага слова праўнучкі даўнішняй уладальніцы фальварка Маргарыты Пяровай. Яе бабуля, Эмілія Шабуня, таксама гасцявала з маленькай дачушкай Ядвігай у дзядзькі Вацлава Лычкоўскага (нагадаю, ён гаспадарыў у фальварку) у час, калі там адпачываў Максім. Калі Ядвіга вырасла, то са словаў маці запісала ўспаміны аб тым часе. Эмілія Шабуня распавядала, што Максім адразу пасябраваў з маленькай Ядвігай: насіў яе на руках, гуляў з ёю, распавядаў казкі. Штодзень мясцовая інтэлігенцыя збіралася за гарбатай: за сталом Максім чытаў свае новыя творы, вяліся літаратурныя дыскусіі, гучалі творы і іншых пісьменнікаў на розных мовах. Маргарыта Пярова, хаця жыве не ў Беларусі, — носьбіт беларускага духу, захавальніца традыцый свайго слаўнага роду.

Гасцей віншавала намесніца загадчыка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Алена Сакалоўская. Свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета» — сумесны праект Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Маладзечанскага райвыканкама. Зямля маладзечанская багатая на таленты, шчодра надзяляе творчай энергіяй і сілай тых, хто тут нараджаецца, у чым пераканаліся прысутныя падчас выступаў артыстаў з народнага клуба паэтаў і кампазітараў Мінскай вобласці «Жывіца», калектыву народнай самадзейнасці «Маркаўчанка».

Чыталі вершы паэты, кожны з якіх адкрыў для сябе Беларусь праз Багдановіча, а Багдановіча — праз Беларусь. Гучалі песні на словы Максіма Багдановіча, а таксама аўтарскія кампазіцыі. Агулам Ракуцёўскае лета сабрала больш за тры дзясяткі творцаў. Свята атрымалася яркім і запамінальным.

Вядучая святочнага мерапрыемства Алеся Сівохіна чытала са сцэны вершы Багдановіча і распавядала цікавыя факты з жыцця паэта. Так, у аснову паэмы «У вёсцы» (якую Максім Багдановіч напісаў у Ракуцёўшчыне) быў пакладзены рэальны выпадак, сведкам якога паэт стаў аднойчы падчас прагулкі. Прататыпам галоўнай гераіні, што абудзіла ў душы Максіма самыя светлыя пачуцці, была звычайная вясковая дзяўчынка. Максім бачыў ідэал жаночай прыгажосці не толькі ў знешнім харастве, але і ў духоўным — самаахвярнасці жанчыны ў імя новага жыцця.

Гасцей віншавалі дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Вітальеўна Макарэвіч, загадчыца Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Марына Міхайлаўна Запартыка, аўтар мастацкай канцэпцыі экспазіцыі музея Эдуард Канстанцінавіч Агуновіч, мастачка Аксана Аракчэева.

Дзейнасць Максіма Багдановіча — прыклад самаахвярнага служэння Бацькаўшчыне, на які варта арыентавацца ў жыцці, у штодзённай працы. Ніяк інакш не атрымаецца захаваць нашу багатую культурную спадчыну і перадаць яе нашчадкам…

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

“ЛіМ” №31-2016