У Мінску павіншавалі з 80-годдзем Зіновія Прыгодзіча

Усе, хто завітаў у Мінскую абласную бібліятэку імя А.С. Пушкіна на творчы вечар Зіновія Прыгодзіча, нібы апынуліся ў тэатральнай зале ці як мінімум на нейкім урачыстым канцэрце. Інакш і не скажаш, бо тут гучала музыка, дэкламаваліся вершы, маналогі, нібы на нейкім спектаклі. Выступалі сапраўдныя майстры сцэны! Народная артыстка Рэспублікі Беларусь, лаурэат дзяржаўнай прэміі Марыя Георгіеўна Захарэвіч расчуліла сваім пранікнёным чытаннем урыўка з кнігі Зіновія Кірылавіча, бо настолькі прыгожа данесла сэнс пра маральную аснову чалавека і ролю маці ў жыцці. Уразіла таксама выступленне лаурэата дзяржаўнай прэміі, заслужанага дзеяча мастацтваў Валерыя Данілавіча Анісенкі. 


На вечары гучалі не толькі паэтычныя радкі, словы падзякі, але і музычныя віншаванні. Падарунак у выглядзе творчай праграмы прэзентаваў народны артыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч мастацтваў, кампазітар Леанід Канстанцінавіч Захлеўны: яго калектыў з ансамбля народнай музыкі «Бяседа» выканаў некалькі песень, у тым ліку створаную сумесна з Зіновіем Прыгодзічам.

Валерый Анісенка падарыў Зіновію Прыгодзічу кнігу са словамі падзякі

Валерый Анісенка падарыў Зіновію Прыгодзічу кнігу са словамі падзякі

Каб павіншаваць юбіляра сваім голасам акапельна, прыйшоў, літаральна ў апошні момант ускокнуўшы ў творчы зорны цягнік, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Свята» Вячаслаў Статкевіч. Пра вечарыну ў пушкінскай бібліятэцы ён даведаўся ў гадзіну ночы, выпадкова знайшоўшы пра яе ў адной з сацыяльных сетак і падумаў, як жа можна прапусціць такое мерапрыемства — якое ж свята без «Свята»? Падчас віншаванняў Вячаслаў Статкевіч нагадаў, што яго ансамблю неўзабаве (у канцы лістапада) споўніцца 40 гадоў, і пажадаў юбіляру сто гадоў, выканаўшы аднайменную песню. І гэта было вельмі сімвалічна!

Зіновія Прыгодзіча віншуе Марыя Захарэвіч

Зіновія Прыгодзіча віншуе Марыя Захарэвіч

Вельмі шчыра выступіў заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч. Навум Якаўлевіч не толькі ахарактарызаваў прафесійныя якасці юбіляра як выдатнага інтэрв’юера, але і праанансаваў прысутным сваю сённяшнюю перадачу «Суразмоўцы» (яе можна паглядзець у 16.20 на тэлеканале Беларусь 3), дзе якраз будзе размова з самім Зіновіем Прыгодзічам (радыёверсію перадачы можна будзе паслухаць у нядзелю і ў панядзелак).

"Бяседа" віншуе юбіляра сваім выступленнем

“Бяседа” віншуе юбіляра сваім выступленнем

Моладзь з цікавасцю пазнаёмілася з творчасцю Зіновія Прыгодзіча

Моладзь з цікавасцю пазнаёмілася з творчасцю Зіновія Прыгодзіча

У зале панавала цёплая і пазітыўная атмасфера, быццам сабраліся разам родныя людзі, якія даўно не бачыліся і ніяк не могуць нагаварыцца і разысціся (сустрэча заняла амаль дзве гадзіны і госці доўга яшчэ не разыходзіліся). А стварыў такую ўтульнасць у першую чаргу сам Зіновій Кірылавіч, бо знайшоў патрэбныя словы, каб з’яднаць усіх прысутных — сваіх сяброў, супрацоўнікаў бібліятэкі, моладзь, артыстаў. Фішкай творчага вечара, бясспрэчна, стала тое, што праграму вёў сам галоўны герой свята. Ён то жартаваў, то пераходзіў на сур’езныя тэмы, але галоўнае — быў па-сапраўднаму шчырым. Зіновій Кірылавіч запальваў залу сваёй бадзёрасцю, энергіяй і прыемнай усмешкай падчас прадстаўлення зорных гасцей, не пашкадаваўшы для кожнага з іх кампліменты, нібы свята было не ў яго, а ў іх. Нездарма ў афіцыйнай частцы мерапрыемства старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос пасля прачытання віншавання ад старшыні СПБ Алеся Карлюкевіча і ўручэння граматы ад СПБ за ўклад у беларускую літаратуру падкрэсліў, што пісьменніцкая супольнасць яшчэ многа гадоў спадзяецца грэцца ў промнях сонечнага настрою Зіновія Прыгодзіча.

Таксама было віншаванне і ад сталічных калег: яго перадаў намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ, паэт і перакладчык Рагнед Малахоўскі.Таксама пісьменніка павіншавалі калегі: Ірына Карнаухава, Таццяна Дашкевіч, Міхась Кенька, Наталля Касцючэнка, Антон Анісовіч.

Гледзячы на бурленне творчага імпэту юбіляра яшчэ раз пераканалася: сур’ёзны ўзрост — гэта толькі лічба ў пашпарце, а Зіновій Кірылавіч, як і раней, лучыць творным агнём. Такую асаблівасць Зіновія Прыгодзіча як асобы падкрэсліла падчас свайго віншавання і дырэктар пушкінскай бібліятэкі Наталія Мікалаеўна Вашчыла. Яна назвала талент Зіновія Кірылавіча боскай іскрай, а яго — сапраўдным творцам, які ўнёс вялікі духоўны уклад у тое, што і робіць нас людзьмі. І з гэтым цяжка не пагадзіцца: усе кнігі Зіновія Прыгодзіча пра каханне да жанчыны, любоў да людзей і жыцця. Можа, дзесьці гэта пачуцце і не самае радаснае. Але заўжды светлае… Творчую сустрэчу з нагоды віншавання Зіновія Кірылавіча Наталля Вашчыла назвала вандроўкай у свет літаратуры і духоўнасці.

На мерапрыемстве прысутнічала моладзь, магчыма, сярод навучэнцаў былі і пачынаючыя аўтары (творчасць жа бывае рознай), бо яны з ахвотай задавалі Зіновію Кірылавічу пытанні наконт яго стасункаў з пісьменнікамі (асабліва з Уладзімірам Караткевічам), цікавіліся і яго творчасцю. Асабліва дзяўчат хвалявала тэма кахання ў літаратуры.

Зіновій Прыгодзіч прысвяціў свой твор "Журба мая светлая" першаму каханню

Зіновій Прыгодзіч прысвяціў свой твор “Журба мая светлая” першаму каханню

—Я вельмі шчаслівы чалавек, бо зведаў, што такое каханне. Нават не зайздрошчу тым, хто ў сваім жыцці яго не напаткаў. Каханне, на маю думку, — вялікая боская ўзнагарода, — лічыць Зіновій Прыгодзіч. — Для мяне самае дарагое першае, якому я прысвяціў твор «Журба мая светлая». Тое пачуцце не было радасным: я сем гадоў сустракаўся з ёй (яна вучылася ў Брэсце, а я ў Мінску). Мы разлучыліся… І гэтае першае моцнае пачуцце натхніла мяне на твор. І ў далейшым з ахвотай пісаў менавіта пра каханне. У мяне шэсць аповесцяў пра яго.

Зіновій Прыгодзіч настальгіраваў, узгадваў свае творчыя вандроўкі, вынікам якіх стала з’яўленне кнігі «Постаці» (у ёй змешчаны партрэты выдатных дзеячаў беларускай культуры). Зразумела, падзяліўся з прысутнымі і старонкамі сваёй творчай біяграфіі. Крыху расказаў і пра працу ў «Звяздзе», і пра часопіс «Гаспадыня». Зіновій Кірылавіч таксама падзяліўся тым, як прысвяціў свае творы родным: «Добры дзень, сад» — дачцэ, «Арцёмкавы канікулы» — унуку, дакументалістыку — сыну.

Зіновій Прыгодзіч — заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, вядомы беларускі празаік, паэт, журналіст і публіцыст, аўтар каля 40 мастацкіх і дакументальных кніг. Член Прэзідыуму Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, а таксама прэміі «Залотое пяро». Сярод кніг пісьменніка вылучаюцца аповесці «Журавы на далёкай пойме», «Ноч перад нядзеляю», зборнік нарысаў «Жменя зярнят», кніга лірычнай прозы «Журба мая светлая», а таксама знакамітыя трылогіі — «Постаці» і «Созидатели», прысвечаныя выбітным дзеячам беларускай культуры.

Напрыканцы творчай сустрэчы юбіляр прызнаўся, што, на яго думку, галоўны сэнс літаратуры — рабіць чалавека чалавечным. Ён пажадаў моладзі чытаць як мага больш якасных добрых кніг, назваўшы літаратуру лекамі душы. А пачынаючым літаратарам параіў быць адданымі літаратуры, калі ўжо крочылі на гэты творчы шлях.

— Пішыце толькі сваё, хоць маленечкае, але новае. Пісьменніцтва — высокая і вельмі адказная прафесія. Трэба быць годным і праўдзівым, верным сваёй тэме, якую абраў. Дарэчы, мяне непакоіць стан чалавечых зносін сёння, што цяпер сталі менш чытаць, менш хадзіць адзін да аднаго ў госці, як раней. Людзі развучыліся радавацца сустрэчам сам-начас, — падзяліўся сваім назіраннем Зіновій Прыгодзіч і шчыра дадаў, — дзякую ўсім, хто завітаў на гэтую сустрэчу, аддаўшы такім чынам павагу да нашай літаратуры! Сустрэнемся зноў праз 20 гадоў на стогадовым юбілеі.

Прысутныя зрабілі на памяць фотаздымак разам з юбілярам. Усе жадаючыя змаглі атрымаць аўтограф Зіновія Прыгодзіча і яго кнігу «Постаці».

Ірына ПРЫМАК
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Крыніца: Звязда