Таццяна Мушынская. Мак таўклі камары
Пра кнігу Таццяны МУШЫНСКАЙ “МАК ТАЎКЛІ КАМАРЫ”,
серыя «Нашым дзеткам», Мн., Мастацкая літаратура, 2017.
Безумоўна, заўсёдную радасць выклікае з’яўленне метадычных, гульнявых, забаўляльных матэрыялаў як у інтэрнэт-прасторы, так і ў папяровым варыянце. Выдатнай крыніцай заняткаў з дзецьмі, загадак, крыжаванак, казак, лічылак з’яўляецца партал «Нашыя дзеткі». Асобным раздзелам літаратура для дзяцей вынесена на сайтах Knihi.by, Ay.by і інш. Годнае месца займаюць у рэкамендаваных спісах кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Серыя «Нашым дзеткам» ужо прапаноўвала маленькім чытачам і іх бацькам творы Уладзіміра Марука, Віктара Гардзея, Раісы Баравіковай, Анатоля Зэкава…
Новае выданне — вершы Таццяны Мушынскай з выдатнымі ілюстрацыямі Крысціны Баранавай. Вельмі ўдалым падаецца менавіта такі дызайн кнігі — у выглядзе ілюстраванага альбома, куды ўпісваюцца вершы. У многіх, відаць, у дзяцінстве былі такія. Куды занатоўвалі цікавосткі самі ці прасілі гэта рабіць сяброў…
Вершыкі кнігі — лёгкія для завучвання, цікавыя сваёй моўнай гульнёй:
Сом прысніў аднойчы сон,
Што згубіў свой парасон.
Як дарэшты вымак сом,
Дык на сушу выйшаў ён.
Зачапіўся сом вусамі
І гуляць не можа з намі.
Нязмушана, у жартаўлівай форме тлумачыць аўтарка з’явы прыроды («Хмара з хмарай неба дзеляць, / Хмара ў хмару громам цэліць»), паводзіны звяроў. Атрымаюць малыя «чамучкі» і адказы на свае бясконцыя пытанні. Чаму лось любіць соль? Каго называюць лясным доктарам? Як гэта мак таўкуць камары? Чаму выпадае снег узімку?
Але часам трэба і падурэць, прыдумаць нешта абаяльна-неверагоднае:
У бярлозе мішкі — тэлевізар,
Доўгаю зімой таму не спіць.
Ад бяссоння мішка не капрызіць,
А мультфільмы дзень і ноч глядзіць.
Свет дзіцячай фантазіі — каляровы, невычарпальны. І трэба кожны дзень запаўняць яго новымі фарбамі і вобразамі. А галоўнае — трапнымі словамі на роднай мове.
Юлія Алейчанка


















