Словы, вобразы, радкі…

У Таццяны Атрошанка схільнасць да творчасці з маленства. Яна нарадзілася ў пасёлку Вялікі Мох, што на Гомельшчыне, у Буда-Кашалёўскім раёне. Маці ведала шмат калыханак, прымавак, прыказак. Бабуля Таццяны валодала выдатным голасам, спявала. Чула дзяўчынка ў сям’і і пра здатнасць прадзеда, які іграў ледзьве не на ўсіх музычных інструментах, умеў іх рамантаваць.

Летам дзяўчынка назірала, як свавольны гарэза-ветрык плача пад пошчак дажджавых кропель, парушаючы спакой зямлі. Углядаючыся ў просінь неба, любіла сачыць за палётам журавоў: паляцець бы за птушкамі… І цяпер, ужо дарослую, Таццяну натхняюць родныя вобразы: ружовы позірк небакраю, бель туманоў на золку, зоры над родным Вялікім Мохам. Не забыцца і пра ночы, калі не хацелася спаць, калі цішком выходзіла на падворак, а вецер цалаваў валасы. Здавалася, кліча світальная зорка.

Любоў да мастацкага слова, мелодыка роднай мовы павялі ў жыццё. Паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны — на філалагічны факультэт. Акунулася ў стыхію моў, літаратур, фальклору. Тут напісаны і першы верш «Маладосць мая», які надрукавалі на старонках газеты «Гомельскі ўніверсітэт» у рубрыцы «Паэтычны дэбют».

А на слыннай купалаўскай зямлі, дзе апынулася пасля атрымання дыплома, як сама прызнаецца, па волі лёсу, першым творам стаў верш-прысвячэнне «Родны дом». Галоўнымі для настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сталі паэзія і песня. І калі працавала ў гарадской гімназіі № 10, і калі пачала выкладаць родную мову і літаратуру ў Маладзечанскім медыцынскім каледжы. Асабліва поўна талент Таццяны раскрыўся, калі ў Палацы культуры яна ўзначаліла літаратурнае аб’яднанне «Агмень». «З яе прыходам пачаўся новы этап у рабоце аб’яднання, — дзеліцца сябра суполкі Тамара Бярэзіна, аўтар кнігі «Карані і крона». — Ладзяцца цікавыя сустрэчы з аднадумцамі, адчуваецца прага творчасці».

Як адзначае паэт Алесь Бадак у прадмове да першага зборніка вершаў сяброў паэтычнага аб’яднання «Агмень», укладальнікам якога з’яўляецца Таццяна Атрошанка, «сваю адметную старонку ў гісторыі яе (Маладзечаншчыны) літаратурнага жыцця імкнуцца ўпісаць і аўтары вершаванага зборніка». І дадае колькі слоў пра творы самой укладальніцы: «У гэтай таленавітай паэткі своеасаблівым фонам душэўных перажыванняў з’яўляецца прырода, што вымагае ад аўтаркі пошуку яркай вобразнасці і песеннасці радка…»

000325_87486

Дагэтуль паэтычныя і празаічныя творы Таццяны друкаваліся на старонках «Маладзечанскай газеты», часопісаў «Маладосць», «Рюкзачок» ды іншых, выйшлі зборнікі «Прызнанне ў любові і каханні», «Тут я бачу свой край», «Не я…».

«Не я…» А хто? Мо мроі, перажыванні, летуценні творцы? Яна, як прызнаецца ў вершы «Не я…», нібы саткана з хмар, бы трапяткі і лёгкі птах, імкнецца ўвысь. Думкі паэтэсы тут і ў іншых вершах завуаліраваныя, мысленне метафарычнае. Унутраны стан і пачуцці лірычнай гераіні вымалеваныя запамінальна-дэталёва, яскрава, знітаваныя з прыроднымі з’явамі. То ёй хочацца паляцець у вырай за птушкамі, што «імкнуць у аблокі», то — пабываць у бацькоўскім доме на Гомельшчыне, хочацца. Адчувае, што «з светам матчыных вачэй па жыцці ісці лягчэй». Паэтэса здольная душою бачыць, «калі неба ад снегу дрыжыць», калі «пабягуць па лузе ліха туманоў сівыя коні». Адчувае каханне, «што прысела на парог».

Паэзія і песня… Вершы, напісаныя сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццянай Атрошанка, натхняюць кампазітараў. Шмат яна піша для дзяцей. Друкавалася ў вучэбна-метадычным дапаможніку «Музыка ў першым класе».

Творца актыўна супрацоўнічае з дзіцячымі вакальнымі студыямі «Спяваем разам», «Наталі», «Нон-стоп», «Мікс», з кампазітарамі Аленай Атрашкевіч, Сяргеем Ждановічам, Уладзімірам Сарокіным ды іншымі. Песні, напісаныя ў суаўтарстве з гэтымі музыкантамі, неаднаразова перамагалі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Яны — пра пачуцці: каханне, радасна-аптымістычнае і са светлым сумам; зіма пакідае нашы душы, а наперадзе — цёплая вясна…

Аляксандр ХАЗЯНІН

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/10/40-2015.pdf