У першы дзень вясны
На чарговым пасяджэнні літаратурнай гасцёўні “Аўтограф”, што плённа працуе пры інтэрнаце №8 Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта адбылася творчая сустрэча з паэтам Рагнедам Малахоўскім. Гэта літаратурная пляцоўка актыўна прымае гасцей другі год запар, дарэчы, з’явілася па ініцыятыве Мінскага гарадскога аддзялення СПБ і педагога-арганізатара інтэрната Ірыны Георгіеўны Шаціхінай. Першая адукацыя Рагнеда – эканамічная, таму былі натуральнымі яго ўзрушанасць і хваляванне. Ды і на сустрэчу завіталі выключна прыгажуні-дзяўчаты, а сам паэт – нежанаты. Рагнед распавёў пра свой творчы шлях, захапленні музыкай і фотамастацтвам, чытаў вершы пра каханне, падзяліўся багатымі творчымі планамі, адказаў на пытанні ўдзячнай аўдыторыі. Акрамя таго, Рагнед Малахоўскі займаецца пошукам аўтараў для выдання кніжнай серыі Саюза пісьменнікаў Беларусі “Маладая паэзія Беларусі”, якая выходзіць у выдавецтве “Харвест” з 2012 года пад яго рэдакцыяй. І цалкам верагодна, што такія таленты вучацца і ў эканамічным універсітэце. Напрыканцы сустрэчы Рагнед Малахоўскі прыняў прапанову арганізаваць у інтэрнаце чарговую фотавыставу.