Сумесная акцыя ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і ААТ “Белкніга” на Міншчыне

У 2017 годзе ў Беларусі стартавала сумесная акцыя ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і ААТ “Белкніга”. Першая сустрэча чытачоў і пісьменнікаў у памяшканні кнігарні “Белкніга” г.Мінска адбылася 24.02.2017 года. Сустрэча з вядомым пісьменнікам, старшынёй ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалаем Іванавічам Чаргінцом была адметная сваёй змястоўнасцю і прысутнасцю на мерапрыемстве шматлікіх удзячных прыхільнікаў яго таленту.  

Абласныя аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, у тым ліку і Мінскае абласное, з задавальненнем падхапілі добрае пачынанне. Вясной адбыліся сустрэчы ў кнігарнях г. Маладзечна і г. Вілейкі, якія правялі паэты Таццяна Атрошанка і Віктар Кажура.

Лета як пара адпачынку, не стала перашкодай у правядзенні далейшых мерапрыемстваў у кнігарнях ААТ “Белкніга”. Ва ўсіх кнігарнях Мінскай вобласці (а іх восем у шасці гарадах вобласці) запланаваны сустрэчы.  У Барысаве, Маладзечне, Вілейцы, Салігорску, Жодзіна і г.п.Смілавічы ў чэрвені ўжо прайшлі сустрэчы з пісьменнікамі Міншчыны. Свае таленты і творчыя здабыткі прадставілі Сяргей Клімковіч, Святлана Быкава, Уладзімір Цанунін, Фёдар Гурыновіч, Генадзь Аўласенка, Кацярына Хадасевіч-Лісавая.  На ліпень і жнівень таксама запланаваны шэраг такіх мерапрыемстваў.

Супрацоўніцтва кнігарань і галоўнай літаратурнай суполкі Беларусі будзе працягвацца восенню. Мяркую, што гэты добры пачатак не будзе мець канца, а будзе надалей пашырацца і ўдасканальвацца.

Скажу некалькі слоў пра сваю сустрэчу з чытачамі ў кнігарні “Спадчына-М”, якая знаходзіцца ў горадзе Маладзечна. Мерапрыемства адбылося 27 чэрвеня. Маімі слухачамі на гэты раз сталі  навучэнцы Маладзечненскага палітэхнічнага каледжа. Усе супрацоўнікі кнігарні на чале з яго дырэктарам Сабадкоўскім Сяргеем Антонавічам уважліва слухалі мяне. Акрамя таго, пакупнікі, якія наведалі ў гэты час кнігарню і мелі вольны час, таксама папоўнілі кола слухачоў. Мой аповед пра сябе, пра свой творчы шлях прадоўжыўся чытаннем шматлікіх вершаў на рускай і беларускай мовах.

Напрыканцы сустрэчы дырэктар кнігарні і ўдзячныя вучні падарылі мне букет руж, а мясцовая паэтка, член былога літаратурнага аб’яднання “Агмень” Алена Ермаловіч яшчэ доўга размаўляла са мной, задавала пытанні і распавядала пра свае творчыя здабыткі.

Але, як некалі сказаў мудры Саламон, усё калі-небудзь заканчваецца… Хутка электрычка ўжо везла мяне ў напрамку да майго роднага Заслаўя. Дарога дадому здалася мне карацейшай, чым шлях у Маладзечна. На сэрцы было цёпла – гэтаму спрыяла і сонечнае надвор’е, і цёплыя ўспаміны аб сустрэчы…

Думаю, што ўсе мерапрыемствы, якія будуць ладзіцца ў кнігарнях ААТ “Белкніга” пройдуць на вышэйшым узроўні, у шчырай і цёплай атмасферы. Жадаю ўсім выступоўцам поспехаў і добрых уражанняў!

 Святлана Быкава,

старшыня Мінскага абласнога аддзялення

ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”