“Светач” адзначае юбілей!
Усё пачалося ў далёкім 1977-м годзе, калі 5 лістапада на Паркавай магістралі (цяпер праспект Пераможцаў) адкрыўся кніжны магазін-клуб № 45 “Светач”. Сёння гэта ўсім вядомая, буйнейшая ў рэспубліцы кнігарня, якая за чатыры дзясяткі гадоў свайго існавання стала не проста кніжнай крамай з шырокім асартыментам, а сапраўдным Домам кнігі. Наведвальнікі кнігарні аднымі з першых могуць знайсці на паліцах навінкі айчыннай і замежнай літаратуры. Тут рэгулярна праводзяцца прэзентацыі кніг, сустрэчы з аўтарамі, аўтограф-сесіі. Важную ролю выконвае “Светач” у прапагандзе беларускай літаратуры.
На юбілейныя мерапрыемствы былі запрошаны сучасныя аўтары, якія сустрэліся з чытачамі і мелі цудоўную магчымасць прэзентаваць свае кнігі. У ліку гасцей была дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая. На сустрэчу з казачніцай завіталі малодшыя школьнікі. У форме інтэрактыўнай гульні Кацярына пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з героямі сваіх кніг, загадала ім загадкі і, як сапраўдная фея, адгадала імёны дзяцей, якія прыйшлі на сустрэчу.
Кожны з юных чытачоў атрымаў запрашэнне ў чароўны свет Фантазіі. Дзеці выкарысталі магчымасць набыць кнігу з аўтографам аўтара. А на развітанне фея-казачніца дакранулася да кожнага сваёй чароўнай палачкай, якая дорыць любоў да чытання і натхненне. Дарэчы, натхненне дзецям адразу ж і спатрэбілася, бо пасля сустрэчы з Кацярынай Хадасевіч-Лісавой яны пайшлі на творчы майстар-клас, дзе ім прапанавалі праявіць свае здольнасці ў выяўленчым мастацтве.
Цягам цэлага дня і вечара кніжны дом “Светач” прапаноўваў сваім сябрам-наведвальнікам розныя мерапрыемствы і сустрэчы. Дзверы крамы былі гасцінна адкрыты аж да апоўначы. А завяршыліся юбілейныя святкаванні акцыяй “Кніжная бессань”, якая дазваляла пакупнікам набыць кнігі са зніжкай 20 адсоткаў.
Яшчэ раз віншуем “Светач” з юбілеем і зычым заставацца любімай кнігарняй для многіх яе сяброў.
На свяце пабывала Вікторыя Дарожка, клуб юнага журналіста “ЛІМОН”