“Святло душы” – новая кніга Антона Анісовіча

Новы паэтычны зборнік члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельніка народнага калектыву паэтаў і празаікаў “Выток” ДУ “Дзяржынская раённая цэнтральная бібліятэка” Антона Анісовіча “Святло душы” прасякнуты святлом трапяткога і шчырага Кахання. На жаль, нагодай для выхаду кнігі стала трагічная падзея ў жыцці аўтара – смерць жонкі Наталлі. Кожны радок, прысвечаны ёй, узрушвае душу і сагравае сэрца пяшчотай:

Прамільгнула зоркай-знічкай,
След пакінула нязгасны.
Ты была святой крынічкай,
Любай зоркаю… Пагасла.

Паэт застаецца верным і сваёй галоўнай тэме творчасці – клопат пра будучыню роднай Беларусі, даніна павагі да подзвігу продкаў, прызнанне ў вернасці і любові роднаму краю.
Пераклады з рускай мовы адкрываюць аматарам паэзіі новае гучанне добра вядомых твораў. Вось як адметна, прыгожа і меладычна гучаць знакамітыя радкі Андрэя Дзяменцьева:

Пройдзе ўсё: і зіма і лета.
Пройдзе ўсё: наяву і ў сне.
Пройдзе ўсё: толькі верце ў гэта,
Што любоў не праходзіць, не.

На старонках кнігі чытачы знойдуць і новыя “антосікі” – мудрыя, трапныя чатырохрадкоўі:

Каб меней фальшы і фальшывых нот,
У музыцы жыцця гучала.
Гісторыю сваю павінен знаць народ,
І лёгкі хлеб, каб моладзь не шукала.

Фотаздымкі, змешчаныя ў кнізе, дазваляюць нам зазірнуць у сямейны альбом Антона Анісовіча і прыгадаць свае шчаслівыя старонкі сямейнага летапісу.
Вольга Жыбурт,
бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
ДУ “Дзяржынская раённая цэнтральная бібліятэка”