Традыцыя чытаць

Якую ролю адыгрывае сям’я ў пашырэнні чытацкай прасторы? Вось што думаюць з гэтай нагоды старшыні рэгіянальных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Анатоль Крэйдзіч, Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ:

— Калі нарадзіліся мае дочкі, я шмат чытаў і пісаў, друкаваўся ў літаратурнай перыёдыцы, увогуле быў апантаны літаратурай. Ды і жонка купляла ўсе новыя кнігі, асабліва зборнікі паэзіі, многа чытала, разам са мной абмяркоўвала творы. Дарэчы, мы ж і сышліся дзякуючы паэзіі: я пісаў ёй вершы, а яна іх ілюстравала. Калі дзеці падраслі, акрамя праграмных твораў пачаў «падкідваць» ім сучасную прозу. У старшых класах яны ўжо добра ведалі, які пісьменнік пра што піша, і мы маглі падоўгу абмяркоўваць, каму аддаваць перавагу. Старэйшая дачка скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, а малодшая — каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, цяпер студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яна ўжо не толькі шмат чытае, але і сама піша. Натуральна, цяпер мы можам не толькі размаўляць пра літаратуру, але і спрачацца!

Тамара Краснова-Гусачэнка, Віцебскае абласное аддзяленне СПБ:

— Колькі сябе памятаю, у сям’і было прынята чытаць адзін аднаму ўслых вершы, прозу ды іншыя творы, абменьвацца меркаваннямі. Старэйшыя звярталі ўвагу малодшых на кнігі, што запомніліся і палюбіліся ім у дзіцячыя і юнацкія гады. Любімыя кнігі захоўвалі ў хатніх бібліятэках — іх збіралі ўсёй сям’ёй. Дзеці пераймаюць стаўленне да чытання і кнігі, якое існуе ў бацькоў: чытаюць бацькі — чытае дзіця. Вельмі важна зрабіць гэта звычкай для дзіцяці, бо выхаваўчае ўздзеянне кнігі на развіццё асобы бясспрэчнае. Менавіта ў дзіцячым і юнацкім узросце адбываецца фарміраванне светапогляду, пошукі ідэалу, свайго месца ў жыцці! Ад таго, ці чытаюць дзеці, што і як чытаюць, залежыць іх сённяшні поспех і заўтрашні лёс — лёс будучыні краіны.

Уладзімір Гаўрыловіч, Гомельскае абласное аддзяленне СПБ:

— У пару майго дзяцінства сям’я адыгрывала вялікую ролю ў прывіцці дзецям любові да чытання. Мае бацькі, напрыклад, людзі ад зямлі, і на кнігі часу было мала. Усё ж зімою, калі клопатаў менела, пачытаць любілі. Слухалі, што мы расказвалі аб прачытаным. Мама казала: «Кніжка — выдатны настаўнік». Ды і сама яна чытала шмат. Мы з жонкай таксама стараемся, каб дзеці чыталі больш. Праўда, уражанні ад кнігі ў дзяцей і дарослых часам розныя, але «міні-рэцэнзіі» ўслых вельмі яднаюць сям’ю. Таму ўпэўнены: сям’і належыць значная роля ў папулярызацыі чытання. Сёння практычна ва ўсіх ёсць доступ да сеціва — толькі б яно было на карысць дзецям! Мне ж бліжэй кніга друкаваная. Наведваючы бібліятэкі рэгіёна, сустракаю тут як дарослых, так і дзяцей — добра, што ў кожнага сваё захапленне. Перакананы: будучыня — за бібліятэкай сямейнага тыпу або сямейнага чытання. Хацелася б, каб ладзілася яшчэ больш акцый, у якіх бы дарослыя і дзеці ўдзельнічалі разам.

Людміла Кебіч, Гродзенскае абласное аддзяленне СПБ:

— Ці народзіцца ў сям’і любоў да кнігі і чытання, залежыць ад бацькоў. Калі дзіця ад пачатку бачыць у руках мамы і таты кнігі, калі бацькі чытаюць дзецям казкі і вершыкіпацешкі з маленства, а пазней разам з імі наведваюць кніжныя крамы, прыцягненне да чытання будзе закладвацца паступова і трывала захаваецца на ўсё жыццё. Дагэтуль памятаю свае першыя кніжкі, нават на сёлетняй Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы адну з іх набыла — ужо для ўнучкі. Колькі нам было радасці чытаць яе разам! Памятаю з дзяцінства, як у сям’і ледзь не перасварыліся з-за кнігі Аляксея Карпюка «Вершалінскі рай». Тады тата купіў яшчэ два экзэмпляры: чытайце! Такое не забудзецца. Праз чытанне ў сям’і выхоўваецца мастацкі густ — галоўнае, каб гэта была высокапрафесійная мастацкая літаратура, змястоўная, цікавая.

Уладзімір Дуктаў, Магілёўскае абласное аддзяленне СПБ:

— Ад сям’і залежыць шмат што: светаадчуванне, звычкі, характар. Толькі сям’я прывучае дзіця чытаць! Кніга — лепшы сябар, традыцыя ўсіх часоў і сямейная каштоўнасць. Я заўсёды любіў чытаць свайму сыну, а сёння — па-беларуску ўнучцы, каб з дзяцінства разумела і любіла родную мову. У нашай краіне жывуць таленавітыя пісьменнікі, якіх варта ведаць і паважаць. Што да класічнай літаратуры — гэта наш скарб і скарб нашай будучыні. Абавязковы клопат сённяшняга грамадства — данесці яе сэнс і багацце да малодшага пакалення. Мае бацькі ў дзяцінстве таксама чыталі мне збольшага па-беларуску, расказвалі пра пісьменнікаў і паэтаў, так і падштурхнулі да літаратуры.

Міхась Пазнякоў, Мінскае гарадское аддзяленне СПБ:

— За савецкім часам да сям’і невыпадкова ставіліся як да асноўнай ячэйкі грамадства — з асаблівай увагай. Калі бацькі шануюць кнігу, любяць чытаць, набываюць літаратуру, фарміруюць хатнюю бібліятэку, наведваюць кніжніцы, гэта абавязкова перадасца. Памыляюцца тыя бацькі, якія спадзяюцца ў гэтай справе толькі на дзіцячы садок і школу. Калі сям’я змалку навучыць дзетак цаніць кнігу, дзіцячае чытацкае кола будзе павялічвацца, духоўна ўдасканальвацца і ўзбагачацца. Тады і будзем мець шырокую чытацкую прастору. А ўрэшце — больш дасведчанае, адукаванае, выхаванае і здаровае грамадства! Выдатна, калі нашы бібліятэкі паўсюль будуць вызначаць і заахвочваць самыя актыўныя ў чытанні кніг сем’і. Вось чаму мы ладзім конкурсы чытальнікаў мастацкіх твораў, ствараем студыі мастацкага чытання, разам з бібліятэчнымі работнікамі імкнёмся заахвочваць юных аматараў кнігі.

Алесь Карлюкевіч, Мінскае абласное аддзяленне СПБ:

— «Сямейнае чытанне», відавочна, зойме ў працы пісьменніцкага супольніцтва не меншае месца, чым рэспубліканская акцыя «Лета з добрай кнігай». Дзецям чытаць разам з бацькамі, бацькам і пісьменнікам выпрацоўваць агульныя падыходы ў выбары галоўных кніг — хіба ж гэта не важна?! У нашым аддзяленні многа дзіцячых пісьменнікаў. Мяркую, яны першымі спрычыняцца да ўдзелу ў акцыі. Чакаем ад іх ініцыятывы, спадзяёмся на новыя ідэі ў арганізацыі чытацкіх сустрэч, фестываляў сямейнага чытання. Асабіста для мяне сям’я ў дзяцінстве адыграла велізарную ролю ў прыцягненні да сістэматычнага чытання. Найперш я за гэта ўдзячны сваім бацькам.

Вікторыя АСКЕРА, Яна ЯВІЧ

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/10/40-2015.pdf

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.