Сустрэча прыхільнікаў паэтычнага Слова
Заўсёды з радасцю прымаю запрашэнне правесці творчую сустрэчу ў ДУ “Мінскі абласны інсцітут развіцця адукацыі”. Апошнія два гады мае сустрэчы з супрацоўнікамі бібліятэк сістэмы адукацыі вобласці, якія праходзяць у гэтай установе курсы павышэння кваліфікацыі, сталі традыцыйнымі. Вядома ж, для паэта сустрэча з уважлівай, зацікаўленай аўдыторыяй заўсёды радуе, акрыляе.
Вось і сёння адбылася такая цёплая, прыемная сустрэча з тымі, хто абраў сваім пакліканнем кнігу, хто шмат год аддана служыць ёй і людзям. Менавіта з такой аўдыторыяй паэт можа гаварыць на мове душы і сэрца, і яго абавязкова пачуюць і зразумеюць.
Так адбылося і на гэты раз: амаль трыццаць пар вачэй глядзелі ўважліва і зацікаўлена, лавілі кожнае маё слова. Вершы самі выляталі з маіх вуснаў, пырхалі ў прасторы класа, як рознакаляровыя матылі…
Вялікі ДЗЯКУЙ Вам, мае любыя слухачы, за Вашу шчырасць, здольнасць прачуць паэтычнае Слова! Я вельмі ўдзячная Вам за Вашы пытанні, якія датычыліся сур’ёзных жыццёва-філасофскіх тэм, жаданне паглыбіцца і разабрацца ў іх. Менавіта ў гэтым прасочваецца памкненне да чалавечай мудрасці, самапазнання, самаадукацыі, якія і з’яўляюцца рысай сапраўднага, думаючага чалавека.
На развітанне мы абмяняліся пажаданнем: “Да новых сустрэч!”
Сустрэч, такіх жа шчырых, цёплых, пранікнёных – жаданых.
Святлана Быкава