«У фарбах восені»
Шмат непахвальных метафар даводзіцца чуць восені: журботная, слязлівая, маркотная… Але тут патрэбна паспрачацца.
У чароўнай кніжнай хатцы, дзе шчыруе на працы пісьменніца, мастачка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Каленік, ніводная пара года не засумуе. Вось і сёлета шчаслівы кастрычнік у другі дзень ад сваіх народзін завітаў у філіял сталічнай бібліятэкі № 3 з букетам жоўта-аранжавых гербер з цікаўнымі карымі вочкамі. Кветкі радасна ўсміхаліся ўдзельнікам і гасцям імпрэзы, а затым жывымі падарункамі раз’ехаліся па розных куточках Мінска і вобласці.
Свята так і называлася: “У фарбах восені”… А фарбы яе мігцелі рознакаляровымі адценнямі ў творах, з якімі пазнаёміліся сябры бібліятэкі, нераўнадушныя да прыгажосці. Дарылі ж яе запрошаныя на мерапрыемства пісьменнікі Міншчыны – члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.
З вялікай асалодай слухалі прысутныя змястоўны расказ таленавітага мастака, паэта, дзіцячага пісьменніка Аляксея Шаўцова. Ён распавёў пра сваё надзвычай цікавае воінскае і творчае жыццё, адказаў на шматлікія пытанні, прэзентаваў новы празаічны зборнік для дзяцей “Ветрык і Сонька”. Кнігу творца падарыў бібліятэцы і парадаваў калег біяграфічным буклетам з вершамі і фотаздымкамі сваіх непаўторных карцін.
Самыя цёплыя і кранальныя словы памяці адрасавалі ў гэты вечар літаратары сапраўды светламу, неардынарнаму чалавеку, таварышу, паэту Уладзіміру Рунцэвічу, які ў гэтым годзе пайшоў з жыцця. Увазе гледачоў былі прадстаўлены графічныя ілюстрацыі да яго кніг, выкананыя Таццянай Рыгораўнай. Паэтка Галіна Нупрэйчык прачытала прысвечаны творцу акраверш, а потым пазнаёміла чытачоў са сваімі восеньскімі творамі ў розных паэтычных формах, якія заўсёды выклікаюць вялікі інтарэс у аўдыторыі.
Вершамі з глыбокім філасофскім зместам уразіла паэтэса, перакладчыца, дзіцячая пісьменніца Святлана Быкава. Яна падзялілася мудрасцю сваёй душы, бясконца цікавым светапоглядам, падарыла бібліятэцы аўтарскія фотакарціны з вершамі. Кожны з прысутных у зале атрымаў яе ўласныя фотапаэтычныя паштоўкі з аўтографам.
Прывіталі ганаровых гасцей і слухачы. Сярод іх ‒ член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Любашына. Уразілі ўсіх яе паэтычныя вобразы, кніжныя навінкі, падораныя бібліятэцы. Яркімі вершаванымі радкамі апісала залатую пару сябра літаратурнага аб’яднання “Слова” Таццяна Шурынава. Не абышлося і без музычнага сюрпрызу: слухачка з залы падарыла песню ў акапэльным выкананні. Напрыканцы – агульнае фота для ўспамінаў.
Свята прынесла зарад бадзёрасці і асалоду ад зносін з аднадумцамі, сябрамі, калегамі. Кніжная хатка-скарбонка заўсёды адчынена для цяпла, дабрыні, радасці творчых сустрэч. А скрусе тут не знойдзецца ні спраў, ні прытулку.
Восень, аздобленая фарбамі талентаў, ніколі не замаркоціцца!
Галіна Плакса