Слова Купалы да творчасці кліча

25 мая ў Лагойскім раёне абыўся XII Форум маладых паэтаў Мінскай вобласці «Слова Купалы да творчасці кліча». У літаратурным конкурсе прынялі ўдзел больш за 100 маладых літаратараў Мішчыны ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў. Члены Мінскага абласнога аддзялення СПБ Леанід Крыванос, Рагнед Малахоўскі і Ірына Карнаухава прынялі актыўны ўдзел у працы журы конкурсу на чале са старшыней Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандрам Карлюкевічам.

Форум пачаўся ў вёсцы Харужанцы Лагойскага раёна. У філіяле «Акопы» ўстановы «Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы» адбылося ўскладанне кветак да помніка Песняру беларускай літаратуры. Удзельнікі і члены журы наведалі экспазіцыю філіяла «Акопы», прысвечаную Янку Купалу і падзяліліся сваімі ўражаннямі ў Кнізе водгукаў.

XII Форум маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча» прадоўжыў сваю работу ў Лагойску. У раённым цэнтры культуры адбыўся творчы семінар, на якім паэты Віктар Шніп, Ірына Карнаухава, Рагнед Малахоўскі, а таксама вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Варонава падзяліліся вопытам творчага майстэрства з удзельнікамі Форуму. Кожны з маладых паэтаў, хто прыехаў у Лагойск, атрымаў не толькі ганаровы дыплом і іншыя падарункі, але і сваю «хвіліну славы», добрыя пажаданні і каштоўныя парады ад старэйшых калег-пісьменнікаў. Конкурс «Слова Купалы да творчасці кліча» ў чарговы раз дазволіў многім маладым таленавітым паэтам і празаікам праявіць сваю індывідуальнасць, удасканаліць творчыя навыкі і стаць на крок бліжэй на шляху ў свет «вялікай літаратуры».

Крыніца: Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна