Сумная навіна

6 кастрычніка 2017 года пайшла з жыцця Галіна Ануфрыеўна Васілеўская.

Галіна Ануфрыеўна нарадзілася 15 студзеня 1927 года ў г. Клічаў Магілёўскай вобласці ў сям’і рабочага. З 1932 г. сям’я жыла ў Мінску. Да вайны Г. Васілеўская скончыла 6 класаў 9-й мінскай сярэдняй школы. У 1945 г. экстэрнам здала экзамены за дзесяцігодку. У 1950 г. скончыла аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працавала радыёжурналістам (1950-1953), літаратурным супрацоўнікам часопіса “Сельская гаспадарка Беларусі” (1953-1959), рэдактарам аддзела часопіса “Работніца і сялянка” (1959-1977), рэдактарам аддзела нарыса (1977-1979), адказным сакратаром часопіса “Полымя” (1979-1982), дырэктарам бюро прапаганды мастацкай літаратуры (1982-1988).

Узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Літаратурнай працай займалася з 1953 г. Пісала нарысы, артыкулы. У 1959 г. апублікавала першае апавяданне “Блакітныя канверты”. Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакументальна-мастацкая аповесць “Маланка ўначы” (1963), аповесць-хроніка “Бывай, Грушаўка!” (1978) – пра жыццё і ўдзел падлеткаў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў акупіраваным фашыстамі Мінску. Інтэрнацыянальнай дружбе дзяцей прысвечана аповесць “Я еду на вярблюдзе” (1970), напісаная пасля паездкі ў Егіпет.

Пра адзін год з жыцця беларуса Віталя Пятроўскага, самага юнага вынаходніка ў былым СССР, расказана ў аповесці “Крылы” (1987). Дзяцінству В. Харужай прысвечана аповесць “Што помніцца…” (1991). Творы пісьменніцы перакладаліся на армянскую, рускую мовы.

Мінскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» глыбока смуткуе з прычыны смерці пісьменніцы і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.